Знайсці
25.04.2021 / 14:10РусŁacБел

«Хай паспрабуе не зрабіць прапанову, калі выйдзе з СІЗА». Экс-работніца пракуратуры расказала аб адносінах з палітвязнем Юшкевічам 

Валерыя Эйсмант — дзяўчына палітзняволенага Яўгена Юшкевіча, былога следчага, які ўжо другі раз аказаўся ў СІЗА, гэтым разам — па падазрэнні ў «тэрарызме».

Сама Валерыя — былы старэйшы інспектар пракуратуры Мінска, сышла з працы пасля жнівеньскіх падзей. 

Яна не каментуе новую крымінальную справу супраць Юшкевіча, але расказала «Нашай Ніве» пра іх сумесны побыт і жыццё. 

— Як вы пазнаёміліся? 

— Яўген знайшоў мяне ў сацсетках. Падпісаўся, сачыў, перакідваліся парай словаў — маўляў, ён мяне бачыў у пракуратуры, калі яшчэ служыў. А потым неяк з адпачынку ў Сербіі даслаў на работу паштоўку з кампліментам і не падпісаўся, але я зразумела, што гэта ён. Ну і мы неяк шчыльней пачалі сябраваць, сталі бачыцца кожны дзень.

Тая самая паштоўка

— Чым скарыў? 

— Цікавы чалавек, моцны, адважны. Ён умее ўразіць, да яго цягне. Ён заўсёды на баку праўды… Ды немагчыма сказаць, за што ты чалавека кахаеш, кахаеш — ды ўсё тут. 

Жылі самым звычайным жыццём. Працавалі, любілі, планавалі будучыню. Мы і два нашыя сабакі.

— Прапанову шлюбу не рабіў? 

— Не. Але хай паспрабуе не зрабіць прапанову, калі другі раз выйдзе з СІЗА!

— Былі размовы наконт яго ў пракуратуры? 

— Мне намякалі, што я не з тым чалавекам сябрую. Але, канечне, адчуванне было, што нешта тут не так. Я ж бачу яго кожны дзень. Я ж яго ведаю. А тое, аб чым «папярэджваюць» — гэта запаленыя фантазіі. Я расказала пра гэта Жэню, на што ён мне адказаў: «Пра тваю працу чуць нічога не хачу, спытаю — ударыш».

— Чаму сышлі з пракуратуры? 

— Гэтым летам я атрымала дыплом, планавала атэстоўвацца, але летам «нешта пайшло не так». Я працавала з дакументамі — рэгістравала скаргі на дзеянні міліцыі, сказаць, што іх было шмат — дык не скажаш нічога. Я чытала гэтыя дэталі, у мяне не ішлі на работу ногі. І таксама, навошта такая работа, дзе трэба выбіраць, з кім мець зносіны, а з кім не? Жэня мяне натхніў сваім прыкладам, і я запісалася на курсы ІТ. З пракуратуры звольнілася, адпусцілі без праблем.

Цяпер у ІТ працуеце? 

— Я цяпер перавучылася на бізнэс-аналіз і стажыруюся. 

— А вы, дарэчы, не сваячка тых самых Эйсмантаў? 

— Не, проста прозвішчы супадаюць. 

— У вашым інстаграме шмат сабак — гэта супольнае хобі? 

— Сабакі ягоныя, гэта хаскі Якут і дратхаар Хант. Але я прыкіпела і стаўлюся да іх як да дзяцей. Мы жывем з Якутам у доме ў Мінску. Іншы сабака у дрэсіроўшчыка. Тут жа нейкія вечна праблемы, беганіна, а ў сабакі знікаюць паляўнічыя якасці. Трэба ўсё адно займацца сабакам нягледзячы на ўсё, таму аддалі на дрэсіроўку. 

Я таксама днямі атрымала паляўнічае пасведчанне. Так што захапленні Жэні я падзяліла. 

— Вас таксама затрымлівалі, калі развівалася гісторыя з першай крымінальнай справай. Яго выпусцілі, вас — затрымалі. Што гэта было?

— Мяне не затрымлівалі, а дапыталі. Прыехалі з вобшукам, потым «праедземце з намі». Потым я ў КДБ, а потым у следстве. 

— Паспелі пашкадаваць, з кім звязаліся? 

— Ды не. Яўген заўсёды казаў, што ў нашай краіне каго заўгодна могуць затрымаць на трое сутак. Я смяялася, бо ну нельга ж проста так затрымаць чалавека, завесці справу проста так. Але калі гэтыя працэсы ў краіне абвастрыліся, то ружовыя акуляры, канечне, зваліліся. А адносна затрыманняў я разумела, што ні мне, ні Жэню хаваць няма чаго. Хаця эмацыйны шок, канечне, быў, я не ведала, як сябе паводзіць у такой сітуацыі. 

— Дык, можа, ужо рэкамендацыі складзяце для тых жанчын, чыіх хлопцаў і мужоў забіраюць. 

— Трэба нечым займацца, пагружацца ў работу, не сядзець без справы. Рабіць і рабіць. Я калі сяду адпачыць, вазьму ў рукі тэлефон, то пачынае накрываць. Таму стараюся быць у руху, тады і дзень хутчэй праходзіць.

— Хто цяпер вас падтрымлівае? 

— З усіх магчымых бакоў падтрымка, суперажыванне. І мне, і яго сям'і. Кажуць, што чалавек гонару, пра яго ніхто не кажа кепска, з яго ніколі не зробяць у вачах грамадства таго, кім яго хочуць намаляваць. Гэта чалавек праўды, а такіх людзей заўсёды паважаюць. 

— Ягоныя былыя саслужыўцы падтрымліваюць? 

— Не. Напэўна, унутры яны салідарныя, але не праяўляюць, бо баяцца. 

— А вашы былыя калегі? 

— Не. 

— Чаму? Вы ж працавалі разам. 

— Насамрэч мае калегі вельмі добра да мяне ставіліся, я іх любіла, усіх абсалютна, мяне вечна ўзнагароджвалі, павышалі. Ну а цяпер такая сітуацыя — нават радочак баяцца напісаць. 

— Калі гэта ўсё скончыцца? 

— Ды хочацца, каб пахутчэй скончылася, вельмі няпроста жыць, калі ты не плануеш далей, чым на дзень. Гэта мае спадзяванні як чалавека. Пазаўчора я яшчэ думала, што справу закрыюць, а яны новую заводзяць. 

— Калі Яўген першы раз выйшаў з СІЗА, ад сэрца адлягло? 

— Былі такія думкі, але Жэня казаў, што гэта не ўсё і што расслабляцца не варта. 

— Колькі маральна гатовыя яго чакаць? 

— Я яго не кіну.

— А як падтрымліваць цяпер палітвязняў? 

— Калі Жэня першы раз выйшаў з СІЗА, расказваў, як прыемна атрымліваць стосы лістоў. Тых, хто за кратамі і пазбаўлены сацыяльнага кантакту, думаю, накрываюць такія хвіліны, калі здаецца, што ты адзін. А падтрымка звонку, ад знаёмых і незнаёмых, вельмі матывуе і дае сілаў. Так што галоўная рэч, якая падтрымае і яго, і астатніх — гэта лісты. Ім важна разумець, што пра іх памятаюць.

Былы топ-следчы пра рэаліі работы СК: як працуе, што баліць і як змяніць да лепшага 

Былы следчы пра затрыманне Ціханоўскага: Калегі абураныя тым, як гэта рабілася і хто быў задзейнічаны

Стала вядома, у чым абвінавачваюць былога следчага Юшкевіча

Былы следчы Яўген Юшкевіч: Пакуль я быў на допыце, у машыне корпаліся невядомыя — спрацаваў відэарэгістратар

Па артыкуле «акт тэрарызму» затрыманы былы следчы Яўген Юшкевіч

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930