Знайсці
06.05.2021 / 14:47РусŁacБел

Крыніцы: Украінскія кампаніі адмаўляюцца ад бітуму з Наваполацка

Як стала вядома «Нашай Ніве», буйныя ўкраінскія пакупнікі бітуму паставілі на паўзу адносіны з наваполацкім «Нафтанам» і чакаюць 3 чэрвеня, каб зразумець дакладны механізм работы амерыканскіх санкцый і пралічыць магчымыя дзеянні. 

Задума ўкраінскіх бізнэсменаў была ў тым, каб заплаціць «Нафтану» больш грошай наперад, яшчэ перад пачаткам дзеяння санкцый, а потым вывозіць бітум паводле ранейшых дамоваў. Аднак упёрліся ўкраінскія банкі, якія не хочуць рабіць транзакцыі на рахункі беларускага прадпрыемства, баючыся таксама трапіць пад абмежаванні.

«Цяпер вядзецца, фактычна, пошук банка, які не пабаіцца пераводзіць грошы. Але пакуль ён безвыніковы, бо ніхто не хоча рызыкаваць», — тлумачаць удзельнікі рынку. 

Незразумела, ці можна будзе пастаўляць бітум з Наваполацка пад выглядам прадукцыі з Мазыра, таму што ў такой схеме маюць быць задзейнічаны многія структуры — ад лабараторый да мытні. А калі такая схема выкрыецца, наступствы могуць быць непрадказальныя для ўсіх яе ўдзельнікаў. 

Чытайце: Спыненне паставак нафты з Расіі ставіць пад удар усю эканамічную мадэль Беларусі. Што адбываецца на «Нафтане»?

Амерыканскія санкцыі супраць «Нафтана» пагражаюць сарваць планы беларусаў зарабіць летам на вялікім і прэміяльным украінскім рынку: яшчэ нядаўна Украіна рыхтавалася да вайны, замарозіўшы інфраструктурныя праекты, але цяпер яны размарожаныя.

Наступае высокі сезон для будоўлі дарог і нерухомасці, патрэбы ў бітуме велізарныя. 

З улікам таго, што пастаўкі нафтапрадуктаў з Расіі ва Украіну забароненыя, усе вяршкі ў апошнія гады здымалі беларускія кампаніі, як правіла, прыдзяржаўныя. У найлепшыя часы Беларусь прадавала бітум ва Украіну за 460 даляраў за тону, у той час як у Расіі ён каштаваў 220 даляраў за тону. Летась Беларусь прадала ва Украіну 583 тысячы тон бітуму, з іх 410 тысяч тон было пастаўлена з Мазырскага НПЗ, 173 тысяч тон — з Наваполацка.

Ва ўмовах фактычнага спынення паставак расійскай нафты ў Наваполацк бачыцца малаімаверным задавальненне адным заводам усяго ўкраінскага попыту. Рынак, дзе дамінавалі беларусы, рызыкуе быць перадзеленым паміж еўрапейскімі гульцамі з больш дарагой прадукцыяй. 

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера