Знайсці
17.04.2021 / 20:09РусŁacБел

Лукашэнка заявіў, што Зянковіч і Фядута рыхтавалі замах на яго

Сёння падчас наведвання Шклоўскага раёна Лукашэнка заявіў, што на яго рыхтавала замах ФБР ці ЦРУ.

«У планах — захоп дзіцяці, аднаго, другога, як атрымаецца… «Пасадзім у пограб»… Дарэчы, у Гомельскай вобласці і пограб падрыхтавалі. Мы затрымалі групу. Яны нас прывялі, паказалі, як гэта ўсё планавалі. Я маўчаў. Затым мы выявілі працу відавочна замежных спецслужбаў — хутчэй за ўсё, ЦРУ, ФБР, не ведаю, хто там з амерыканцаў працаваў. Мы выявілі іх жаданне прыбыць у Мінск і заняцца арганізацыяй замаху на прэзідэнта і дзяцей.

Паводле яго слоў, Мінск па адпаведных каналах папярэдзіў пра гэта Маскву, «каб былі ў тэме».

— Не дай Бог, адказ будзе самым жорсткім. Іх захапілі ў Маскве. З ЗША прыляцела агентура, нейкі Зянковіч. Мы іх адсочвалі, назіралі. Яны баяліся сюды ехаць пасля таго, як мы затрымалі некалькі груп, якія зброю ўжо сюды звезлі, у схованкі схавалі. А яны з'ехалі ў Маскву. Хто ж там быў яшчэ? Наш жа там гэты быў… Фядута. Потым сталі шырэй глядзець, Кастусёў з'явіўся. У меншай ступені, ён у Маскве не быў, мы выйшлі на яго тут. І шэраг іншых…. Выслалі групу захопу ў Маскву, 10-12 чалавек.

«Жывыя людзі, запісалі ўсё, аўдыё, відэа. Не дай Бог, яны дакрануцца да маіх дзяцей, якія наогул не маюць дачынення да гэтага. Не дай Бог не толькі да маіх, але і да вашых, гэта будзе страшная разня. Але мяне здзіўляе іншае: чаму амерыканцы сябе так паводзяць? Бо паставіць задачу ліквідаваць прэзідэнта, запомніце, не можа даць ніхто, акрамя найвышэйшага палітычнага кіраўніцтва. Толькі яны, ніякія спецслужбы, толькі яны», — сказаў Лукашэнка.

Сюжэт быў паказаны на тэлеканале АНТ.

Затым АНТ паказаў кадры захопу Юрася Зянковіча і Аляксандра Фядуты, сцвярджаючы, што спынена дзейнасць тэрарыстычнай групы, якая збіралася займацца фізічнай ліквідацыяй Лукашэнкі і членаў яго сям'і. Сюжэт пракаментаваў кіраўнік КДБ Іван Церцель.

«Камітэтам дзяржаўнай бяспекі паспяхова завершаная шматступенная спецыяльная аперацыя, у выніку якой на ўсіх этапах задакументаваная і спыненая дзейнасць арганізаванай групы тэрарыстычнай накіраванасці», — распавёў Іван Церцель.

Паказалі відэа са словамі Фядуты (у відэазванку ўдзельнічалі таксама Ігар Макар, Юрась Зянковіч, Рыгор Кастусёў, доктар Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажанка), дзе той прыводзіў прыклад ліквідацыі ў 1981 годзе прэзідэнта Егіпта Анвара Садата [яго расстралялі вайскоўцы падчас параду], але прапанаваў не гаварыць пра гэта, а пагугліць у вікіпедыі.

Паведамляецца, што пераварот нібыта быў прызначаны на чэрвень-ліпень. Доказная база, якая з'явілася ў эфіры АНТ, — размовы ў зуме Фядуты, Зянковіча і яшчэ пяцярых чалавек. Ніякіх згадак зброі ці канкрэтных сведчанняў падрыхтоўкі «мяцяжу» не прагучала.

Рыгор Кастусёў быў затрыманы ўвечары 12 красавіка ў Шклове.

У той жа дзень перастаў выходзіць на сувязь палітолаг Аляксандр Фядута, які знаходзіўся ў Маскве. На наступны дзень стала вядома пра яго затрыманне, а таксама пра затрыманне юрыста Юрыя Зянковіча ў Маскве (ён грамадзянін ЗША і жыве там, але быў у сталіцы Расіі па справах бізнэсу). Па словах ягонай жонкі, яго літаральна выкралі з гатэля.

13 красавіка ў КДБ паведамілі пра затрыманне Кастусёва і Фядуты па «непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера