Знайсці
14.04.2021 / 15:53РусŁacБел

«Не хацела абразіць старшыню ЦВК, не мела яе на ўвазе». Мінчанку судзяць за паведамленне пра Ярмошыну ў раённым чаце

Аляўціна Корчык працуе тэхнічным пісьменнікам, рыхтуе напаўненне для мабільных дадаткаў. У пачатку 2021 года яе затрымалі аператыўнікі ГУБАЗіК, якія знайшлі ў адным з раённых чатаў паведамленне з абразлівым зместам на адрас Ярмошынай. Праваахоўнікі палічылі, што ў дачыненні да старшыні ЦВК здзейснена злачынства. Аднак сама Аляўціна кажа, што не мела на ўвазе нікога канкрэтнага і не хацела абражаць чыноўніцу.

Паводле абвінавачвання, Аляўціна Корчык пакінула паведамленне, якое падрывае аўтарытэт Лідзіі Ярмошынай і прадстаўнікоў улады. Каментар мінчанкі, па меркаванні следства, парушае агульныя нормы маралі. Такім чынам, дзяўчыну абвінавачваюць у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з займанай пасадай (арт.369 КК, пагражае да 3 год «хіміі»).

Аляўціна заявіла ў судзе, што віны не прызнае. Прыгадала, што ў кастрычніку 2020 года хтосьці пакінуў у раённым чаце відэа парнаграфічнага характару. Гэта яе абурыла, паколькі падобным чынам раней шантажавалі яе блізкага чалавека, таксама нехта з карыстальнікаў абразіў дзяўчыну на відэа, таму Аляўціна вырашыла выказаць сваё меркаванне. Яе каментар гучаў так: «Большай ш., чым Ярмошына, нікому не стаць усё адно». Сёння ў судзе дзяўчына кажа, што напісала прозвішча, якое першае прыйшло ёй у галаву, нікога канкрэтнага, а тым больш старшыню ЦВК, яна не мела на ўвазе. Кажа, што толькі пры прад’яўленні абвінавачвання даведалася, хто ўзначальвае Цэнтрвыбаркам.

У матэрыялах справы фігуруе лінгвістычная экспертыза, паводле якой немагчыма адназначна сцвярджаць, што негатыўны каментар накіраваны ў бок старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Адвакат і абвінавачаная настойваюць, каб эксперта выклікалі ў суд, паколькі яе высновы падчас папярэдняга следства не былі належным чынам улічаныя.

Сама Ярмошына ў суд не з’явілася, з якой прычыны — невядома, аднак ні пракурор, ні абаронца на сталі настойваць аб яе дадатковым выкліку. Звестак пра тое, што старшыня ЦВК сама звярнулася ў праваахоўчыя органы, няма. У матэрыялах справы ёсць паказанні аператыўніка аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, які патлумачыў, што па ўказанні начальства маніторыў чаты Маскоўскага раёна, каб выявіць падазроныя паведамленні. Так міліцыянеры і выйшлі на Аляўціну.

У судзе зачыталі яе першыя паказанні пасля затрымання. Там дзяўчына прызнае віну. Чаму ж зараз іншая пазіцыя? Па словах абвінавачанай, яна прызнавала віну пад ціскам праваахоўнікаў, ёй абяцалі, калі ўсё падпіша, адпусцяць дадому, а не — дык павязуць на Акрэсціна, чаго Аляўціна баялася. Але ў выніку яна падпісала пратакол, пасля чаго яе павезлі ў ізалятар. Наконт незаконных метадаў следства адвакат, па яе словах, звярталася і да прадстаўнікоў СК, і пракуратуры, аднак складу злачынства ў дзеяннях супрацоўнікаў не выявілі.

Пракурор лічыць, што віна Аляўціны Корчык даказаная і просіць пакараць яе 2 гадамі хатняй хіміі. Варта адзначыць, што дзяўчына раней не прыцягвалася ні да адміністратыўнай, ні да крымінальнай адказнасці.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930