Знайсці
11.05.2021 / 09:38РусŁacБел

«Плакаў, калі судзілі пенсіянераў і святара». Гутарка з гамельчуком, які напісаў палітзняволеным 1200 лістоў і наведаў каля сотні судоў

Ілля Міронаў — не сваяк чалавека-мема Сяргея «хлопотное дельце», але ў родным Гомелі ён не менш вядомы і ва ўсю моц займаецца валанцёрствам. Уявіце сабе: з верасня ён напісаў палітвязням больш 1200 лістоў, наведаў не менш за сотню судоў, штодзень дапамагае сваякам асуджаных. І на ўсё гэта пайшоў добраахвотна, кінуўшы добрую працу ў Польшчы, каб дапамагаць беларусам.

Ілля Міронаў.

«Наша Ніва» пазнаёмілася з біяграфіяй актывіста бліжэй.

— Вы сам з Гомеля?

— Так, я ў Гомелі нарадзіўся, хаця маці з Комі, а тата — з сённяшняга Ніжняга Ноўгарада. Па размеркаванні яны трапілі ў Рэчыцу на прадпрыемства па здабычы нафты, там нарадзіўся мой старэйшы брат. А пасля бацькі атрымалі кватэру ў Гомелі.

Бацька доўгі час быў вымушаны ездзіць працаваць на поўнач Расіі: месяц на працы, месяц — дома адсыпаўся. Я мала яго бачыў, але менавіта дзякуючы яму ў нас былі і кружэлкі, і касеты, і камп’ютар рана з’явіўся, недзе ў першым класе.

А яшчэ ён быў вельмі музыкальным: умеў граць на гітары, саксафоне і баяне, браў удзел у розных ансамблях, з якімі яны выступалі на вяселлях і пахаваннях. Выконвалі класіку: The Animals, The Beatles. Можна сказаць, яго цікаўнасць да рок-музыкі перадалася спачатку брату, а пасля і мне. На жаль, праз цяжкія ўмовы на працы ён рана памёр: у 56 год ад інсульта.

Ілля з бацькам у дзяцінстве.

— А цікаўнасць да беларускай гісторыі адкуль з’явілася? 

— Таксама ад брата. Яму выпісвалі шмат беларускамоўных часопісаў і газет, якія я таксама чытаў. Дагэтуль памятаю, як у адным быў постар з бел-чырвона-белым сцягам. Дома ў нас таксама стаяла шмат беларускіх кніжак — ад гісторыі Ігнатоўскага да прозы Арлова. Я ўсё перачытваў. А ў пэўны момант брат пачаў слухаць не толькі замежную класіку, але і беларускія гурты — «Палац», Ulis, N.R.M. Ну, і я зноў разам з ім.

— Пасля вы ж нават самі канцэрты арганізоўвалі на радзіме… 

— Так, у Гомелі ў нулявыя быў бум на стварэнне гуртоў. Толькі я ведаў каля 200 мясцовых бэндаў. Гралі ўсё: пачынаючы ад панка заканчваючы блэк-металам. Было шмат канцэртаў, фестываляў. Дагэтуль «жывыя» з той старой школы Gods Tower. А на змену ТТ-34 прыйшоў вельмі блізкі ім па духу гурт TORF.

Пасля працэс пайшоў на спад, і гэта стала адной з прычын, чаму я з’ехаў працаваць у Расію, а пасля ў Польшчу: мне хацелася насычанага канцэртнага жыцця. Акрамя таго, прыйшлося ліквідаваць нашу з бацькам кампанію, якую мы адкрылі пасля таго, як я скончыў універ: мы з ім займаліся аптымізацыяй працэсаў у сельскай гаспадарцы. Напрыклад, працавалі з абсталяваннем для прамыўкі дойнага апарата. Я адказваў за эканамічны бок, тата — за тэхнічны.

Фота афішы канцэрта ў Гомелі.

— У Польшчы, дзе вы працавалі на складзе, у вас быў неблагі заробак. Чаму ў адзін момант вы ўсё кінулі і прыехалі ў Беларусь, каб хадзіць на суды і дапамагаць сем’ям палітвязняў? 

— Ведаеце, я не быў, так бы мовіць, у палітыцы, з 2011 года — калі пасля «маўклівых» акцый мяне некалькі разоў затрымлівалі. 10 сутак я тады адбыў у адзіночнай камеры (гэта, дарэчы, жудасна: на пяты дзень без людзей у мяне пачало зносіць дах, ратаваўся толькі спевамі). Да гэтага я прымаў удзел ва ўсялякіх валанцёрскіх варушняках — ратаваў экалогію і бяздомных жывёл. Але пасля 2011 года канчаткова расчараваўся у беларускіх выбарах, якія ў нас насамрэч усяго толькі перавыбары.

З маімі бацькамі гэта, дарэчы, адбылося раней.

Сваякі яшчэ ў 1990-я казалі, што калі Лукашэнка прыйдзе да ўлады, то будзе жах. Усе былі ўпэўненыя, што ў 1994-м пераможа Шушкевіч. А пасля маці на свае вочы рэферэндум-1996, які пашыраў паўнамоцтвы прэзідэнта, і ў нашай сям’і пачалася працяглая палітычная дэпрэсія.

Здаецца, нешта падобнае адчувалі апошнія гады ўсе. Гомель спаў, калі не лічыць маршаў «недармаедаў» у 2017 годзе. А ў 2020-м я кожны вечар уключаў са сваімі суседзямі па катэджы навіны на «Белсаце» і бачыў, што перадвыбарчая кампанія ідзе інакш. А калі 29 мая на пікеце па зборы подпісаў пасля правакацыі затрымалі Сяргея Ціханоўскага, я адчуў, што не магу больш сачыць за падзямі з-за мяжы і чакаў першай магчымасці вярнуцца ў Беларусь.

Дарэчы, украінцы мне ўвесь час даводзілі, што ў Беларусі парадак і стабільнасць. Толькі калі паказаў ім тыя кадры з затрыманнем Ціханоўскага: маўляў, вось афіцыйны пікет, а людзей хапаюць, — яны нешта зразумелі.

— У вас была нейкая мэта, дзеля якой вы сарваліся? Ці маглі вы тады падумаць, які размах рэпрэсій чакае грамадства наперадзе?

— Гэта быў нейкі парыў: я проста асэнсаваў, што ў гэты час павінен быць дома.

Для сябе ўжо недзе з чэрвеня, калі на акцыі салідарнасці з затрыманымі апазіцыйнымі палітыкамі і ўдзельнікамі выбарчай кампаніі, у Гомелі жорстка разагналі людзей (тады яшчэ інвалідаў па слыху схапілі ў нас), я зразумеў, што далей будзе поўная жэсць і толькі горш. Ілюзій у мяне не было, але пасля майго досведу затрыманняў у 2011 годзе было нястрашна. 

— Нават калі да вас з маці 16 лютага прыйшлі з ператрусам, як і да дзясяткаў іншых валанцёраў, журналістаў і праваабаронцаў па ўсёй краіне?

— Скажам так, для маці тое, што ў яе доме амаль выносяць дзверы у 6:50 раніцы, было незвычайным. Але пасля мы сядзелі і жартавалі, пакуль у нас канфіскоўвалі тэхніку, банкаўскія карткі і лісты, што мне дасылалі палітвязні. Мы людзі сумленныя, хаваць нам няма чаго. Хаця і праваабарончаму цэнтру «Вясна» не было чаго хаваць…

Проста на той момант мы ўжо бачылі дастаткова куды больш жорсткіх рэчаў у нашай краіне. Сесці мне таксама нястрашна: там шмат нашых. Хоць, канечне, мяне ўсяляк спрабуюць запужаць. Няраз затрымлівалі проста так, на вуліцы, каб «паразмаўляць». Проста казалі, што лепш было б, каб я вярнуўся назад у Польшчу.

Апошні раз мяне проста забралі ў бусік на плошчы Леніна на Дзень Волі: амапаўцы пакаталі па горадзе і высадзілі. Трапляў я і ў базу так званых правакатараў і на лістоўкі «здраднікаў» радзімы, што развешвалі па горадзе.

— Як вы ўвогуле так шчыльна ўліліся ў валанцёрства?

— Калі я яшчэ не быў у складзе нашага так званага «Гомельскага валанцёрскага дзвіжу», адбыў першыя трое сутак да суда за тое, што прыйшоў падтрымаць сяброў, якія хацелі баставаць на «Гомсельмашы». Прыйшоў туды са сцягам, а яго выхапіла адна з жанчын і пачала таптаць. Я спрабаваў сцяг адабраць — у выніку мяне затрымалі і прысудзілі 20 базавых. Рабочых, дарэчы, тады нават не выпусцілі з цэхаў.

На маю маці адразу выйшлі валанцёры, гатовыя дапамагчы і рэчамі, і ежай, але яна сціпла адмовілася. Калі я выйшаў на волю, то хацеў усё адно падзякаваць гэтым людзям, і ў выніку стаў адным з іх.

— Думаю, ваша маці не вельмі радавалася, што сын вярнуўся з Польшчы і зноў пачалося: суды, суткі, ператрусы…

— Як і любая маці, яна моцна перажывае за мяне, хоць і падтрымлівае маю грамадзянскую пазіцыю. Бо гэта і яе пазіцыя таксама. Спачатку мама спрабавала мяне спыніць: «Навошта лезці, не трэба, гэта небяспечна…».

Але пасля таго, як мне прысудзілі 10 сутак за фота з плакатам «Ты не наш бацька!», маці ў зале суда сказала: «Калі сына пасадзілі, я выйду за яго».

Ëй 70 год, і яна класны актыўны прыклад: чытае навіны, карыстаецца фэйсбукам.

Сям'я Міронавых.

— Вы наведваеце ледзь не ўсе адкрытыя судовыя працэсы ў Гомелі, напісалі ўжо 1200 лістоў, пішаце скаргі на прапагандыстаў з СТБ і на тое, што на суды не пускаюць незалежных журналістаў і праваабаронцаў… Колькі часу ў вас на ўсё гэта сыходзіць? І грошай.

— Увесь час сыходзіць. Застаецца толькі паесці і паспаць. Сплю па 5-6 гадзін. Шкадую часам, што не маю такой суперсілы, каб бываць у розных кропках горада адначасова. На камуналку і ежу грошай хапае — тут мяне падтрымлівае маці. З канвертамі і паштоўкамі дапамагаюць сумленныя людзі. А прадукты і рэчы мы таксама прымаем ад добрых людзей цяпер у чыстым выглядзе.

Грошы я актыўна збіраў у асноўным у верасні, калі затрымлівалі адразу па 50-60 чалавек: так было прасцей. Але цяпер буду вымушаны сплаціць з тых паступленняў на картку 13%, падатковая палічыла гэта маім прыбыткам.

У Дзень Ілля стараецца адпраўляць каля 10 лістоў.

У мяне былі спробы ўладкавацца на працу ў Гомелі, але пакуль безвынікова. Відаць, актывісты ў нейкіх чорных спісах, ніхто не хоча мець праз нас праблемы. У першую чаргу таму многія мясцовыя з’язджаюць: людзям трэба зарабляць грошы на жыццё. І гэта праблема: толькі сярод тых, каго я ведаю, з верасня Гомель пакінула каля 30 чалавек. 

— Якія апошнія справы ў беларускім судзе вам падаюцца самымі абсурднымі?

— Ды хаця б штраф за бел-чырвона-белыя шкарпэткі!

У мяне, дарэчы, з адзеннем таксама была абсурдная гісторыя: на мяне завялі адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмізму — за фотаздымак, на якім я быў у футболцы гурта «Княzz» з чэрапам і косткамі. У пратаколе напісалі, што гэта эмблема трэцяй дывізіі СС. Справу адправілі на дапрацоўку і пасля закрылі. Праўда, даведаўся я пра гэта толькі калі напісаў скаргу ў гарадскую пракуратуру з просьбай разабрацца, што там з маёй экстрэмісцкай футболкай.

— Многія валанцёры максімальна шыфруюцца, а вы навідавоку. Гэта мэтанакіравана абраны стыль паводзін?

— У асноўным, хаваюцца тыя, у каго ёсць дзеці, сем’і. Ім увогуле лёгка пагражаць: паставіць сацыяльна небяспечнае становішча дастаткова. У мяне ж сям’і няма. Ды і не бачу сэнсу шыфравацца: яшчэ з перыяду арганізацыі канцэртаў мяне шмат хто ў горадзе ведаў. 

Я спецыяльна раблю ўсё максімальна адкрыта, падрабязна расказваю пра ўсе свае крокі. Але не каб пакрасавацца. Проста каб іншыя бачылі прыклад, як можна падтрымліваць тых, каму патрэбная дапамога.

— Каму пісаць лісты цяжэй за ўсё? Ëсць у вас тут нейкія парады — з чаго пачаць ліставанне з незнаёмцам?

— Я пішу ўсім, нават тым, хто суткі атрымлівае. Абавязкова перад днём народзінаў дасылаю паштоўкі (для гэтага ў мяне ўжо ёсць зарыхтовачкі). У дзень стабільна адпраўляецца 10-15 лістоў са словамі падтрымкі, чыстымі лістамі, пустым канвертам і роспытамі, чым магу дапамагчы (вось Алесь Пушкін прасіў фламастары новыя, дык думаю, яму там ужо цэлую скрыню дашлюць). 

Цяжка, калі ўжо завязваецца дыялог, чалавек пра навіны распытвае, а страшна напісаць нешта не тое, што цэнзура не прапусціць, не хочацца нікому нашкодзіць. Але адказаў мала: на 1200 лістоў прыйшло каля 100. З Валадаркі зусім нічога не вяртаецца, лепш за ўсё справы з гарадзенскай турмой.

У асноўным адказы ад палітвязняў маральна падтрымліваюць, яны вельмі энергетычныя: людзі за кратамі моцныя апынуліся. Ганарышся імі. Але ёсць лісты, ад якіх я плачу. Апошні такі быў ад Сяргея Верашчагіна, якога асудзілі на пяць год калоніі нібыта за гвалт у дачыненні да міліцыянера. Абвінавацілі, што нібыта з акна сваёй кватэры ён крычаў на супрацоўнікаў міліцыі, кідаў бутэлькі ў іх. Проста дома яго і затрымалі, моцна збілі. Вельмі сумная гісторыя: Сяргей піша, што ў яго ў турме моцна пагоршылася здароўе, садзіцца зрок.

— Вы ўвогуле часта плачаце?

— Апошнім часам — так. Асабліва на судах, калі пенсіянераў нашых судзілі. Ці гомельскага святара Уладзіміра, якога першы раз адправілі на суткі ў жніўні за ліст А4 з надпісам «Спыніце гвалт». У выніку ён 25 сутак адседзеў. 

Мабыць, прыдзецца звярнуцца да псіхолага, каб з такім графікам не адбылося выгарання ад актывізму. Бо ўжо ёсць тыя ж праблемы са сном.

— Што вас прымусіць з’ехаць з краіны?

— З’ехаць зусім? Нішто. Я магу ад’ехаць на нейкі час, каб падзарабіць грошай, калі ўсё ж не знайду тут працу, але каб вярнуцца зноў.

Кажуць, што наша грамадства памяркоўнае, на яго ціснуць, і мы ўжо з усім змірыліся за восем месяцаў. Але я ўпэўнены, што мы не здаліся. Людзі працуюць, бо трэба на нешта жыць. Але па той жа салідарнасці, падтрымцы асуджаных бачна, што барацьба ў нас жыве.

Я веру ў перамогу. Праўда, не ведаю, колькі часу для яе спатрэбіцца. Спадзяюся, у бліжэйшы час усё адбудзецца. Галоўнае, не даць нас рассварыць і раздзяліць на левых і правых. Салідарнасць і не кідаць сваіх — наша галоўная зброя.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў героя

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера