Знайсці
17.04.2021 / 18:52РусŁacБел

Сківічны хірург Андрэй Любецкі валанцёрыў пад Акрэсціна, а яго жонка Наталля трапіла ў «шпіёнскі» фільм АНТ — вялікая гутарка

Муж і жонка Андрэй і Наталля Любецкія абое дактары. Ён выбітны сківічны хірург, яна стаматолаг. Абое засталіся без працы. Наталлю папрасілі сысці пасля сюжэту на АНТ, дзе расказвалі пра яе дапамогу Ігару Макару.

Мы сустрэліся з Андрэем, каб пагутарыць пра медыцыну, сям’ю, суткі ў Жодзіне і адмову лячыць амапаўцаў. А таксама пра тое, што адбывалася ў іх, пакуль па дзяржТБ круцілі «шпіёнскі» фільм.

«Збіраўся ў фізкультурны, але за тры месяцы да паступлення перадумаў»

Андрэй родам з Беразіна. З дзяцінства захапляўся футболам, падаваў надзеі і збіраўся стаць студэнтам фізкультурнага інстытута. Але за тры месяцы да паступлення перадумаў.

«Аргументы бацькоў, што не трэба гэтым займацца, былі непераканаўчыя. Але я ўбачыў фільм, дзе паказвалі, што адбываецца са спартсменамі па заканчэнні кар’еры, што яны становяцца нікому не патрэбнымі, інвалідамі. І перадумаў. У 11 класе да нас прыходзіў псіхолаг і праводзіў тэсціраванне на прадмет таго, у якой прафесіі чалавек можа больш за ўсё праявіць сябе. У мяне атрымалася біялогія і медыцына. Да таго ж я быў блізка знаёмы з адным дацэнтам — я паглядзеў на яго прыклад і пайшоў у медыцыну», — распавядае доктар.

Спорт у яго жыцці таксама застаўся. У інстытуце Андрэй займаўся баскетболам, аднойчы нават быў прызнаны найлепшым гульцом міжфакультэцкага турніра. Па нядзелях — футбол: ганяў з доктарскай камандай. У ёй медык гуляў да 40 год, а пасля не стала ставаць часу з-за дзяцей, дый пералом шчыкалаткі даваўся ў знакі.

Андрэю падабалася хірургія. Студэнтам ён падпрацоўваў ў 9-й бальніцы, у анкацэнтры ў Бараўлянах — асіставаў на аперацыях. Пасля вучобы размеркаваўся ў 4-ю дзіцячую бальніцу, дзе працаваў да 2016-га — амаль 18 год. Праводзіў унікальныя аперацыі па пластыцы расколін паднябення і твару.

«У мяне заўсёды было мінімум паўтары-дзве стаўкі, або я паралельна недзе падпрацоўваў, — апісвае Андрэй сваю загрузку. — На фірмах я зарабляў грошы, а бальніца больш для душы. У 2016 годзе ў нас нарадзілася чацвёртае дзіця, і калі мне прынеслі кантракт на працягненне я паставіў умову — ніякіх дзяжурстваў. Бо жонка не можа адна з усім спраўляцца. У выніку мне не працягнулі кантракт. І далей я пайшоў у прыватныя клінікі працаваць, больш шчыльна стаў займацца зубной імплантацыяй.

Безумоўна, шкадаванне было. Асабліва непрыемна тое, як адбылося звальненне — па сутнасці выгналі на вуліцу карміцеля пяці ртоў. Дзе быў той хвалёны прафсаюз? З іншага боку, я разумеў, што мне трэба займацца тым, што дазволіць больш часу праводзіць з сям’ёй. І фінансы таксама не апошнюю ролю гралі. Калі б я заставаўся ў бальніцы, мне давялося б усё адно падпрацоўваць, бо не хапала б грошай, і гэта было б цяжка фізічна».

«З жонкай пазнаёміўся, калі яна была маёй студэнткай»

Сем год Андрэй выкладаў у медынстытуце курс па дзіцячай хірургіі твару, праводзіў пары на базе бальніцы. У той час ён пазнаёміўся з Наталляй — яна была яго студэнткай. Розніца паміж імі — 13 год.

«Падчас вучобы мы з ёй не кантактавалі. Пасля ўжо яна ў мяне спытала нешта, папрасіла метадычку — і закруцілася. У яе і мяне гэта другі шлюб. Тады ў нашых парах былі складаныя адносіны, ішоў раскол. Мы сталі адно аднаго падтрымліваць і на гэтай глебе сышліся».

Любецкія выхоўваюць чацвярых дзяцей. Старэйшай дачцэ 10 год, двайнятам (хлопчыку і дзяўчынцы) — па 7, малодшай дачцэ — 4. Усе займаюцца таэквандо.

«Трэба аддаць належнае жонцы — асноўная нагрузка па дзецях ляжыць на ёй. У тым ліку і таму яна працавала не на поўную стаўку, а на палову. Я разумею, што гэта было б ідэальна, калі б яна займалася толькі гаспадаркай, але няправільна. Чалавек павінен рэалізоўваць сябе не толькі ў сям’і, я лічу. Павінна быць нейкая аддушына, камунікацыя. Наташа і сама хацела працаваць.

Наконт сітуацыі ў краіне — я дзецям не расказваю, што адбываецца. Але яны ж усё адно нашы размовы падслухоўваюць. Старэйшая неяк сказала: «Тата, у нас у класе ўсе за «Жыве Беларусь».

«Гадзіннік з «Пагоняй» мне падарыў фэйсбучны сябар. Гэта заказ Міністэрства абароны пачатку 90-х гадоў»

«У аўтазаку я быў віп-персонай — адзіны затрыманы»

Пасля выбараў Андрэй разам з калегамі валанцёрыў пад Акрэсціна. Пра скалечаных затрыманых даведаўся ад знаёмага хірурга ў прафесійным вайбер-чаце.

«Ён напісаў, што там быў і жахнуўся ад таго, што бачыў. Ён дзяжурыў у першую ноч, калі людзей сталі выпускаць. На наступны дзень я туды паехаў. На той момант я ўжо не бачыў сур’ёзных траўм, у асноўным сінякі, па маёй спецыялізацыі былі пару чалавек, якія мелі патрэбу ў кансультатыўнай дапамозе, не хірургічнай. Але калегі, якія сутыкнуліся з цяжкамі траўмамі, працавалі ў бальніцы хуткай дапамогі, распавядалі, што гэта быў кашмар».

Доктар і сам правёў у ізалятары дзве ночы. Яго затрымалі 11 кастрычніка пасля маршу. На Андрэі ў той дзень былі чырвоныя куртка і красоўкі, заплечнік з арнаментам.

«Мы з сябрам ішлі ў бок Зыбіцкай. Калі мяне ўнутраныя войскі затрымлівалі, далі пару разоў прыкладам па галаве і зацягнулі ў аўтазак. Я там быў віп-персонай — адзіны затрыманы. Са мной ездзіла 10 супрацоўнікаў, з іх 8 — жанчыны. Страху, калі шчыра, не было. Але я разумеў, што можа быць усяк.

Мяне спачатку паставілі на калені. Кажу: я не заслужыў стаяць на каленях, доктарам працую. Адна з жанчын падышла галаву мне перавязала, бо цякла кроў.

У тую нядзелю ў Жодзіна шмат людзей прывозілі з маршу, і гэта раздражняла змену, бо ім прыходзілася працаваць. Мы там па катакомбах бегалі, стаялі на расцяжцы. У камеры нас ніхто ўжо не чапаў. Але ўмоў там ніякіх — нас было васьмёра у чатырохмеснай. Спалі валетам у асноўным. Але я адмовіўся — напарнік мой спартыўны, я немаленькі. Спаў на металічнай лаўцы сяк-так.

Суддзя ў мяне была з Крупак. У нейкім сэнсе пашанцавала, бо мінскія суддзі, наколькі ведаю, не цырымоніліся, усім лупілі суткі. Мне ж далі 5 базавых».

Са студзеня Андрэй афіцыйна пазбавіўся працы. Кажа, уладкавацца нават у прыватныя клінікі яму цяпер вельмі складана.

«Дзве ночы жонкі не было дома, дачка стала гугліць, што такое СІЗА»

У пачатку красавіка на АНТ выйшаў фільм «Манкурты» пра беглых сілавікоў. Адну з серый прысвяцілі сям’і Любецкіх. Пры чым тут медыкі? Наталля Любецкая і Ігар Макар вучыліся ў адной школе, у дадатак яе мама там жа выкладала. У фільме расказвалі, што Наталля па просьбе Макара забірала нейкія дакументы. Што ў іх, яна не ведала. У сюжэце кажуць, што там нібыта мусілі быць дакументы з КДБ, але аператыўнікі, раскрыўшы задуму, іх падмянілі. Фрагменты допыту доктаркі паказалі ў эфіры.

У тыя дні, прызнаецца Андрэй, было страшна за жонку. Наталля знікла ў ноч на 1 красавіка.

«Увечары яна папярэдзіла, што па нешта з’едзіць. Ну добра, бывае. Праз 15 хвілін званіць дамафон, я падымаю трубку — нічога не чутно. Я вырашыў спусціцца ўніз, каб больш не званілі і не будзілі дзяцей. А там стаяць сем чалавек, паказваюць «корачку»: «Пройдземце на вобшук». Я здзівіўся: дзеці спяць, які вобшук? «Мы культурна ўсё зробім». Падняліся тры чалавекі, забралі мой тэлефон, ноўтбук, і ўсё.

Перадалі мяне іншай брыгадзе — яны ехалі аглядаць кватэру, якую мы будуем. А там голыя сцены, я жартаваў, што сэнсу няма ехаць — там нават канапа не стаіць, няма за што грошы хаваць. Заходзім у пад’езд, а каля ліфта «Пагоня» налеплена. Усміхаюся: о, нашы людзі. Яны абурыліся: вы дзеліце людзей на нашых і не нашых, а мы якія? Кажу: лічу, што вы нашы, павінны нам дапамагаць.

Прыехаў дадому а 3-й ночы, жонкі не было. У мяне пазл не складваўся: я думаў, па мяне прыйшлі. І ўсе так думалі. Пасля аказваецца, што агляд быў у цесця з Гродна. Я не мог зразумець, што адбываецца. Мне нават падалося ў нейкі момант, што гэта розыгрыш. Дзе жонка, у міліцыі мне не сказалі. Дзве ночы Наталлі не было.

Калі дзеці пыталіся, я казаў, што мама на працы ці ў камандзіроўцы. Старэйшая ўсё разумела, але не пытала. Стала гугліць, што такое СІЗА». 

Цяпер Наталля дома, пасля допытаў яна вярнулася падаўленая. На наступны дзень, як яна выйшла на працу ў 4-ю паліклініку, папрасілі пісаць заяву на звальненне. Ці заведзена на яе якая справа, Андрэю незразумела. Але ён абураны сюжэтам, які выдала дзяржТБ.

«Калі ў чалавека бяруць падпіску аб неразгалошванні, а праз два дні кляпаюць пра яго фільм, хоць яшчэ не было суда, — што гэта такое?»

«Калі размова ідзе пра планавае ўмяшальніцтва, я маю права не прымаць чалавека»

Хірург не хавае сваю пазіцыю. У фэйсбуку ў яго некалькі старонак — прыхільнікі ўлады баняць доктара за яго выказванні.

«Максімальны бан — месяц. І ты месяц не можаш даносіць свае думкі пра нейкія падзеі. Я бяру і ствараю новую старонку, збіраю назад у сябры «прастытутак, наркаманаў, змагароў», — смяецца Андрэй. — Старыя старонкі не выдаляю, бо часам там выкладаў вершы, якія нідзе не дубляваў, пасля хачу сабраць іх сабе на памяць».

У адным з допісаў доктар пісаў, што ні за што не стане лячыць сілавікоў, замяшаных у гвалце.

«Патлумачу: калі будзе патрэбная неадкладная дапамога, я любога лячыць буду, няважна, хто на стале. А калі размова ідзе пра планавае ўмяшальніцтва, я маю права не прымаць чалавека. Калегі мяне не крытыкавалі — наадварот. Шмат хто прытрымліваецца той жа пазіцыі. 

Я лічу, што дзяржава — гэта дамова з групамі людзей. Вы навучыліся лячыць — лечыце нас, навучыліся абараняць — абараняеце. А ў нас уся машына працуе на тое, каб утрымаць сінія пальцы. Таму ў мяне рука не паднялася б, калі б я ведаў, што мой пацыент — амапавец, які кагосьці збіваў».

Андрэй дзеліцца, што з яго знаёмых шмат хто з’язджае. У тым ліку і дактары.

«Праблема ў чым — дзіркі ў медыцыне можна заткнуць выпускнікамі. Але няма пераемнасці, бо з’язджаюць людзі сярэдніх гадоў, якія нечага дасягнулі, нешта ведаюць і ўмеюць. Найлепшыя спецыялісты. Вучыцца няма ў каго. Гуманітарная катастрофа — гэта вялікая праблема. 

Наша сям’я разглядае розныя варыянты — ці перацярпець-перачакаць гэты перыяд, ці адсюль з’язджаць. Спадзяюся, мы зможам застацца тут».

Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930