Знайсці
28.04.2021 / 12:07РусŁacБел

«Бедная, няшчасная» 3-мільённая Літва мае аб'ём экспарту такі ж, як 9-мільённая Беларусь

Міф, што краіны Балтыі «прамысловасць развалілі», не вытрымлівае праверкі статыстыкай.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Фота Надзеі Бужан.

Учыніў над сабой акт маральнага гвалту і паглядзеў на БТ-1 праграму «Понятная политика», дзе вядучы і «эксперты» з сур'ёзным выглядам разважалі пра лёс няшчасных краін Балтыі. Маўляў, сваю прамысловасць развалілі, савецкія заводы пазакрывалі, і адзінае, што гэтыя краіны могуць экспартаваць цяпер, гэта русафобія.

Мне стала цікава, я паглядзеў, што і ў якіх аб'ёмах экспартуе бедная і няшчасная Літва, якая, небарака, нібыта засталася без сваёй прамысловасці. Гаворка ідзе толькі пра экспарт тавараў (у тым ліку прамысловых), экспарт паслуг не ўлічваем.

Лічбы вас шакуюць.

Літва (з насельніцтвам 2,8 млн) мае аб'ём экспарту тавараў такі ж самы, як і 9,4-мільённая Беларусь — каля 32 мільярдаў USD. Даныя па Беларусі прыведзены за 2019 год (у 2020 годзе экспарт быў яшчэ меншы), даныя па Літве — за крызісны 2020 год.

Прычым у выпадку Беларусі траціна гэтага экспарту — прадукты перапрацоўкі з таннай расійскай нафты і сыравіна.

А вось што экспартуе «бедная» Літва (у дужках, для параўнання, аналагічны экспарт з Беларусі).

Механічнага абсталявання і катлоў — 2,86 млрд USD (Беларусь экспартавала на 1,45 млрд USD).

Электрычных машын і абсталявання — 2,15 млрд USD (Беларусь — на 1,07 млрд USD).

Без усялякіх «мадэрнізацый пад кантролем прэзідэнта» Літва экспартавала мэблі, пасцельных рэчаў і светлавога абсталявання на 2,64 млрд USD.

Ды што там мэбля, маленькая Літва нават умудрылася ў 2020 годзе экспартаваць збожжа на 1,12 млрд USD.

Давайце параўнаем і валавы ўнутраны прадукт. У «беднай» Літве ён складае 22 245 USD на душу насельніцтва, а ў «моцнай і квітнеючай» Беларусі — 6 487 USD. 

Адпаведныя і заробкі найманых работнікаў. У Беларусі сярэдні заробак ад 2010 года вагаецца ў раёне 400—450 даляраў чыстымі. У Літве ён у 2020 годзе дасягнуў 1850 даляраў бруднымі і 1150 даляраў чыстымі (у Літве высокі ўзровень сацыяльнай абароненасці і таму — высокія падаткі: затое бясплатная медыцына і адукацыя, высокія дапамогі па беспрацоўі і субсідыі бедным).

Калі Літва такая бедная і жабрацкая, то якім словам можна апісаць эканамічны стан Беларусі?

ММ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера