Знайсці
12.05.2021 / 10:43РусŁacБел

«На мяне завялі крыміналку па звароце рэктара». Студэнт БДУІР Вінакураў збег у Літву, не чакаючы хіміі

Экс-студэнт БДУІР Арцём Вінакураў абвінавачваўся ў тым, што 26 кастрычніка заходзіў у аўдыторыі, заклікаў да страйку і сарваў заняткі (паспрачаўся з дэканам). 29 студзеня Арцёма прысудзілі да трох гадоў «хіміі» і вызвалілі ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе, піша Dev.by.

У інтэрв'ю для тэлеграм-канала «мірны БДУІР» Арцём распавёў, што яшчэ месяц таму яму ўдалося выехаць з краіны ў Літву. А крымінальную справу супраць яго распачалі пасля дадатковай праверкі, якую папрасіў правесці асабіста рэктар БДУІР Вадзім Богуш.

Сёння малады чалавек знаходзіцца ў Літве. Мяжу перасякаў «па палях, па лясах»:

— Калі перайшоў мяжу, мяне амаль адразу сустрэлі літоўскія памежнікі — з разуменнем і без напружання. Я ў іх такі перабежчык, мяркуючы па ўсім, быў не першы і не апошні. Апыталі мяне, далі ежу і часовае жыллё, — кажа Арцём.

І ўдакладняе, што рашэнне з'язджаць прыняў, як толькі пачуў прысуд. Кажа, лепш працягваць дзейнасць з-за мяжы, неяк дапамагаць страйкаму і беларускаму руху, чым сядзець на «хіміі». Больш за тое, хлопец упэўнены, што яму хутка б замянілі «хімію» на больш строгае пакаранне:

— Калі прысуджаюць «хімію», цябе накіроўваюць у спецкамендатуру. Яна знаходзіцца альбо ў горадзе, альбо ў пасёлку ці вёсцы. Магчыма нават у лесе. І ты адбываеш пакаранне там. Гэта лягчэй, чым у лагеры — ёсць абмежаваная, але магчымасць выходзіць у горад (калі горад побач ёсць). Як мага часцей тэлефанаваць родным. Але я быў упэўнены, што як толькі прыеду на хімію, мне «дадуць» тры парушэнні — за тое, што не пагаліўся, не па форме апрануты, з'явіўся пазней адбою — што заўгодна. І калі чалавек атрымлівае тры парушэнні, яго ў два прыёмы адпраўляюць у лагер. Думаю, што так і здарылася б, — кажа ён.

Распавёў Арцём і пра падрабязнасці свайго затрымання. На наступны дзень пасля яго сваркі з дэканам ФІТУ Леанідам Шыліным, у кватэру, дзе Арцём жыў з бацькамі, патэлефанавалі. Гэта былі супрацоўнікі міліцыі, якія прапанавалі «праехаць на размову». На пытанне маці Арцёма, ці надоўга, адказалі, што на пару гадзін.

— Я праехаў з імі ў Савецкі РУУС, дзе мне выставілі абвінавачванне па арт 23.34 і 23.4. Другое мяне асабліва здзівіла, бо гэта «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка праваахоўных органаў». Як аказалася, падчас затрымання я «супраціўляўся, хапаўся за форменнае абмундзіраванне і ўсяляк супрацівіўся законным патрабаванням» доблесных супрацоўнікаў. Вось толькі на маім пад'ездзе стаіць камера відэаназірання і мама з балкона здымала ўсё, што адбывалася на вуліцы да моманту пасадкі мяне ў машыну, — кажа Вінакураў.

— Мяне апыталі і пасадзілі ў так званы адстойнік. Меркаваў, што [буду сядзець там] да перавозкі на Акрэсціна.

Але ўвечары адчыніліся дзверы камеры і мне перадалі паперу аб узбуджэнні ў дачыненні да мяне крымінальнай справы па выніках праверкі, якую правялі па звароце рэктара БДУІР Богуша Вадзіма Анатольевіча.

Крымінальная справа была заведзена па арт. 342 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Па заяве МУС, мяне спачатку абвінавачвалі ў тым, што я нагрубіў дэкану Шыліну. Пасля, што я сарваў пару. І ўсё гэта абгарнулі ў слізкі выраз «грубае парушэнне грамадскага парадку». Суд у мяне быў паводле артыкулаў 23.34 і 23.4, дзе 23.4 адправілі на дапрацоўку, а 23.34 закрылі, бо перакваліфікавалі ў крымінальную справу, — кажа экс-студэнт БДУІР.

І ўдакладняе, што на наступны дзень пасля адміністрацыйнага суда яго перавезлі ў Жодзіна, дзе ён і прабыў большую частку часу ў няволі. «Дзесьці за два тыдні да суда» яго этапавалі на Валадарку (у СІЗА №1). Адтуль хлопец і выйшаў пасля прысуду.

Арцём кажа, што на дэкана Шыліна ён крыўды не трымае, а вось да рэктара засталіся пытанні:

— Думаю, на Шыліна я ніякай крыўды не трымаю, але з адміністрацыяй універсітэта і ў прыватнасці з рэктарам БДУІР у нас засталіся няскончаныя пытанні, якія я хацеў бы растлумачыць. Адносна ўзбуджэння крымінальнай справы. Вось пра гэта я б вельмі хацеў даведацца, як ён да такога дайшоў і што яго на гэта падштурхнула, — кажа Вінакураў.

Цяпер Арцём знаходзіцца ў бяспецы. Інтэрв'ю з ім тэлеграм-канал «мірны БДУІР» прымеркаваў да суда над палітвязнямі студэнтамі і выкладчыцай БДУІР Вольгай Філатчанкавай, які пачнецца 14 мая ў судзе Кастрычніцкага раёна Менска а 10:30.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930