Знайсці
13.05.2021 / 15:26РусŁacБел

У Ізраілі ў выніку ракетнай атакі з сектара Газа загінула ўраджэнка Беларусі

У Ашкелоне загінула Нэлі Гурэвіч, якая пераехала ў Ізраіль шмат гадоў таму, піша Tut.by.

12 мая СМІ паведамілі, што ў выніку ракетнага абстрэлу палесцінскімі баевікамі горада Ашкелон, які знаходзіцца непадалёк ад мяжы з Сектарам Газа, загінула жанчына, а яе муж атрымаў раненні.

У мэрыі Ашкелона паведамілі, што загінулую звалі Нэлі Гурэвіч, а кватэра, у якой жыла сям'я, значна пацярпела ў час ракетнай атакі. Яе муж Рыгор, відаць, не атрымаў сур'ёзных раненняў — ён знаходзіцца ў гасцініцы і не хоча размаўляць з прэсай. Таксама ў мэрыі ўдакладнілі, што Нэлі Гурэвіч было 57 гадоў, сямейная пара рэпатрыявалася ў Ізраіль у 1990 годзе.

Журналіст газеты «Ізраіль сегодня» звязаўся з суседзямі сям'і, якія паведамілі, што пара была заўсёды з імі ветлая, але вяла даволі замкнёны лад жыцця, дзяцей у мужа і жонкі не было. Яны пацвердзілі, што яны прыехалі ў Ізраіль з Беларусі, аднак не ведаюць, адкуль менавіта. Таксама стала вядома, што сёння пройдзе пахаванне жанчыны.

Ганна Літроўнік, якая жыве ў Ізраілі, сябравала з Нэлі — для яе гібель сяброўкі стала сур'ёзнай стратай.

— Ведаю Нэлі як вельмі спагадлівага чалавека, яна заўсёды і ва ўсім імкнулася падтрымаць мяне і іншых людзей. Нас з ёй аб'ядноўвала цікавасць да музыкі, абедзве калісьці скончылі музвучылішча. Для мяне было шокам даведацца, што яна загінула, мне будзе яе не хапаць… — распавяла жанчына.

У пасольстве Беларусі ў Ізраілі распавялі, што загінулая, па ўсёй бачнасці, не была грамадзянкай нашай краіны, аднак адзначылі, што не могуць адназначна гэтага сцвярджаць: тэарэтычна, чалавек можа не ўставаць на консульскі ўлік і жыць у Ізраілі, а дыппрадстаўніцтва можа не мець пра яго ніякіх звестак.

— Такой грамадзянкі ў нас на консульствам ўліку няма і інфармацыі ў нас пра яе таксама няма. Мы звязаліся з ізраільскім Інтэрполам - паводле іх аператыўнай інфармацыі, з моманту абвастрэння сітуацыі сярод загінулых грамадзян Беларусі няма.

Чытайце таксама: Вайна паміж Ізраілем і ХАМАС: бакі выпусцілі сотні ракет, а колькасць ахвяр расце

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера