Знайсці
16.04.2021 / 16:45РусŁacБел

Першыя перамогі андэрдогаў і новы бамбардзір з Гомеля. Што цікавага чакаць у наступных матчах чэмпіянату Беларусі?

Разам з намі і Букмекерскай канторай Марафон вы не прапусціце ніводнай цікавосткі футбольнай вышэйшай лігі.

Мінулы тур аказаўся турам неспадзяванак. Калі мы ледзь не спісалі «Спадарожнік» і «Слуцк» з рахункаў, тыя ўзялі і здабылі першыя ў сезоне перамогі. У рэчычан адзначыўся форвард з Нікарагуа Арыягнер Сміт, які ў першай гульні за беларускі клуб меў мноства момантаў, але змог адзначыцца толькі аднойчы. А случчакі нічога не далі зрабіць жодзінскаму «Тарпеда» і заслужана папоўнілі скарбонку трыма турнірнымі баламі.

Фота: ФК «Слуцк».

Як случчакі і рэчычане, смак першай перамогі адчулі гульцы «Руха» і «Віцебска». Берасцейцы вымучылі перамогу над «Іслаччу», а дубль Цеверава прынёс паўночнай камандзе перамогу ў Мазыры. 

Калі казаць пра лідараў, то БАТЭ быў вельмі блізкім, каб сапсаваць сабе настрой перад 25-годдзем клуба. Яшчэ на 81-й хвіліне гульні з «Мінскам» барысаўцы гарэлі з лікам 0:2, але адгуляліся і звялі матч у нічыю. Але матч не абышоўся без судзейскай памылкі: абаронца БАТЭ Павел Рыбак забіў мяч рукой. 

Крыху раней брэсцкае «Дынама» выстаяла яшчэ ў адной гульні з беларускім топам — у дынамаўскім дэрбі была зафіксаваная нічыя. Найбольшы профіт з нічыіх канкурэнтаў займеў салігорскі «Шахцёр», які змог павялічыць адрыў да чатырох балаў. Такімі тэмпамі вельмі хутка знікне чэмпіёнская інтрыга, чаго б ні хацелася.

Вось усе вынікі чацвёртага тура:

  • «Энергетык-БДУ» — «Спадарожнік» 0:1 (77, Сміт)
  • «Іслач» — «Рух» 0:1 (69, Рахманаў)
  • «Слуцк» — «Тарпеда-БелАЗ» 2:0 (52, Бабко; 78, Сасін)
  • «Дынама-Брэст» — «Дынама-Мінск» 1:1 (70, Беленькі — 15, Кісляк)
  • «Мінск» — БАТЭ 2:2 (47, Касараб; 64, К. Зіновіч — 82, Рыбак; 90+2 (п), Скавыш)
  • «Гомель» — «Нёман» 2:0 (11, 33; Ан. Салавей) 
  • «Славія» — «Віцебск» 0:2 (27, 49; Цевераў)
  • «Шахцёр» — «Смаргонь» — 3:0 (8, Філіпенка; 72, Анціч; 84, Іванавіч)

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

«Славія» і «Нёман» апынуліся на дне табліцы, але па тым, як гуляюць у гэтым сезоне каманды, нечаканым гэта не назавеш. Прычым каляндар у абедзвюх не тое каб быў складаным. 

Асобна хацелася б звярнуць увагу на бамбардзірскія поспехі Андрэя Салаўя з «Гомеля». 26-гадовы гулец адзначаецца ў кожнай гульні, прычым «Нёману» забіў двойчы. Магчыма, у нас з’явіўся свой Джэймі Вардзі?

Андрэй Салавей. Фота: ФК «Гомель».

А цяпер — да матчаў пятага тура.

«Спадарожнік» — «Іслач»

Даволі цікавая афіша: каманда з узнятым маральным станам пасля першай вікторыі супраць калектыву, які хвацка стартаваў, але пасля двойчы прайграў і не змог ніводнага разу забіць. 

У «ваўкоў» даволі добрыя шанцы, на думку букмекераў, але рэчычане цяпер, відаць, так проста балы не аддадуць.

«Віцебск» — «Слуцк»

У гэтым матчы, у адрозненне ад папярэдняга, сітуацыі падобныя: тры адносна няўдалыя туры і першая перамога, якая дорыць надзею на спрыяльнае далейшае развіццё сезона. Такому раскладу патрэбнае далейшае развіццё, але перамагчы зможа толькі адзін.

Але што цікава: віцебчукі 4 з 5 балаў набралі ў гасцях, а случчакі ўсе свае чатыры — выключна на хатняй сінтэтыцы. Ці працягнецца гэта тэндэнцыя, пабачым вечарам у пятніцу.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Дынама-Брэст»

Жодзінцы, ад якіх чакаюць шмат, але пакуль не ўсё атрымліваецца, у суботу прымаюць берасцейцаў, ад якіх мала што чакалі ў гэтым сезоне, але якія сталі адной з каманд-адкрыццяў сёлетняй лігі. 

У «Тарпеда» не атрымалася зусім нічога ў Слуцку. Паглядзім, ці паспеў Юрый Пунтус правесці работу над памылкамі.

«Нёман» — «Мінск»

Нягледзячы на згубленую перамогу ў гульні з БАТЭ, «Мінск» заслугоўвае пахвалы: у стартавым складзе «гараджан» выйшлі трое гульцоў, не старэйшых за 21 год, а ўсяго супраць барысаўцаў згулялі ажно восем «лімітчыкаў». А галы забівалі Касараб і Зіновіч, якія нарадзіліся ў 2003 годзе. Такое амаладжэнне выклікана траўмамі ў камандзе, але бачна, што ў «Мінску» ёсць каму замяніць старэйшых таварышаў.

У белай форме — адна з маладых зорак «Мінска» Кірыл Зіновіч. Фота: ФК «Мінск».

Што тычыцца «Нёмана», то гарадзенцы пакуль расчароўваюць. Ад каманды, якая летась стала сенсацыяй чэмпіянату, падобна, мала што засталося. Але яшчэ не запозна нешта выправіць.

БАТЭ — «Энергетык-БДУ»

БАТЭ прадэманстраваў характар, але яшчэ крыху адпусціў ад сябе «Шахцёр». Яшчэ адзін галаўны боль барысаўцаў — абарона. У апошніх двух турах каманда Жукоўскага прапусціла чатыры мячы, прычым па два галы забілі «Гомель» і «Мінск», пры ўсёй павазе — слабейшыя каманды па класе.

«Энергетык», хоць і прайграў двойчы і набраў у два разы менш балаў, мае на адзін прапушчаны мяч менш. Але «студэнты» два туры не забіваюць, а тры з чатырох мячоў у сезоне забілі «Смаргоні», таму праблем у «студэнтаў» хапае.

«Шахцёр» — «Славія»

Салігорцам пашанцавала з календаром: да шостага тура матчы выключна з камандамі, якія істотна саступаюць чэмпіёнам у класе. Вынік пасля чатырох матчаў: выключна перамогі, 2,5 забітыя мячы ў сярэднім штоматч і толькі адзін прапушчаны.

Вялікая імавернасць, што і «Славія» стане чарговай ахвярай «Шахцёра». Але варта быць пільнымі: мінулай восенню мазырчукі змаглі выйграць у «гарнякоў».

«Дынама-Мінск» — «Гомель»

Леанід Кучук рыхтаваў каманду ў рэжыме звышсакрэтнасці, але не змог стварыць ідэальны калектыў, які б штампаваў перамогу за перамогай. Пакуль мінчукі маюць праблемы і не могуць перамагчы ў моцных прадстаўнікоў абласных цэнтраў. 

А «Гомель» з такіх клубаў выглядае ці не наймацнейшым, плюс наперадзе ў каманды Біёнчыка ёсць таленавіты Андрэй Салавей. Але «Дынама» ўмее гуляць ад абароны, таму ў нядзелю нас чакае патэнцыйна найцікавейшы матч усяго тура.

«Рух» — «Смаргонь»

Гульнявы ўікэнд скончыцца ў Брэсце, дзе «Рух» будзе імкнуцца ператварыць першую перамогу сезону ў серыю. Умовы для гэтага самыя спрыяльныя: у госці едзе апошняя каманда табліцы. 

Магчыма, прыклад «Спадарожніка» зможа натхніць і смаргонцаў на першую перамогу. Але імавернасць такога раскладу невялікая.

Стаўкi на матчы чэмпіянату Беларусі па футболе Вы можаце зрабіць у пунктах прыёму ставак Букмекерскай канторы Марафон, а таксама на сайце marathonbet.by.

Марафонбет з'яўляецца найбуйнейшым букмекерам у Беларусі па колькасці кас (Ліцэнзія № 33120/171, выдадзеная МПЗ РБ) і прадстаўлены ў 21 горадзе краіны.

Спіс адрасоў кас

Піліп Каваленка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера