Знайсці
19.06.2009 / 10:301РусŁacБел

Не сьпяшайся з «Пабедай»

Сяргей Астравец зьмяшчае на сваім блогу новае апавяданьне.

Саша Камарцоў трапіў да нас па замене з Камчаткі, так і хадзіў напачатку ў марской форме. Жонка яго Шура такая цікаўная была, дысертацыю нейкую спрабавала пісаць, любіла канцэрты, выступы артыстаў. Параўнай з Камчаткай: там дасвецце, тут яшчэ ноч не наступала. Там ноч калі, тут дзень яшчэ. У нас горад побач, культурнае жыццё, яна гэта вельмі цаніла, старалася любую магчымасць выкарыстаць.

Пра «Пабеду» Саша Камарцоў наш марыў. Ды хто пра яе тады не марыў сярод нас? Усе, можна сказаць. Падабалася вельмі. Адзін якраз па замене прыехаў таксама, але з Нямеччыны, набыў адразу «Пабеду» апошняга выпуску, а ўсяго старшы лейтэнант, «Пабеда» была толькі ў камандзіра палка дагэтуль. Паставіліся да гэтага неадназначна, можа сказаць з асуджэннем пэўным нават. Камандзір палка ён і ёсць камандзір, яму належыць, каб на «Пабедзе», а тут зусім малады, яшчэ пагоны нядоўга панасіў. У Сашы Камарцова бадай стрэмка ў душы была. Каштавала машына тады васемнаццаць ці дваццаць тысяч. На Камчатцы таксама плацілі, але на «Пабеду» у Камарцова не было. На «Пабедзе» ездзяць толькі пераможцы, жартавалі ў нас, удачнікі ездзяць.

Сашу Камарцова я добра памятаю, а лейтэнант старшы з «Пабедай», ён не забыўся таксама, толькі імя яго з прозвішчам з часам знікла з памяці, старшым лейтэнантам ён назаўжды застаўся. А здарылася наступнае: аднойчы ехаў ён упрыцемках і збіў чалавека, прыляцеў у гараж, паставіў машыну, замкнуў і на службу, узяў пісталет свой табельны і дахаты, жонка з дзецьмі спалі. А нехта бачыў здарэнне, нумар заўважыў нават, пазваніў у міліцыю. Яны прыходзяць, стукаюць у дзверы. Ён: хто там? З міліцыі! Ён: зараз адамкну. А сам пісталет да галавы і націснуў… Потым расследаванне было, ён не вінаваты, палічылі, чалавек дарогу пераязджаў на ровары безуважна, цёмна было, загінуў пад коламі.

За «Пабедай» той сачылі з увагаю, многім хацелася, хаця шчасця яна насамрэч не прынесла, але перакупіў зусім нечакана адзін тэхнік, Сашы пасябраваць з ім нічога не варта было, ён лічыўся душой любой кампаніі, калі трапляў. Паехаць у нядзелю на возера пакупацца ці парыбаліць, хай не на сваёй, але ўсё ж на «Пабедзе», гэта Сашы з Шураю надта падабалася. Перакупіць «Пабеду», ясна, марыў і Саша, але дзе ж грошай хопіць, калі Шура любіла па канцэртах, па тэатрах, па рэстаранах таксама. Вось, дарэчы, успамінаецца выпадак са спявачкай Зыкінай, папулярнай у той час вельмі.

Зыкіна выступала ў горадзе, дык Шура пасля канцэрту з ёю пазнаёміцца здолела і нават завабіць на таксоўцы да нас у гарадок — паглядзець, як жывуць авіятары, сказала ёй.

Камарцовы над намі жылі, яны мяне таксама запрасілі, але я адчуваў сябе не зусім у звыклай талерцы, Зыкіна карысталася папулярнасцю вялікай, яе Палітбюро любіла, гаварылі. Вось яны мяне запрасілі, каб нехта ацаніў, каб пацвердзіць мог потым. Што пілі тады, не памятаю, але яна ўсё паўтарала: «Я мужычкоў люблю!» Гэта не магло не запомніцца. У мяне на языку пытанне свярбела — ці праўда, што ў яе да нагі пляшачка з каньяком прымацавана, каб перад выхадам на сцэну ўзяць пару глыткоў? Але пра такое пытацца насамрэч не будзеш, ну дык я там у іх нядоўга й пабыў. Адвезьці Зыкіну ў гасцініцу ў горад яны папрасілі прыяцеля свайго на «Пабедзе».

Яны і спявалі разам, з ёю тады супольна, у Камарцовых піяніна было. «Я Зямля, я сваіх праважаю пітомцаў!» І быццам яна напраўду —кабета‑планета. Была такая песня, кожны дзень круцілі, а яна сама такая манументальная на сцэне. Саша таксама ўмеў на піяніна, спяваў як артыст барытонам, як нібыта нехта са спевакоў знаёмых. Ён і на вечарах у клубе не адмаўляўся штось выканаць, карацей неардынарны быў чалавек, яму б не лётчыкам, выканаўцам быць, з гастролямі выступаць, артыстычная натура, словам. А лятаў ён на Як‑28П, на перахопніку спачатку, самалёт навюткі быў, іх два палкі ўзброілі толькі, адзін на самай Камчатцы, другі ў Калінінградскай вобласці. Як амерыканцы ў нейтральнай зоне ўздоўж нашага берагу ідуць, перахопнікі ўзлятаюць і раўналежна з імі лятуць, кантралююць амерыканцаў. А нашыя сядаюць якраз на іхнім аэрадроме, на «дадзяжурванне» гэта называлася. У нас самалёты іншыя былі, таксама новыя, але недапрацаваныя, можна сказаць, часта падалі.

Не ведаю, у чым прычына, але Саша заступіў нейк дзяжурным па палку і ноччу ў казарме, што насупраць нашага дому, спрабаваў застрэліцца. Ніхто ад яго не чакаў, артыстычная натура, душа кампаніі, спяваць любіў «Уздоўж па Піцерскай», «На пыльных сцяжынках далёкіх планет застануцца нашы сляды», касманаўты тады ў модзе вялікай былі, усе захапляліся, радаваліся кожнаму наступнаму палёту, кожнаму новаму прозвішчу, паўтаралі іх… Справу замялі, нават ад палётаў не адхілілі яго. Мне Саша нічога не сказаў, размовы не атрымалася, толькі цыгарэты нервова ламаў, нібы кошка прабегла, адасобіўся ён нейк.

«Пабеда» была салідная, надзейная, наша. Што праўда, тэхніку таму не пашанцавала, разбіўся аднойчы, занадта хутка ехаў, не ўпісаўся ў паваротку. Саша з Шурай былі дома. Аднаўляць машыну ніхто не ўзяўся. Гэтая любоў да машыны напалову з гонарам за яе пачала ў нас паступова перагараць унутры, як вугаль у печцы. Кампалка з’ехаў па замене, знікла з гарадка і яго «Пабеда». А праехаць па адзінай вуліцы ўвечары асабліва, калі ўсе шпацыруюць, ці ў выхадныя, пра гэта ўсе марылі, было крыху зайздросна, навошта хаваць. Усе азіраюцца, спыняюцца, саступаюць дарогу з павагай, з цікаўнасцю праводзяць поглядамі, абмяркоўваюць доўга.

А ўвогуле: пакуль ты служыш, ты на кані, ты на стрэмені. А потым ўсё —запас, ты нікому не патрэбны, так і з «Пабедай», пакуль ездзіла, жыла, аздабляла вуліцы, гарады, усе яе ведалі, захапляліся — і мы можам! Была марай для многіх, недасягальнай марай, хто тады машыну мог мець, паспрабуй набудзь за тыя заробкі — раз‑два і аблічыўся. Хлопцы ляталі з небяспекай, падалі і разбіваліся, ды нават за гэта не плацілі дастаткова, каб «Пабеду» купіць. Але ганарыліся, ганарыліся ўсе і зайздросцілі, канечне, калі праязджала міма, калі нехта фарсіў.

А тут усё: спынілі выпуск раптам, знялі з канвееру, як забілі быццам, бо тут не проста — у запас, выпускаць яшчэ можна было, яшчэ ахвотных хапала, людзі грошы адкладалі, эканомілі. Чаму палякам прадалі, каб яны з яе «Варшаву» гарбатую зрабілі? Усе былі ў непаразуменні, бо любілі сваю «Пабеду», але яна стала знікаць з вуліц, прысмак расчаравання застаўся. Паспяшаліся. Палякі знявечылі «Пабеду», зрабілі падобнай да вярблюда ці да кенгуру якогасьці.

Саша адлятаў сваё, быў звольнены і пайшоў на радыёзавод, любіў расказваць пра платы розныя і пра Освальда, на заводзе гісторыя з ім стала легендай… Потым мы доўга не бачыліся, і зусім выпадкова сутыкнуліся з Шурай, было гэта ў абутковай майстэрні на вакзале, у левай вежы, не ведаю, ці існуе яна там дагэтуль, я зайшоў прафілактыку зрабіць. Шура расказала: павезла Сашу ў санаторый, ён сеў у фатэль з дарогі адпачыць пару хвілінаў, яна пайшла афармляць паперы, вярнулася, а ён сядзіць мёртвы. Лёгкая смерць, нічога не скажаш. А на «Пабедзе» сваёй так і не давялося праехаць. Затое палятаў, таксама з ветрыкам, таксама ў жыцці прыгода, не зусім руціна апошняя, хоць і работай гэта было, ды яшчэ нервовай, не параўнаць, між іншым, з той «Пабедай».

Сяргей Астравец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930