Знайсці
04.05.2021 / 09:14РусŁacБел

У мінскай прамзоне гніе «ё-мабіль», на якім ездзіў Пуцін

Фатаграфіі гэтых аўтамабіляў карэспандэнт Tut.by зрабіў на службовай стаянцы аднаго з вытворчых цэхаў у раёне прамзоны ў сталічнай Дражні. Гэта прататыпы некалі гучнага праекту «Ё-мабіль», які прасоўваў расійскі мільярдэр Міхаіл Прохараў.

Усяго выявілі дзевяць «ё-мабіляў». 

Праект народнага «ё-мабіля» грымеў у Расіі ў 2011-2014 гадах. Фанаты і скептыкі сыходзіліся ў адным: такіх дзёрзкіх аўтамабільных ідэй на постсавецкай прасторы яшчэ не было. Паводле задумкі, інавацыйны гібрыдны аўтамабіль з ротарна-лопасцевым рухавіком і суперкандэнсатарам павінен быў каштаваць 15 тысяч даляраў, а расходаваць пры гэтым усяго 3,5 літра на сто кіламетраў. Рэалізаваць ідэю абяцалі да канца 2012 года. Вядома, што толькі за два першыя месяцы 150 тысяч чалавек, у тым ліку 2500 беларусаў, аформілі папярэднюю замову на гэты аўтамабіль. Аўтамабіль, які яшчэ нават не стварылі!

Над праектам працавалі ў тым ліку і беларусы. Аўтарам назвы і лагатыпа стаў дызайнер Уладзімір Цэслер, галоўным канструктарам-мінчанін Андрэй Гінзбург, знешнасць і інтэр'ер прыдумаў беларускі дызайнер Андрэй Трафімчук, практычна ўсе кіруючыя пасады былі занятыя нашымі землякамі. Прыклаў руку нават Юрый Шыф — вядомы беларускі кастамайзер матацыклаў.

Але распрацоўка аказалася значна даражэйшай, чым планавалася, дый Прохараў з часам да праекта астыў. У выніку мільярдэр згарнуў усю працу, а ўсе напрацоўкі бясплатна перадаў расійскаму дзяржаўнаму НДІ.

Але ў Беларусі ў распрацоўнікаў засталіся некалькі прататыпаў. Улетку 2018 года іх выставілі на продаж. Цана пытання — ад 32 да 200 тысяч даляраў, у залежнасці ад стану, працаздольнасці і наяўнасці дакументаў. З часам аб'яву аб продажы знялі.

Такім чынам, на стаянцы цяпер знаходзіцца дзевяць «ё-мабіляў». Два з іх — гэта самыя першыя прататыпы, якія паказалі публіцы ў канцы 2010 года. Гэтыя машыны існуюць у адзіным экзэмпляры. Першы ўзор — грузавы фургончык-абцасік. Другі — бела-сіняе «ё-крос-купэ». У красавіку 2011 года за рулём гэтага аўтамабіля асабіста праехаў Уладзімір Пуцін (у тыя гады ён быў на пасадзе прэм'ер-міністра Расіі). Машыну прывезлі ў Нова-Агарова, дзе праводзілі пасяджэнне урадавай камісіі па высокіх тэхналогіях і інавацыях. Пасля пасяджэння Пуцін агледзеў узор і адправіўся на ім у прэзідэнцкую рэзідэнцыю «Горкі-9», дзе тагачасны прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў правёў пасяджэнне Рады бяспекі РФ.

Больш за стырно тых прататыпаў нікога не пускалі, нават журналістаў. Аказалася, што іх канструкцыя моцна адрознівалася ад таго, што задумалі ўвасобіць распрацоўшчыкі, і была моцна спрошчанай. Напрыклад, замест ротарна-лопасцевага рухавіка — звычайны матор ад снегахода, таксама ў машыне стаяла найпрасцейшая падвеска.

Цяпер гэтая машына ўяўляе сабой сумнае відовішча — цяжка ўявіць, што яшчэ нейкіх дзесяць гадоў таму яна ўвасабляла сабой апошнія навуковыя дасягненні. З прыборнай панэлі выдраныя вадкакрышталічныя экраны, у салоне няма крэслаў, у падлозе зеўрае велізарная дзірка — бачны асфальт. Пярэдні шэраг сядзенняў груба аддзелены ад задняга фанернай перагародкай, у салоне раскіданыя запчасткі, скрыні, патрубкі, фанеркі. Звонку на машыне адсутнічае рашотка, а з дзіркі выглядае іржавая бэлька кузава.

— Так, гэта менавіта тая машына, на якой ездзіў Пуцін, - пацвердзіў карэспандэнту Tut.by былы галоўны канструктар «ё-мабіля» Андрэй Гінзбург. — Але цяпер гэта проста смецце.

Яшчэ пяць асобнікаў, якія стаяць у Дражні, — гэта дапрацаваныя «ё-красоверы» больш позняга ўзору. Іх распрацоўвалі пад Мінскам у таямніцы, а прэзентавалі ў 2013 годзе: Міхаіл Прохараў з помпай прыехаў на адным з іх на выставу ў Санкт-Пецярбургу.

— Што рабіць з прататыпамі, мы не ведаем — прызнаўся Андрэй Гінзбург, які цяпер узначальвае інжынірынгавую кампанію «Кейджа Імпэкс». Яе касцяк складаюць як раз выхадцы з праекта «ё-мабіль».

Машыны стаяць ля вытворчага цэха кампаніі. Мяркуючы па ўсім, гэта ўсё, што засталося ад таго гучнага праекта.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера