Знайсці
27.04.2021 / 08:37РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Мы — не «зямля качэўнікаў», а аселых беспрацоўных. І наша драма ўражвае нашмат больш за амерыканскую

Пісьменнік Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра фільм «Зямля качэўнікаў», які сёлета ўзяў два «Оскары», і параўноўвае беларускую правінцыю з амерыканскай.

Стопкадр з фільма

Трыумфатарам «Оскара» сёлета стала «Зямля качэўнікаў». Яна забрала адразу дзве статуэткі: за найлепшы фільм і за найлепшую жаночую ролю.

Чытайце пра фільм: Вестэрн, дзе зямлю не асвойваюць, а кідаюць

Беларусаў, асабліва тых, што маюць вопыт жыцця ў невялічкіх дэпрэсіўных гарадах (а ў Беларусі хіба не кожны маленькі горад — дэпрэсіўны), твор рызыкуе пакінуць у стане інтэнсіўнага неразумення.

Відавочна, што Амерыканскую кінаакадэмію ўсхвалявалі перш за ўсё драматычныя канатацыі гісторыі. Бо ні сюжэта, ні выразных дыялогаў, ні прыцягальнай акторскай гульні я тут не пабачыў. Хаця Фрэнсіс Макдорманд — адна з маіх любімых акторак, і яе ўдзел у «Фарга» быў вельмі адметным.

Тут праз спецыфіку задумы ўвесь фокус яе драматычнага таленту мог быць скіраваны хіба што на раскрыццё мізансцэны, дзе гераіня спраўляе малую патрэбу ў чыстым полі.

Першае, што вы прачытаеце пра гэты фільм, — што ён распавядае пра жанчыну, якая страціла працу «ў маленькім дэпрэсіўным амерыканскім гарадку», дзе закрылася адзіная фабрыка, якая магла прапанаваць хоць нейкае працаўладкаванне. І тады гераіня кідае ўсё сваё майно ў «дом на колах» і пачынае вандраваць па кантыненце ў пошуках адзінкавых прыработкаў.

Таму, як яна валэндаецца, як сустракаецца з іншымі вандроўнымі, таксама змушанымі весці бадзяжны лад жыцця (бо сталай работы праз эканамічны крызіс бракуе), і прысвечанае гэтае кіно. Медыі старанна распавядалі пра беды, праз якія змушаная была прайсці Фрэнсіс Макдорманд, каб ужыцца ў лёс сваёй гераіні: напрыклад, перад здымкамі яна ажно 6 месяцаў жыла ў гэтым старым іржавым фургоне, каб зразумець, што складае тканіну быцця намадаў.

Дык вось, шаноўная кінаакадэмія і шаноўная Фрэнсіс Макдорманд, мяне гэта ні разу не ўразіла. Бо, ведаеце, у нас палова краіны знаходзіцца ў стане перманентнага пошуку працы. Праз закрыццё вытворчасцяў, што былі наладжаныя яшчэ пры СССР, а цяпер, дзякуючы бліскучай знешняй палітыцы і здольнасці сабачыцца з суседзямі, цалкам страцілі рынкі збыту.

За межамі Мінска пачынаецца тая самая парослая быллём пустка, дзе вам могуць прапанаваць хіба што ўладкаванне заатэхнікам ці ветэрынарам — і тое пры наяўнасці адпаведнай адукацыі. Хочаце зазірнуць у беларускую «Зямлю качэўнікаў» — ад’едзьце на 60 кэмэ ад сталіцы, зайдзіце ў любую вясковую краму і прачытайце аб’явы ў газеце, раздзел «Вакансіі». Калі не здранцвееце ад пераліку запатрабаваных спецыялістаў, паспрабуйце патэлефанаваць па любой вакансіі і спытаць пра памер заробкаў.

Дык у чым драма гераіні? У тым, што яна вандруе? Дык гэта цуд, а не драма.

Як аднойчы сказаў мой дзед, пабачыўшы ля хаты «Запарожац» майго таты, «калі б у маёй маладосці была такая цаца, я б сеў за стырно і выехаў у суседні калгас, уладкаваўся б там бухгалтарам».

Ягоная гісторыя была нашмат больш драматычнай за гісторыю Ферн: атрымаўшы выдатную адукацыю, ён у сорак гадоў пасабачыўся з кіраўніцтвам калгаса, зляцеў з файнага крэсла бухгалтара і быў змушаны працаваць аграномам. Бо ніякіх магчымасцяў для «качэўніцтва» ў яго не было.

Такім чынам, наш гэты стан уросласці ў зямлю, у стасункі, часцяком выклятыя і папсаваныя стасункі, узяўся не з сёння. Так было заўсёды.

І ў гэтых людзей, у беларускіх вяскоўцаў і жыхароў малых гарадоў, ніколі не было «дома на колах» ці фургона, каб некуды з’ехаць. Нават іржавага.

І ведаеце, відовічшам чалавека, які змушана спраўляе патрэбу ў полі, тут нікога не расчуліць.

То мне здаецца, што наш кінематограф — у тыя рэдкія моманты, калі ён наогул узнікае (апошнія гады два яго проста няма) — глабальна займаецца не тым.

Ён зноў і зноў спрабуе гераізаваць нейкі подзвіг ці звяртаецца да ладных лёсаў тутэйшых людзей, не разумеючы, што мы перманентна, цягам дзесяцігоддзяў, заглыбленыя ў стан бясконцай драмы. І калі гэтую драму паказаць хаця б каму, нават збяднелым у параўнанні з Францыяй і Нямеччынай усходнім еўрапейцам, тыя вельмі ўразяцца.

Вось вам ілюстрацыя: калі беларускі фільм «Возера Радасці» паказвалі ў адным амерыканскім гарадку, крытыкі ўхвалялі дэкарацыі. І задаваліся пытаннем, у якія гады адбываецца дзея ў гэтым кіно. Хіба ў 1940-я? — пыталіся яны. Не ведаючы, што дзея адбываецца ў 1990-я, і з тых 1990-х у нашай правінцыі нічога не змянілася ажно настолькі, што ніякіх адмысловых дэкарацый прыдумляць не трэба.

То пакіньце енкі па сытых амерыканскіх намадах для не менш сытых і добра апранутых амерыканскіх кінаакадэмікаў.

Чалавек, які здольны ўладкавацца на ўпакоўку тавараў у Amazon, варты жалю нашмат менш, чым чалавек, які штодня выпраўляецца ў лес на лісапедзе, каб нелегальна сабраць там пук дроваў, каб сагрэць сваю чэзлую хаціну з пабітым шыферам на стрэхах.

Мы — не «зямля качэўнікаў», але зямля аселых беспрацоўных. Якіх да таго ж увесь час пужаюць новымі захадамі па барацьбе з абібоцтвам.

То нашая драма ўражвае нашмат больш за амерыканскую.

І нашмат больш заслугоўвае «Оскара».

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930