Знайсці
05.05.2021 / 13:16РусŁacБел

Афіцыйны прадстаўнік Еўрасаюза патлумачыў, чаму не прынялі чацвёрты пакет санкцый

Чацвёрты пакет санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў будзе прыняты «найбліжэйшым часам». Чаму яго не падрыхтавалі да 10 мая, як планавалася раней, Tut.by спытаў у афіцыйнага прадстаўніка ЕС, прэс-сакратара Еўрапейскай службы замежных дзеянняў Петэра Стана.

Напярэдадні стала вядома, што прыняцце чацвёртага пакета санкцый супраць Беларусі адкладаецца да чэрвеня, хоць раней гаворка ішла пра 10 мая. Прычына, як пісалі СМІ, у тым, што пакет дакументаў проста не паспелі падрыхтаваць.

Петэр Стана тлумачыць, чаму не паспелі — паміж краінамі-чальцамі ЕС ідуць дыскусіі наконт таго, хто з персаналій павінен быць у санкцыйным спісе і наколькі санкцыі павінны быць маштабнымі. Праца яшчэ працягваецца, і, па словах Стана, няма пэўнага тэрміну, да якога санкцыі павінны быць прыняты і абвешчаныя.

— Дазвольце мне, перш за ўсё, падкрэсліць, што ЕС цвёрда стаіць на баку народа Беларусі. Менавіта таму мы не мірымся з працяглымі рэпрэсіямі і парушэннямі асноўных свабод і правоў чалавека грамадзян краіны. Санкцыі будуць падрыхтаваны і канчаткова зацверджаны пасля таго, як завершацца дыскусіі паміж краінамі-членамі ЕС, і ўсе краіны-члены пагодзяцца з іх маштабам і ўсімі, хто павінен быць падвергнуты санкцыям, а таксама пасля завяршэння ўсіх неабходных працэдур. Гэта працэс, які не мае загадзя вызначанай даты і заўсёды займае некаторы час, паколькі ўсе спісы (роўна рашэнні аб санкцыях у дачыненні да канкрэтных людзей або арганізацый) павінны мець надзейнае юрыдычнае абгрунтаванне, падмацаванае адпаведнымі доказамі, і аднагалосную згоду па іх усіх 27 дзяржаў-членаў ЕС. Мы спадзяёмся, што гэты працэс будзе завершаны ў найбліжэйшы час, — сказаў Петэр Стана.

У той жа час Еўрасаюз, як падкрэсліў яго прадстаўнік, заклікае ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіі, якія яшчэ працягваюцца, і ўключыцца ў інклюзіўны агульнанацыянальны дыялог для пошуку выхаду з бягучага крызісу, каб правы народа былі выкананыя, а яго голас і выбар адносна кіраўніцтва краінай былі пачутыя.

З кастрычніка 2020 года ЕС увёў ужо тры пакеты санкцый.

У першым, які быў прыняты 2 кастрычніка, значыліся 40 беларускіх афіцыйных асоб — сілавікоў (прадстаўнікоў МУС і КДБ) і сябраў ЦВК, у дачыненні да якіх былі ўведзеныя персанальныя абмежаванні.

Другі пакет санкцый быў прыняты 6 лістапада: Еўрасаюз увёў абмежаванні ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і 14 высакапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку памочніка прэзідэнта Віктара Лукашэнкі, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сяргеенкі, кіраўніка КДБ Івана Церцеля, начальніка Следчага камітэта Івана Наскевіча, кіраўніка ААЦ Андрэя Паўлючэнкі, прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант і іншых.

17 снежня Еўрасаюз прыняў трэці пакет санкцый. У спіс увайшлі 29 фізічных і сем юрыдычных асоб, у тым ліку ААТ «140-ы рамонтны завод», ААТ «Агат — электрамеханічны завод», ААТ МЗКЦ, ЗАТ «Белтэхэкспарт», Дзяржаўная ўстанова «Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне», Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, Dana Holdings і ТАА «Сінезіс».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930