Знайсці
22.04.2021 / 16:02РусŁacБел

Не калонія і хімія, а арышт — як гэта? Палітвязні адседзелі некалькі месяцаў за надпісы «Жыве Беларусь» і апісалі ўражанні

Днямі на волю выйшлі двое палітвязняў. Марыя Сафонава адбыла двухмесячны арышт за тое, што нанесла фарбай на асфальце «Жыве Беларусь», а на дзвярах сталічнага дома намалявала бел-чырвона-белы сцяг. Андрэй Сысун правёў за кратамі тры месяцы: яго віна заключалася ў тым, што ў пад’ездзе дома яго роднай Вілейкі з’явіліся надпісы «Жыве Беларусь», «Л… сыходзь!» і «3%» (а гэта нібыта апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці).

Амаль увесь тэрмін палітвязні правялі ў баранавіцкім СІЗА-6. Але хоць яны і знаходзіліся ў адным будынку, умовы ўтрымання ў іх крыху розніліся. Расказваем, якімі былі апошнія месяцы жыцця Марыі і Андрэя і што яны зрабілі ў першую чаргу, калі ўдыхнулі вольнага паветра.

«Кожныя паўгадзіны мяне прасілі паўтараць, што я схільны да экстрэмізму»

Андрэй Сысун, фота з асабістага архіва.

Чытайце таксама: За надпісы ў пад’ездзе дома вілейчуку прысудзілі 3 месяцы арышту

Перш, чым прыехаць у Баранавічы, Андрэй амаль два тыдні правёў у жодзінскай следчай турме №8. Кажа, што там быў больш лаяльны рэжым: дазвалялася сядзець на ложках днём, напрыклад. Але кармілі горш: маглі кіслую капусту даць і на першае, і на другое.

У Баранавічах увесь дзень арыштанты павінны былі праводзіць ці стоячы, ці на лаўках за сталом. Калі там жа задрамаць — можна было атрымаць вымову, за гэтым строга сачылі праз камеры відэаназірання. Два падобныя парушэнні свяцілі штрафным ізалятарам.

«За тры месяцы я атрымаў адну афіцыйную вымову: заслаў ложак на хвіліну раней да адбою, у 21.44 замест 21.45. Такі кантроль вельмі ціснуў у псіхалагічным плане. А яшчэ пастаянная прапаганда з радыё, якое было ўключанае цэлымі днямі. З навінамі адтуль здавалася, што вось ты выйдзеш, а там на волі ўжо ўсё яшчэ горш», — расказвае Андрэй.

Асноўны час хлопец бавіў за чытаннем кніжак, маляваннем і адказамі на лісты. Апошнія, праўда, як ён ужо даведаўся на волі, даходзілі далёка не ў поўным аб’ёме — як ад яго, так і яму.

«Я рос у інтэрнаце і з бацькамі адносіны не падтрымліваю, таму паштоўкі ішлі ад сяброў і зусім незнаёмых людзей — з Мінска, Крупак, Баранавіч. Перад самым арыштам я павінен быў здаць экзамен у аўташколе, але не паспеў — паўтараў у камеры правілы дарожнага руху. Яшчэ ўзяў у мясцовай бібліятэцы Дзюма і Гюго».

Разам з Андрэем у камеры сядзелі розныя хлопцы: адзін, 26-гадовы, адбываў арышт за язду без правоў, але большая частка — за крадзяжы і рабаванне (артыкулы 205-206).

«Я, калі шчыра, быў здзіўлены, што аднаму джэнтльмену прысудзілі два месяцы за рабаванне, а мне за маляванне — тры», — каментуе хлопец.

Андрэя як палітычнага паставілі на прафулік. Для яго гэта выяўлялася ў фіялетавай картцы на дзвярах і бірцы на ложку з пазнакай «схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці».

«Першы месяц супрацоўнікі СІЗА прыходзілі да мяне амаль кожныя паўгадзіны — адкрывалі кармушку і прымушалі называць услых імя, прозвішча, артыкул, тэрмін пакарання, нумар спальнага месца і тое, што я схільны да экстрэмізму. Пасля гэта было радзей».

У душ мужчын вадзілі стабільна кожны тыдзень, а вось на свежым паветры за тры месяцы Андрэй пабываў усяго адзін раз. З дадатковых мінусаў, якія адзначае хлопец, — вялікая нацэнка на ежу і рэчы для атаваркі. Некаторыя пазіцыі, па яго словах, каштуюць амаль удвая даражэй, чым на волі.

Больш за ўсё ў няволі Андрэй сумаваў па сваіх жывёлах: кот і сабака на тры месяцы засталіся жыць з сяброўкай палітвязня. Цяпер ёркшырскі тэр’ер не адыходзіць ад гаспадара ні на крок.

«Калі мяне з СІЗА забірала сяброўка, я папрасіў яе: «Давай хутчэй адсюль з’едзем». Вельмі хацелася дадому. А яшчэ — нарэшце з’есці нейкай смачнай і тлустай ежы тыпу шаўрмы».

Чытайце таксама: «Думаў, што не адпусцяць». Палітзняволены віляйчук расказаў пра тры месяцы арышту ў Баранавічах

Андрэй мяркуе, што за месяцы адсутнасці на месцы, яго, хутчэй за ўсё, звольнілі з прадпрыемства «Кронаспан», дзе ён працаваў аператарам. Цяпер ён плануе заняцца пытаннем працаўладкавання.

«Магла дазволіць сабе крыкнуць у СІЗА «Жыве Беларусь!»»

Марыя Сафонава, фота spring96.org.

Чытайце таксама:
«Надпісам «Жыве Беларусь» знізіла эстэтычныя прыкметы дзвярэй і сметніцы». Судзяць мінчанку

21-гадовай дзяўчыне, што напісала «Жыве Беларусь» і намалявала бел-чырвона-белы сцяг, далі два месяцы арышту

Марыя «гасцявала» ў баранавіцкім ізалятары амаль два месяцы. Да перавозкі туды правяла два тыдні ў СІЗА на Валадарскага. Як і Андрэй, адзначае, што стаўленне ў Мінску было больш лаяльным: у камеры дазвалялі сядзець на ложках і часам прылегчы на іх днём. У Баранавічах пра такое можна было толькі марыць.

«Затое ў Баранках можна было атаварвацца кожны дзень, акрамя нядзелі і панядзелка. Там жа мне дазволілі адно спатканне з татам, які сам прывёз перадачу. У мяне асабіста не было праблем з ліставаннем. А яшчэ я магла крыкнуць «Жыве Беларусь!», і мне за гэта нічога не рабілі (Андрэй прызнаўся, што чуў гэта ў сваёй камеры — НН»). Увогуле стаўленне было досыць нейтральным. Часам маглі спытаць: «Ну што, варта было маляваць сцяг на асфальце, каб сядзець тут?».

Амаль усе сукамерніцы Марыі былі асуджаныя па артыкуле 174 — ухіленне ад утрымання дзяцей. Вядома ж, асаблівай прафілактычнай фіялетавай карткай у камеры была пазначаная толькі Марыя.

«Агулам у Баранавічах добра кормяць. А яшчэ там неблагая бібліятэка. Я замовіла і прачытала амаль усе тамы «Архіпелаг ГУЛАГа», там шмат актуальнага ў сённяшніх рэаліях. Самым жа складаным для мяне, відаць, стала немагчымасць пабыць сам-насам хаця б пяць хвілін, у цішыні. З 6-й раніцы да 9-й грала музыка, з 9-й да 13-й нам уключалі лекцыі з унутранымі правіламі распарадку, далей зноў музыка і лекцыі па коле».

Першае, што зрабіла Марыя, калі выйшла на волю — замовіла сабе шаўрму. Цяпер дзяўчына плануе ўлівацца ў звычайнае жыццё, бо адчувае, што адвыкла ад яго.

«Я для сябе дакладна не згубіла гэтыя два месяцы: пачытала кнігі, пераасэнсавала шмат чаго ў жыцці. Усё гэта пайшло мне на карысць. Калі адкруціць назад, я зрабіла б тое самае».

КК

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930