Знайсці
15.04.2021 / 16:41РусŁacБел

Пяць фраз, якія нельга казаць чалавеку з псіхалагічнай траўмай

Парады тэрапеўтаў.

фота pixabay.com

Фізічны ці псіхалагічны гвалт могуць выклікаць у чалавека псіхалагічную траўму. Трэба шмат мужнасці, каб расказаць пра свой вопыт іншаму чалавеку, таму на падобныя гісторыі трэба правільна рэагаваць. Бо часам, калі мы спрабуем падтрымаць чалавека, мы можам выпадкова сказаць нешта бестактоўнае, што толькі пагоршыць стан суразмоўцы.

Това Мінс, псіхатэрапеўтка з Чыкага, сцвярджае, што многія людзі, якія перажылі траўму, ніколі не расказваюць пра яе, бо баяцца асуджэння ці прысаромлівання. Іншыя не дзеляцца сваёй гісторыяй, бо думаюць, што на самай справе тое, праз што яны прайшлі — не такая ўжо і дрэнная падзея, тлумачыць Huffpost.

Прапануем некалькі рэкамендацый псіхолагаў пра тыповыя фразы, якіх лепей пазбягаць у размове з траўмаваным чалавекам.

  • «Магло быць і горш».

Калі вы так кажаце, магчыма, вы жадаеце паказаць чалавеку іншы погляд на сітуацыю. Але гэтыя словы нясуць у сабе шкоду, бо мінімізуюць тыя пакуты, якія чалавек ужо перанёс. Так можна прымусіць суразмоўцу думаць, што тое, праз што ён прайшоў, недастаткова сур’ёзнае, каб кваліфікаваць гэта як траўму. Гэткім чынам мы яе толькі ўзмацняем.

  • «Гэта здарылася з табой, бо ты зрабіў ці не зрабіў …»

Такія каментары — элемент віктымблеймінгу. Сутнасць гэтай з’явы — выказванне здагадкі, што калі б чалавек зрабіў нешта па-іншаму (напрыклад, не ўжываў алкаголь або раней вярнуўся дахаты), траўматычная падзея не здарылася б. Гэта і бестактоўная заява, і недакладная, бо мы не заўсёды можам прадухіліць дрэнныя рэчы, што б мы ні рабілі.

  • «Тое ж самае здарылася са мной ці з маім знаёмым».

Зразумела, што вы жадаеце паказаць нейкую сувязь паміж сваім вопытам і тым, праз што праходзіць чалавек. Але, магчыма, першая гутарка пра чужую траўму — не лепшы час, каб расказваць пра свой дрэнны вопыт. Лепей не перашкаджаць і даць іншаму чалавеку магчымасць максімальна расказаць пра сваю гісторыю. Аднак наступны раз, магчыма, сапраўды можна будзе падзяліцца з чалавекам гісторыяй уласнай траўмы.

  • «Усё здараецца па нейкай прычыне».

Людзям падабаецца казаць тым, хто перажыў траўму, што ёсць нейкая важная прычына таго, чаму з імі здарылася нешта дрэннае. Мы часта кажам іншым банальнасці, калі нам цяжка падабраць словы, але такія каментары могуць пакрыўдзіць траўмаванага чалавека. Да таго ж, ацэньваць сэнс чужога вопыту — не ваша справа.

  • «Гм, здаецца, табе дасталася. Ты звярнуўся да псіхолага?»

Ваш намер зразумелы — вы жадаеце прадэманстраваць траўмаванаму чалавеку сваю падтрымку. Вядома, параіць яму звярнуцца да спецыяліста — не самая дрэнная ідэя. Але таксама важна не прымусіць чалавека думаць, што вы не здольныя падтрымаць яго і менавіта праз гэта накіроўваеце яго да доктара. Таксама вы можаце аказацца першым чалавекам, каму ваш суразмоўца распавёў сваю гісторыю, таму парада пайсці да псіхолага можа аказацца заўчаснай.

Што казаць замест

Памятайце, што траўмаванаму чалавеку не абавязкова трэба чуць ад вас парады пра тое, як вырашыць яго праблемы. Магчыма, што да вас проста звярнуліся, каб атрымаць падтрымку. Вось некалькі фраз, якія могуць дапамагчы:

  • «Не ўпэўнены, што табе сказаць, але я рады, што ты расказаў мне сваю гісторыю».
  • «Мне так шкада, што гэта з табой здарылася».
  • «Я не ведаю дакладна, што ты адчуваеш, але калі б я быў на тваім месцы, мне было б так страшна/сумна/я быў бы такі раззлаваны».
  • «Ці ёсць нешта, што я магу зрабіць, каб падтрымаць цябе?»

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера