Знайсці
24.06.2009 / 11:441РусŁacБел

«Новыя СМІ» — справа ўсенародная

Роля Ю-Тубу, Фэйсбуку і Флікеру ў іранскім паўстанні.

Інтэрнэт дазваляе кожнай хатняй гаспадыні расказаць, што пірог падгарэў, і пачуць ў адказ водгукі з усяго свету пра яе здольнасці да кулінарыі. Інтэрнэт становіцца таксама прыладай палітычнай агітацыі і сродкам атрымання інфармацыі з любой кропкі планеты, нават з дыктатарскіх краін. Пра ролю Ю-Тубу, Фэйсбуку і Флікеру ў іранскім паўстанні піша Настасся Шамрэй.

Для Ірана сусветнае павуцінне стала адзінай магчымасцю расказаць пра сябе свету. У той час, калі журналістам забаранілі працаваць на тэрыторыі Тэгерана, іранцы скарысталіся сваёй інтэрнэт‑магчымасцю напоўніцу. Facebook, Twitter, Youtube, Flickr і тысячы блогаў штодзень адлюстроўвалі навіны хваляванняў у Іране.

Што такое гэтыя «новыя медыі»? І як гэта было з Іранам?

Youtube

Youtube — гэта бясплатны анлайн‑рэсурс для працы з відэа, на якім можна размясціць ці праглядзець любы відэаматэрыял, запампаваны на сайт. Ю‑туб можа зрабіць вас папулярным імгненна. У гісторыю ўвайшло відэа з выступам 47‑гадовай Сьюзэн Бойл, якая праспявала на тэлешоу Britain’s Got Talent (аналаг расійскай «Хвіліны славы»). Па дадзеных фірмы Visible Measures, ролік прагля¬дзелі 85,2 мільёна разоў, прычым 20 мільёнаў — за першыя двое сутак.

Youtube апраўдвае прымаўку: лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. І насамрэч відэа, знятае на непрафесійныя камеры і тэлефоны, здзіўляе сваім кантэнтам (зместам). Іранскія падзеі ажываюць на вачах. Тысячы людзей на вуліцах Тэгерана пратэстуюць супраць вынікаў выбараў. Спецназаўцы‑басіджы б’юць людзей. Параненыя і забітыя дэманстранты буйным планам. А таксама выступы апазіцыйных лідэраў з прамовамі і заклікамі «не саступаць».

Там, дзе тэлебачанне не паказвае аб’ектыўнай інфармацыі, а журналісты не могуць працаваць, нішу запаўняюць відэааператары‑аматары. Больш за 50 ролікаў з іранскімі падзеямі, знятых найпрасцейшымі лічбавымі відэа‑ і фотакамерамі і нават мабільнікамі, трапілі на Ю‑туб, іх прагледзелі мільёны людзей, сотні адкаментавалі на розных мовах свету.

Flickr

Flickr — сервіс, прызначаны для захоўвання і наступнага выкарыстання сваіх лічбавых фота‑ і відэаролікаў. З’яўляецца адным з першых Web 2.0 cервісаў. Адзін з самых папулярных сайтаў сярод блогераў для размяшчэння фотаздымкаў. Яшчэ 4 лістапада 2008 г. на сервіс быў загружаны 3‑мільярдны малюнак.

Драматычныя фотаздымкі з пратэстаў на вуліцах Тэгерана можна знайсці па запыце «Iran» на старонках Флікеру. Аднак фотаздымкаў няшмат. З прычыны абмежавання хуткасцяў інтэрнэту ў Іране загрузка аднаго фота займае гадзіну. А доступ да некаторых сайтаў і ўвогуле заблакаваны. Таму выявы падзеяў у Тэгеране трэба па крупіцах шукаць на Флікеры, а таксама на падобным фотарэсурсе Picasa, фотаблогу Tehran24 ды сайце Report.com.

Мусім папярэдзіць: акрамя трафіку, фота з Ірана патрабуюць яшчэ і моцных нерваў. Бо немагчыма заставацца спакойным пасля прагляду выяваў забітай іранскай дзяўчыны ці параненых паўстанцаў.

Facebook

Facebook — вебсайт папулярнай сацыяльнай сеткі. Гэта тыпу шырока вядомых у Беларусі Вконтакте, але сусветны.

Сайт быў адкрыты 4 лютага 2004 г. Маркам Цукербергам. На працягу чатырох гадоў звычайны партал універсітэта стаўся любімым інтэрнэт‑адрасам для мільёнаў зарэгістраваных карыстальнікаў. У канцы снежня 2008 г. на сайце было зарэгістравана болей за 80 млн актыўных удзельнікаў, і колькасць падпісчыкаў увесь час расце.

Адлюстраванне іранскіх падзей у Фэйсбуку набыло своеасаблівы характар. Акрамя асобных груп па інтарэсах і абмеркаванні падзеяў, здымкаў і відэа, на старонках Фэйсбук праходзіць акцыя ў падтрымку іранскай апазіцыі. Некалькі соцень карыстальнікаў змянілі свае аватаркі (фотаздымкі) на зялёны колер, сімвал іранскага пратэсту.

Ёсць у Facebook — дэмакратыя — і група ў падтрымку прэзідэнта Ахмадзінеджада, якая хваліць афіцыйную палітыку краіны. У гэтым і ёсць адметнасць «новых» СМІ: кожны можа выказаць свае погляды, а таксама скантачыцца і са сваімі аднадумцамі, і з апанентамі.

Блогі

Блогі — гэта электронныя дзённікі. Адрозненне іх ад звычайных у тым, што блогі публічныя. Іншыя інтэрнэт‑карыстальнікі могуць распачаць палеміку з аўтарам. У беларускай блогасферы найбольшую папулярнасць мае Жывы Журнал — livejournal.com.

Блогеры адны з першых пачалі адлюстроўваць падзеі ў Тэгеране ледзь не пахвілінна. Простыя карыстальнікі інтэрнэту выкладалі на сваіх старонках невялікія паведамленні пра падзеі, што адбываліся на вуліцах горада, а таксама фота і відэа.

Пра падзеі пішуць сотні блогаў на англійскай і персідскай мовах, якія абнаўляюцца па меры сіл і ахвоты іх карыстальнікаў. Іх можна лёгка знайсці праз любы пошукавік. Аднак некаторыя з іх перыядычна не загружаюцца ці не абнаўляюцца, з прычыны таго, што іранскія ўлады ўвесь час спрабуюць заблакаваць сайты з інфармацыяй пра хваляванні ў Тэгеране.

Пра першых забітых людзей падчас іранскіх хваляванняў стала вядома ад звычайнай медсястры адной з бальніц. Дзяўчына на свае вочы пабачыла трупы і паведаміла пра гэта ў блогасферы.

Пацукі любяць цемру, кажа прымаўка. З распаўсюджаннем Інтэрнэту палітычным пацукам стала цяжэй выжываць.

Настасся Шамрэй

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930