Знайсці
25.04.2021 / 16:52РусŁacБел

«У суботу і нядзелю нельга выходзіць з дому». Як адбываюць хатнюю хімію асуджаныя за палітыку

Выхад на шпацыр — у вызначаныя міліцыяй гадзіны, прафілактычныя лекцыі, ніякага алкаголю і вячэраў у кавярні. Беларусы, асуджаныя за палітыку, распавялі, як выглядае іх хатняя хімія.

«Па нядзелях у РУУС праходзяць прафілактычныя лекцыі»

Мінчанку Алену Гэсс асудзілі ў снежні. За тое, што балончыкам нанесла на будынку надпіс «Яна з намі» (маючы на ўвазе Ціханоўскую), а пасля, вырываючыся з рук міліцыянта, выпадкова брызнула ў яго фарбай, жанчына атрымала тры гады хатняй хіміі.

Фота з асабістага архіва

«Мне далі артыкулы 341 і 364 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці, а таксама гвалт да супрацоўніка органаў унутраных спраў. — «НН»). Апошні ў судзе перакваліфікавалі на больш мяккі — супраціў міліцыі. Мая адвакатка была настроена, што я іду дадому ў любым выпадку, але я чамусьці ўпэўнена, што калі б у мяне не было дзяцей, быў бы іншы прысуд, больш строгі», — дзеліцца Алена.

Яна адбывае тэрмін з канца сакавіка. Дагэтуль была пад падпіскай аб нявыедзе.

Да суда Алена была загадчыцай секцыі ў сталічнай краме. Там жа яна і працягвае працаваць. Змена ў яе з 9-й раніцы да 11-й вечара. У гэтыя дні з 23.30 і да 6.00 жанчына абавязаная знаходзіцца дома. Калі будны дзень у яе непрацоўны, то быць дома трэба ўжо пасля 19 гадзін.

«У суботу і нядзелю, калі мае выходныя супадаюць з гэтымі днямі, наогул нельга выходзіць з дому. Толькі на гадзіну, з 8-й да 9-й раніцы, дазваляецца выбрацца ў краму, але ў нас у раёне ніводная крама ў гэты час не працуе. Усе дзяржаўныя святы таксама нікуды выходзіць з кватэры нельга».

Пад забаронай масавыя мерапрыемствы, алкагольныя напоі. Кожны панядзелак Алена ходзіць адзначацца ў міліцыю.

«Па нядзелях у РУУС праходзяць прафілактычныя лекцыі, на якія мяне запрашаюць. Адной з тэм былі несанкцыянаваныя масавыя акцыі, артыкул 24.23. Паказвалі непрыгожыя відэа пра нас, што мы фашысты пад бчб-сцягамі, развальваем краіну і ўсё ў такім духу. У прынцыпе тое, што ў нас па БТ паказваюць. Каля 30 чалавек на той лекцыі было.

Апроч гэтага, мяне правяраюць дома. Прыходзілі, напрыклад, у суботу і нядзелю — мяне не засталі, бо я была на працы. У панядзелак папрасілі даведку, каб пацвердзіць гэта. Звычайна міліцыянты падымаюцца ў пад’езд, я адчыняю дзверы кватэры, каб паказацца, што тут.

Калі мяне ставілі на ўлік, я падпісвала паперы, што ёсць верагоднасць таго, што на мяне для абмежавання адзенуць GPS-бранзалет. Але наколькі разумею, гэта ўсё ў іх яшчэ ў распрацоўцы, таму бранзалета на мне няма. Спадзяюся, што да гэтага не дойдзе».

Пры любой затрымцы на працы трэба прадастаўляць даведку, што ты сапраўды быў заняты там. Выезд за межы горада — толькі з дазволу міліцыі.

«Мая мама ў вёсцы жыве, 150 кіламетраў ад Мінска. У маі ў мяне адпачынак, і я пыталася, як у гэтай сітуацыі быць, ці магу я паехаць. Сказалі, што трэба пісаць заяву на імя начальніка РУУС, а ён пасля разгледзіць сітуацыю, ацэніць мае паводзіны і вырашыць. У маі яшчэ пераўлік намячаецца ў краме, таксама трэба заяву пісаць».

Алена з мужам гадуе дзвюх дачок. Малодшая не ведае, што мама на хіміі, старэйшая ў курсе — засмучаецца крыху, што цяпер па выходных яны разам не могуць нікуды схадзіць.

«Ні ў госці, ні ў рэстараны мне нельга. Праз гэта я не перажываю, бо мы асабліва нікуды не хадзілі, у мяне і было такое жыццё «дом-праца-дом», — смяецца жанчына.

Пасля хатняй хіміі, кажа яна, застаюцца пэўныя абмежаванні:

«Даведалася, што нават калі тры гады роўненька сваё пакаранне адбуду, пасля гэтага яшчэ два гады мне ўсё адно трэба будзе адзначацца, пакуль пагасіцца судзімасць. Стараюся бадзёрыцца. Муж, сяброўкі падтрымліваюць. Духам не падаем».

«Ніколі не журылася, нават калі патрапіла ў СІЗА»

Паўтара года хатняй хіміі — столькі далі Марыі Бабовіч за надпіс «Не забудзем» на тратуары каля станцыі метро «Пушкінская». Яе затрымалі ў верасні, і да суда дзяўчына знаходзілася ў СІЗА. Яе ўчынак кваліфікавалі як хуліганства, здзейсненае групай асобаў (частка 2 артыкула 339).

Марыя падчас суда

«8 снежня пасля прысуду мяне адпусцілі. Я пару тыдняў сядзела дома, замкнёная ў чатырох сценах, думала, што ў мяне ўжо пачалася хатняя хімія. А пасля сказалі, што тэрмін пачнецца з пастаноўкі на ўлік, і жыццё вярнулася да нармальнага ходу. Я амаль 4 месяцы была на волі, забыла нават, што мяне чакае тэрмін», — распавядае Марыя.

Адбываць хімію яна пачала тыдзень таму.

Марыя жыла ў Мінску, але на час тэрміну паехала па месцы прапіскі — да бацькоў у Мазыр. Кажа, маме так спакайней.

«У Мінску я ўвесь час у кавярні працавала. Мне падабаецца прафесія бармэна, хацела курсы скончыць, але, на жаль, не паспела. У Мазыры збіралася таксама на бар уладкавацца, але калі размаўляла з установамі наконт сваёй хіміі, усе неяк пабойваліся: «Мы не хочам звязвацца з міліцыяй». Я ўжо адчаілася. Бо калі ў цябе няма афіцыйнай працы, даецца 15 дзён, каб стаць на ўлік у цэнтр занятасці. А там самі разумееце, якія работы прапануюць. Але з пошукам месца дапамог бацька. Я аформілася на завод на кантрольна-прапускны пункт, назіраю, каб чужых на тэрыторыі не было».

Святы і выходныя Марыя мусіць праводзіць дома. З панядзелка па пятніцу можа гуляць з 17 да 19 гадзін. Звычайна гэтага хапае, каб схадзіць у краму ці на прабежку. Гадзіна даецца на тое, каб дабрацца на працу, гадзіна, каб вярнуцца. Адзначацца ў міліцыі трэба першы і трэці панядзелак месяца.

Апроч рэгулярных дзённых праверак, раз на месяц дзяўчыну могуць праверыць дома сярод ночы. З візітам мае права зазіруць не толькі інспектар, але і іншыя супрацоўнікі — з АМАПа, Дэпартамента аховы.

«Яшчэ буду ўдакладняць нейкія моманты, бо не ўсё зразумела. Што, напрыклад, рабіць, калі мне трэба запісацца да доктара, а ў яго няма прыёму з 17 да 19», — заўважае дзяўчына.

Дамаседка — гэта не пра яе, кажа Марыя. Даводзіцца прывыкаць да новага распарадку.

«Мне падабаецца рухавы лад жыцця — пагуляць на прыродзе, сустрэцца і выпіць кубак кавы. Цяпер ні ў кінатэатры нельга, ні на канцэрты. Ну што ж, пачытаю кнігі, якія хацела, ангельскую мову пачала вывучаць. Шукаю свае плюсы. Паглядзім, можа, гэта ненадоўга.

Настрой у мяне заўсёды баявы. Ніколі не журылася, нават калі патрапіла ў СІЗА. Канечне, эмоцыі там перамяшаліся ў кучу — была і злосць, і рашучасць. Але думала: трымайся. Сядзець і плакаць таксама ж не выйсце. Хоць мне сумна ад таго, што няма справядлівасці, я спрабую настроіць сябе на лепшае.

Большая частка сяброў, якія жылі ў Мазыры, раз’ехалася. Ну нічога — ёсць жа відэасувязь. Галоўнае, што бацькі побач, яны ў любы момант падтрымаюць».

Наталля Лубнеўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930