Знайсці
14.05.2021 / 16:32РусŁacБел

Хто спыніць «Шахцёр» і верне інтрыгу ў чэмпіянат? Пытанні дзявятага тура вышэйшай лігі

«Наша Ніва» і Букмекерская кантора Марафон працягваюць назіраць за чэмпіянатам Беларусі па футболе.

У мінулым туры «Шахцёр» аказаўся мацнейшым за БАТЭ і павялічыў адрыў ад канкурэнтаў да сямі балаў. Усё вырашыла перавага ў выглядзе Дэмба Дарбо: салігорскі гамбіец з нічога стварыў гол-шэдэўр, які так і застаўся адзіным у матчы. 

Падобна, што сённяшні БАТЭ не здольны нароўні канкурыраваць з «Шахцёрам». Барысаўцы застаюцца аднымі з лідараў айчыннага футбола, але гэтага мала для таго, каб вярнуць тытул чэмпіёна. Застаецца чакаць, што салігорцаў спыніць прагматычнае мінскае «Дынама», якому параза БАТЭ дазволіла падняцца на другое месца. Сустрэча каманд Кучука і Грыгарчука адбудзецца ў дзясятым туры. Чакаць засталося нядоўга.

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

Сёлета паўтараецца турнірная сітуацыя 2018 года. Тады БАТЭ з Алегам Дулубам на чале таксама выдаў 8 перамог запар, у восьмым туры выйграўшы ў мінскага «Дынама», якое ішло другім. Пасля, праўда, барысаўцы пачалі губляць балы, што каштавала працы трэнеру, але ў выніку БАТЭ выйграла апошняе для сябе чэмпіёнства з 9-бальным адрывам. 

З астатніх матчаў восьмага тура адзначым першую перамогу «Нёмана», трэцюю запар нічыю брэсцкага «Дынама», а таксама прарыў «Віцебска», які за адну гульню забіў больш, чым за папярэднія сем матчаў і на пару з «Мінскам» выдаў звышгалявую нічыю-трылер.

Фота: ФК «Мінск»

  • «Смаргонь» — «Нёман» 0:2 (54, Зубовіч; 84, Джыгера)
  • «Гомель» — «Слуцк» 4:1 (6, Гомза; 46, А. Васільеў; 65, Пабудзей; 77, Ан. Салавей — 39 (п), Сасін)
  • «Рух» — «Спадарожнік» 2:0 (15, Садоўскі; 32, Пячэнін)
  • «Мінск» — «Віцебск» 3:3 (35, Шрамчанка; 67, Лопес; 80, К. Зіновіч — 23, 90+4, Жуліа Сэзар; 34, Дыега Сантас)
  • «Славія» — «Дынама-Брэст» 1:1 (90+3, Мельнікаў — 57, Беленькі)
  • «Энергетык-БДУ» — «Тарпеда-БелАЗ» 1:1 (22, Юдчыц — 20, Ойя)
  • «Іслач» — «Дынама-Мінск» 1:3 (5, Марозаў — 9, Мбенг; 37, Ложкін; 90+5, Давыскіба)
  •  «Шахцёр» — БАТЭ 1:0 (20, Дарбо)

Вяртаючыся да адной з тэм папярэднага анонсу, «Спадарожнікам» у матчы ў Брэсце кіраваў не Вячаслаў Ляўчук. Новым коўчам каманды з Рэчыцы стаў расійскі трэнер Віктар Кумыкоў, які раней пераважна працаваў у Казахстане і ва Узбекістане. Аднак у клубе ніяк не каментуюць трэнерскую ракіроўку.

А цяпер да матчаў дзявятага тура.

«Спадарожнік» — «Славія»

Гульня каманд з гарадоў Гомельшчыны адбудзецца ў Магілёве. Стадыён у Рэчыцы не гатовы да вышэйшай лігі, і невядома, ці згуляе наогул «Спадарожнік» у гэтым годзе на хатнім полі. Пра гэта прэс-служба клуба таксама не паведамляе.

Што тычыцца «Славіі», то каманда Марціновіча змагла вырваць нічыю ў кампенсаваны час гульні з брэсцкім «Дынама». Падобна, футбольная карма пачынае вяртаць даўгі за паразы ў першых турах, калі мазырчукі прапускалі ў канцоўках матчаў. 

«Дынама-Мінск» — «Смаргонь»

Мінскае «Дынама» ўжо другое ў табліцы. Каманда Кучука на старце чэмпіянату згубіла больш, чым магла сабе дазволіць, таму цяпер у «бела-сініх» права на памылку няма. Тым больш улічваючы фенаменальны ход «Шахцёра».

Гульцоў «Смаргоні» чакае важная падзея ў кар’еры — гульня на найвялікшым стадыёне краіны. На «Дынама» не хочацца ўдарыць у гразь тварам, але ў гасцей букмекеры не вераць зусім.

«Нёман» — «Шахцёр»

Антыкрызісная серыя «Нёмана» рызыкуе скончыцца на другім матчы, бо ў Гродна едзе чэмпіён краіны. Але не ўсё так проста: салігорцы з гарадзенцамі сёлета ўжо гулялі ў чвэрцьфінале кубка. І «Шахцёр» у Гродне якраз прайграў, прайшоўшы ў наступны раз толькі дзякуючы буйнейшай хатняй перамозе.

Летась жа абодва матчы ў чэмпіянаце скончыліся безгалявымі нічыімі, таму за «Нёман» будуць заўзець усе канкурэнты салігорцаў за чэмпіёнства.

«Віцебск» — «Энергетык-БДУ»

У суботу ў Віцебску сустрэнуцца каманды, ад якіх зімой чакалі большага. Але пакуль як ёсць: нават шэсць галоў у мінулым туры не пазбавілі «Віцебска» статусу самай невідовішчнай каманды лігі, а дзёрзкасць «студэнтаў» застаецца настальгічным успамінам.

Але, як паказаў матч на «Трактары», усё магчыма, таму не выключаем новых сенсацый.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Іслач»

Сезон «Тарпеда-БелАЗ» працягвае нагадваць амерыканскія горкі. Перамогу ў сёмым туры з найлепшымі паказчыкамі замацаваць не ўдалося — толькі нічыя ў матчы з «Энергетыкам». А лідары, тым часам, усё далей.

Найбліжэйшыя тыдні «ваўкі» будуць пражываць у рэжыме падрыхтоўкі да фіналу Кубка, трэнерскаму штабу важна захаваць канцэнтрацыю гульцоў і на матчы чэмпіянату. У «Іслачы», тым часам, яшчэ не было ніводнай нічыей: пароўну перамог і параз.

БАТЭ — «Рух»

У першым матчы сезона на «Барысаў-Арэне» да БАТЭ ў госці прыедзе каманда былога трэнера барысаўцаў. Хтосьці, магчыма, чакаў ад кар’еры Кірылы Альшэўскага ў «Руху» большага, але берасцейцы, якіх часцей крытыкуюць, чым хваляць, усяго на два балы адстаюць ад БАТЭ. Самі разумееце, да якіх турнірных ракіровак прывядзе перамога гасцей.

«Слуцк» — «Мінск»

Случчакі даволі добра гуляюць дома, але ў нядзелю «Слуцк» упершыню згуляе на хатнім натуральным газоне. І ці атрымаецца гэтак жа стабільна здабываць турнірныя балы, як і на сінтэтыцы?

У «Мінска» кадравыя праблемы і адсутнасць асноўнага брамніка пачала адбівацца на турнірным становішчы. У апошніх трох турах быў здабыты толькі адзін турнірны бал, а каманда прапусціла ажно восем мячоў. Таму нядзіўна, што шанцы «Слуцка» букмекеры ацэньваюць вышэй.

«Дынама-Брэст» — «Гомель»

Тур скончыцца ў нядзелю ў Брэсце, дзе сустрэнуцца дзве каманды, што сталі адкрыццём сезона. «Дынама», праўда, тры туры не можа выйграць, але берасцейцы на пару з «Шахцёрам» — адзіныя, хто не ведае параз у чэмпіянаце.

«Гомель» рыхтуецца да гульні ў Брэсце. Фота: ФК «Гомель»

У Брэсце «Дынама» выстаяла і супраць БАТЭ, і супраць мінскіх аднаклубнікаў. Таму «Гомель» чакае складаны, далёкі выезд, з якога вярнуцца нават з адным балам, мяркуем, будзе няблага.

Букмекерская кантора Марафон прапануе новым кліентам БОНУС 10 руб «Бяспройгрышная першая стаўка» па промакоду 10BYN пры рэгicтрацыi на сайце marathonbet.by.

Гэта выдатная магчымасць зрабіць прагляд матча любiмай каманды яшчэ больш захапляльным! Усе дэталі бонуснай прапановычытайце тут.

Марафонбет з'яўляецца найбуйнейшым букмекерам у Беларусі па колькасці кас (Ліцэнзія № 33120/171, выдадзеная МПЗ РБ) і прадстаўлены ў 21 горадзе краіны.

Спіс адрасоў кас

Піліп Каваленка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930