Знайсці
24.06.2009 / 12:436РусŁacБел

«Калі людзі бачаць «Вызваленне Багдада», дык смяюцца»

Лос‑анжэлескі мастак Сандаў Бірк стварыў карціну, дужа падобную на вядомую кожнаму беларусу працу Валянціна Волкава. Карэспандэнт «НН» датэлефанаваўся мастаку ў Каліфорнію.

Дадаўшы трохі ўсходняга каларыту, перарабіўшы савецкіх салдатаў на амерыканскіх, а мінчукоў — на багдадцаў, дамаляваўшы на руінах графіці з Мікі Маўсам, Сандаў Бірк назваў свой манументальны твор «Вызваленне Багдада».

Бірк вядомы як постмадэрніст‑рымейкер. Большасць яго рэалістычных прац прысвечаныя сучаснаму жыццю: сацыяльная несправядлівасць, вулічны гвалт, турэмнае жыццё. Але натхненне ён чэрпае з карцін мінулых стагоддзяў: батальных сцэн і партрэтаў класічных мастакоў. Напрыклад, на стварэнне серыі прац пра сучасныя войны «Заганы вайны» яго натхнілі гравюры XVII стагоддзя «Пакуты вайны», аўтарства Жака Кало.

І вось яго правакацыйны пэндзаль дабраўся да беларускай тэматыкі.

«Я знайшоў працу Волкава ў кнізе пра савецкае рэалістычнае мастацтва ў лос‑анжэлескай бібліятэцы, — распавёў Сандаў Бірк карэспандэнту «НН». — Я не ведаў назвы гэтай ка¬рціны ні па‑расейску, ні па‑беларуску, але праца мне вельмі спадабалася. Яна зробленая ў выразным прапагандысцкім стылі, яна велічная, напоўненая рамантычнымі вобразамі. Да таго ж, мае складаную і вытанчаную кампазіцыю: з усмешлівым салдатам пасярэдзіне, які ўзняў вінтоўку. Гэта класічная трохкутная кампазіцыя».

Мастак кажа, што хацеў выкарыстаць прапагандысцкі стыль савецкага жывапісу, дзе ўсе выяўленыя людзі шчасліва ўсміхаюцца, каб даць сваю сатырычную перспектыву на вайну ў Іраку.

«Мая карціна — увасабленне таго, што абяцаў амерыканскаму народу Джордж Буш, калі нашае войска ўварвецца ў Ірак. Калі людзі на маіх выставах бачаць «Вызваленне Багдада», дык смяюцца, бо гэта яскрава сатырычны твор».

На пытанне, ці быў Бірк у Беларусі, мастак адказаў, што найблішэйшы да нас пункт, дзе яму давялося пабываць, — гэта Берлін. «Але ў сваіх працах я часта выкарыстоўваю напрацоўкі савецкіх мастакоў, — кажа Бірк. — Мне падабаецца, калі ёсць сувязь паміж зместам старой карціны і ідэяй, якую я жадаю перадаць у маім малюнку».

Дарэчы, хадзілі ўпартыя чуткі, што першая версія знакамітай карціны Волкава была намалявана ў 1942 годзе на замову тагачаснай адміністрацыі і адлюстроўвала... прыход у горад немцаў у 1941-м. Волкаў, як вядома, правёў акупацыю ў сталіцы Беларусі.

Павал Касцюкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930