Знайсці
03.05.2021 / 10:08РусŁacБел

Знойдзены ў Полацку каменны крыж падобны да традыцыйных латышскіх

Напрыканцы красавіка ў Полацку знайшлі аскепкі каменнага крыжа, які той-сёй ужо паспяшаўся абвясціць «кельцкім», а знак пасярэдзіне таго крыжа — «рунамі». На тэрыторыі цяперашняй Беларусі гэта сапраўды ўнікальная, адзінкавая такая знаходка. Спехам узяліся ўжо шукаць аналагі ў Ноўгарадзе і нават у Візантыі. Але ўсё празаічней — у плане геаграфічным, але не менш загадкава — у плане знакавым.

Фрагменты крыжа, знойдзенага ў Полацку. Усярэдзіне — знак «спарыш».

Рэгіён — Наддзвінне

Што да геаграфіі, полацкі крыж і сваёй формай, і цэнтральным знакам на ім — прамы аналаг каменных «колавых крыжоў» (riņķa krusti), шырока вядомых у суседняй Латвіі. Туды і скіруйма позірк.

Упершыню выявы колавых крыжоў з Ліелвардэ і Кокнэсэ (над Дзвіной-Даўгавай, у ніжнім яе цячэнні, бліжэй да Рыгі) былі апублікаваныя ў 3-м і 10-м тамах «Збору розных ліфляндскіх помнікаў, краявідаў, манет, гербоў і інш.» Бротцэ (Johann Christoph Brotze).

З таго ж часу вядомая і выява колавага крыжа з Селпілса (трохі вышэй па Дзвіне за Кокнэсэ). Усе яны знаходзіліся на старых сярэднявечных могілках. На малюнку з Кокнэсэ відаць некалькі колавых крыжоў. Часам у апісанні яны фігуруюць пад народнай назвай як «нямецкія крыжы» (bruņinieku krusti).

У архіве Аддзела археалогіі Нацыянальнага гістарычнага музея Латвіі захоўваюцца матэрыялы, апрацаваныя латвійскім Упраўленнем помнікаў у 1920-30-х гадах. Там ёсць звесткі пра колавыя крыжы з паўдзясятка паветаў, пераважна вакол Кокнэсэ, а таксама з-пад Елгавы (гэта трохі далей на захад ад Дзвіны).

Колавы крыж быў выяўлены таксама ў Малпілсе (недалёка ад Сігулды, таксама на пэўнай адлегласці ад цячэння Дзвіны).

Латвійскія колавыя крыжы: колькі, дзе, якія

На сёння галоўная крыніца па крыжах такога тыпу — кніга «Колавыя крыжы ў Латвіі» Андрыса Цаўнэ (Andris Caune. Riņķa krusti Latvijā), што выйшла ў недалёкім 2008 годзе. Пачынаючы яшчэ з канца 1950-х гадоў Цаўнэ — латвійскі гісторык і археолаг, былы кіраўнік Інстытута гісторыі Латвіі — займаецца пошукам і фіксацыяй колавых крыжоў, зборам сведчанняў пра іх у народнай памяці.

Агулам гісторык падае 20 вядомых месцаў іх першапачатковага месцазнаходжання. Ні ў Латгаліі, ні ў прыморскай Курзэмэ іх не знаходзілі.

«У Зямгаліі і Селіі колавыя крыжы адшукваюцца ў пяці месцах, а ў Відзэмэ канцэнтруюцца ўсе астатнія 15 месцазнаходжанняў, — піша ў сваёй кнізе Андрыс Цаўнэ. — Асноўны абсяг пашырэння колавых крыжоў у Латвіі — гэта Кокнэсэ і яго наваколле. Тут канцэнтруюцца 12 месцазнаходжанняў. Крыжы на ўсіх гэтых 12 месцах вырабленыя з даламіту, які сустракаецца па дзвінскіх берагах. Усе — як вядомыя на сёння, так і захаваныя на сваіх месцах — колавыя крыжы ў Латвіі знаходзяцца паблізу бажніц або на старых сярэднявечных могілках. Не знойдзена колавых крыжоў, якія б знаходзіліся на ўскрайку дарог і мелі б іншае прызначэнне».

Гісторык упэўнены, што раней, нават у пачатку 20 стагоддзя, такіх крыжоў было нашмат болей.

На адным ці на абодвух баках у часткі колавых крыжоў выбітыя крыжы, арнаменты, надпісы і знакі ўласнасці ці прыналежнасці. А часам і адно, і другое. Такія надпісы ёсць на 15 крыжах з 21, у якіх знешні выгляд зафіксаваны.

Паводле тыпу літараў вызначаюць перыяд: ёсць пазнейшыя (19 стагоддзе), ёсць ранейшыя, напісаныя гатычнымі літарамі (выкарыстоўваліся да 16 стагоддзя). Пры гэтым, напрыклад, у Руіене на крыжы выбіта «1813», але сам крыж, як мяркуюць, нашмат ранейшы і ўзяты з сярэднявечных руіенскіх могілак.

«Спарышы» — знакі мясцовыя

Знакі прыналежнасці, падобныя да таго, што выбіта на «полацкім крыжы», ёсць на пяці колавых крыжах. Яны знаходзяцца на могілках у наваколлі Бэбраў і Сэцэ, а таксама ў Крапэ. Гэта ўсё наваколле Кокнэсэ, усё паблізу. Самі знакі ўяўляюць сабой «спарыш» (па-латышску Jumis), просты ці ўскладнены. На крыжы з-пад Сэцэ ёсць такія ж самыя, што і на полацкім, рыскі над і пад «спарышом» (цяпер гэты крыж перавезены ў суседняе Айзкраўклэ).

Крыж з-пад Сэцэ, цяпер у Айзкраўклэ.

Цаўнэ адзначае, што на гэтых трох могілках «былі, відаць, пахаваныя мясцовыя сяляне або дробныя васалы мясцовага паходжання». І дадае: «На крыжы, што на Зутэнскіх могілах пад Бэбрамі, абодва выяўленыя варыянты знакаў Спарыша маглі пазначаць дзве розныя галіны адной сям'і. Аднак вельмі падобныя спарышовыя знакі на Путраскрожскіх могілках пад Сэцэ, якія знаходзяцца на процілеглым беразе Даўгавы зусім у іншым павеце, наўрад ці паказваюць на якуюсь блізкасямейную роднаснасць». У гарадах, — адзначае гісторык, — знакі ўласнасці выкарыстоўваліся да 15 стагоддзя, а ў вясковым асяроддзі яны захаваліся да 19 стагоддзя.

Крыж з акцэнтаванымі спарышамі на Зутэнскіх могілках ля Бэбраў.

Крыж са спарышамі на Зутэнскіх могілках ля Бэбраў.

Дадамо, што вялікую варыятыўнасць такіх «спарышовых» знакаў можам бачыць на знакамітай наскальнай «сцяне знакаў» над ракой Браслай, што ля Сігулды. Гэтыя выявы былі рупна прарысаваныя, і дакладнай графічнай копіяй таго наскальнага збору была ўпрыгожаная цэлая сцяна ў адной з залаў унутры «Замку святла» — новай Нацыянальнай бібліятэкі Латвіі. На «палатне» са знакаў зверху справа можна ўбачыць дакладна такі ж знак, што і на знойдзеным у Полацку крыжы.

Аўтар Алесь Мікус побач са сцяной са знакамі з-над ракі Браслы ў спецыяльнай зале Нацбібліятэкі Латвіі.

Не раней за 15 стагоддзе

Што да датавання латвійскіх крыжоў, дык гэтаму дапамагчы, адзначае Цаўнэ, мог бы не толькі тып літараў. Напрыклад, пад Елгавай на крыжы — надпіс літарамі ў стылі «паўночнага рэнэсансу», і гэта час не пазнейшы за пачатак 17 стагоддзя. А вось дапамогу з боку археалагічных раскопак ускладняе тое, што многія крыжы былі перамешчаныя, а той-сёй — і па некалькі разоў. Тое, што ў народзе іх таксама звалі «шведскімі крыжамі», таксама яшчэ не сведчыць пра абавязковае датаванне 17 стагоддзем.

Крыж пачатку 17 стагоддзя з-пад Елгавы.

Найранейшае датаванне, якое падае Цаўнэ, — гэта часы да Лівонскай вайны, 15 стагоддзе і першая палова 16-га. Гаворка пра кокнэскія могілкі, дзе некранутымі захаваліся колавыя крыжы. У шведскія часы там перасталі хаваць, хавалі на новых могілках, цераз раку. Тымі ж часамі латвійскі гісторык датуе і шэраг іншых колавых крыжоў, з іншых мясцінаў. А вось пазнейшыя крыжы, у тым ліку «спарышовы» з Сэцэ, — ужо вырабленыя на ўзор даўнейшых крыжоў.

Крыж на кокнэскіх могілках.

Гэтаксама і ў Эстоніі колавыя крыжы былі папулярныя не толькі ў Сярэднявеччы, але і ў 19 стагоддзі. Агулам у Эстоніі такіх крыжоў вядома каля сотні, але вось на эстонскім востраве Вормсі, дзе з 13 да сярэдзіны 20 стагоддзя жылі шведы, — такіх крыжоў 19 стагоддзя вядома некалькі соцень. А найстарэйшы такі крыж вядомы з эстонскай Нарвы і датуецца 1521 годам.

Пры гэтым на эстонскім востраве Саарэмаа ў сцяну Святапётрскай бажніцы ўмураваная каменная пліта 13 стагоддзя з выявай колавага крыжа. 14-м стагоддзем датуецца ўмураванне такіх каменных крыжоў у сцены і ў расійскім Ноўгарадзе. У Швецыі крыжы з такімі выявамі вядомыя з 12—13 стагоддзяў. Аднак, на думку Андрыса Цаўнэ, на колішнія лівонскія землі — у Латвію і Эстонію — колавыя крыжы прыйшлі з тэрыторыі цяперашняй Нямеччыны, па часе — не нашмат раней за 16 стагоддзе. 

Толькі пачатак

Якія высновы з гэтага можам зрабіць у дачыненні да знойдзеных у Полацку аскепкаў каменнага крыжа?

Вядома, сваё важкае слова перш мусяць сказаць даследчыкі матэрыялу знойдзенага крыжа. Але ў першым набліжэнні — калі ісці следам за думкай латышскага гісторыка — полацкі каменны крыж таксама мог быць пазнейшай «копіяй» паводле ўзору крыжоў з «далівонскіх» часоў.

На гэта не ў апошнюю чаргу паказвае якраз цэнтральны знак — «спарыш» з рыскамі. Гэты знак такі ж самы, што і на пазнейшых колавых крыжах з вясковых могілак ля латвійскага наддзвінскага Кокнэсэ, і такі ж самы, што і на скале, поўнай выдрапаных «спарышовых» знакаў, над Браслай-ракой.

Знакі на скале над ракой Браслай.

І пытанне тады не ў датаванні ўжо, не ў пазначэнні тэрытарыяльных аналагаў. А хутчэй у такім перагуку «спарышовых» знакаў над Дзвіной.

Безумоўна, у больш поўнае даследаванне трэба ўключыць і здабыткі сучасных латышскіх акадэмічных даследчыкаў наскальных знакаў — як на скале над Браслай, так і на сценах у пясчанікавых пячорах на тэрыторыі Латвіі. Такіх пячораў са знакамі вядома на сёння пад сорак, яны збольшага на рацэ Гаўі, а народныя ахвяроўчыя практыкі ў іх археалагічна засведчаныя сама менш пачынаючы з 12 стагоддзя. Але гэта ўжо іншая гісторыя, якую можа запачаткаваць усяго адна знаходка з Полацка.

Алесь Мікус

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера