Знайсці
09.05.2021 / 12:25РусŁacБел

Apple і Amazon ствараюць сусветныя бяздротавыя сеткі, якія будуць раздаваць інтэрнэт нетрадыцыйным спосабам. Вось як гэта будзе працаваць

Людзі змогуць абыходзіць традыцыйныя метады падключэння да інтэрнэту.

Фота Pixabay.

Што зрабіць сусветнаму тэхналагічнаму гіганту, які хоча падлучыць да сеткі мільярды сваіх прылад, але не жадае аддаваць вялізныя грошы на супрацоўніцтва з аператарамі сувязі ці кабельнымі кампаніямі? Amazon і Apple вырашылі ўсталёўваць сістэмы бяздротавых сетак у прылады, якія набылі іх кліенты, каб абысці традыцыйныя метады падключэння да інтэрнэту.

Гэтыя кампаніі навучыліся ператвараць прылады, якімі мы карыстаемся штодня, у эквівалент невялікіх вышак сотавай сувязі або партатыўных пунктаў Wi-Fi, здатных падключаць іншыя гаджэты да інтэрнэту. Прадукты ад Amazon і Apple дапамагаюць чужым гаджэтам мець доступ да сеткі, пра што вы можаце і не ведаць, піша The Wall Street Journal.

Нядаўна кампанія Amazon паведаміла, што будзе пашыраць сваю бесправадную сетку Sidewalk, якая падлучыць усе прылады Echo, што выйшлі пасля 2018 года. Sidewalk была распрацаваная для таго, каб дапоўніць сеткі Wi-Fi і павысіць якасць бесправадной сувязі.

А яшчэ раней Apple выпусціла AirTag для пошуку згубленых прадметаў. Гэта прылада выкарыстоўвае сетку Find My. Праз яе AirTag і дасылае сігнал, які прымае айфон, айпад ці макбук.

Гэта значыць, што цяпер можна выкарыстоўваць падлучэнне да інтэрнэту, якое забяспечваюць безліч прылад, што належаць іншым людзям.

Карыстальнікі могуць адмовіцца ад такіх сістэм, але тэхналагічныя гіганты робяць стаўку на тое, што людзі гэтага рабіць не будуць дзякуючы перавагам, якія забяспечваюць новыя сеткі — ад пошуку згубленых прадметаў, дамашніх жывёл і нават людзей да кантролю над разумнымі замкамі і сістэмамі бяспекі.

Калі б мы маглі бачыць, як працуе AirTag, то гэта выглядала б як мілісекундныя ўспышкі кожныя некалькі хвілін, якія намагаюцца знайсці прылады ад Apple ў радыусе каля дзевяці метраў.

Гэтыя сполахі і забяспечваюць пошук згубленых прадметаў. Напрыклад, калі вы падчас адпачынку ў чужой краіне згубілі ключы, то многія незнаёмыя айфоны, якія апынаюцца побач з ключамі, будуць абменьвацца невялікай колькасцю зашыфраваных звестак з AirTag. І нават калі вы ўжо будзеце ў іншай краіне, гэтыя звесткі трапяць да вас.

Калі тэлефон перадае і атрымлівае звесткі па сотавай сетцы, ён можа выкарыстоўваць да вата магутнасці, у той час як для перадачы па Bluetooth патрабуецца ўсяго адна сотая вата. Гэта адна з галоўных пераваг сеткі Find My.

Сетка Sidewalk ад Amazon працуе інакш. Sidewalk бярэ невялікую частку хатняй сеткі Wi-Fi і пераўтварае гэтую частку ў сігнал Bluetooth Low Energy (BLE) або радыёсігнал. Гэтыя сігналы не такія магутныя, як Wi-Fi, і не могуць перадаваць шмат звестак, але асноўныя функцыі на разумных прыладах будуць працаваць.

BLE і радыёсігналы распаўсюджваюцца далей, чым сігналы Wi-Fi, у выніку чаго яны могуць злучацца з іншымі гаджэтамі Amazon, што знаходзяцца ў вашым раёне. Калі падлучаюцца некалькі гаджэтаў, то ствараецца сетка з нізкай прапускной здольнасцю. Чым больш гаджэтаў падлучана, тым мацней становіцца сетка Sidewalk.

Дзякуючы Sidewalk прылады Amazon будуць працаваць па-за межамі хатняй сеткі Wi-Fi. Больш за тое, калі Wi-Fi адключыцца, Sidewalk усё роўна будзе працаваць.

На аснове Sidewalk працуе бранзалет CareBand, дзякуючы якому можна адсочваць месца знаходжання людзей са стратай памяці. У той жа час людзям не прыйдзецца плаціць за сотавую сувязь, каб выкарыстоўваць прылады накшталт CareBand.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930