Знайсці
12.04.2021 / 11:00РусŁacБел

«Крот» у доме састарэлых, лакдаўн ва Ухані, падземны шпіталь у Сірыі: пяць дакументальных прэтэндэнтаў на «Оскар» пакажуць у Мінску

Цырымонія ўзнагароджвання прэміяй «Оскар» адбудзецца ўжо праз два тыдні, а гэтымі днямі ў Мінску распачнуцца паказы дакументальных кінастужак з ліку прэтэндэнтаў на статуэтку. Дзве з іх намінаваныя на «Оскар» у катэгорыі «Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм» і тры ўзятыя з лонг-ліста. Паказы будуць праходзіць з 14 да 18 красавіка ў кінатэатры Silver Screen Galileo, а пасля прагляду прадугледжаны дыскусіі з кінаэкспертамі.

«Агент крот» Мэйці Альбердзі

Праграма «Oscars.doc. Намінанты і фіналісты» пачнецца з надзённага — з дакумента часу «76 дзён», дзе паказаны шпіталь і вуліцы Уханя падчас татальнага лакдаўну ў студзені мінулага года.

Наступная ў раскладзе — «Пячора» сірыйскага рэжысёра Фераса Фаяда, што адседзеў у турме за ўдзел у паўстанні супраць Башара Асада і са сваім фільмам ужо быў намінаваны на «Оскар». Карціна паказвае шпіталь пад зямлёй у асаджаным сірыйскім горадзе, у якім лекаркі маюць справу з патокам не проста хворых, а параненых дзяцей.

На трэці дзень запланаваная кранальная крымінальная гісторыя з Нарвегіі «Мастак і злодзей» — пра тое, як мастачка збліжаецца са злодзеем, які скраў яе карціны.

У апошнія два дні праграмы будуць паказаны непасрэдныя намінанты на «Оскар», якіх у гэтай катэгорыі ўсяго пяць. Першым — румынскі палітычны трылер пра тое, як журналісты выкрываюць карупцыйныя схемы ў сістэме аховы здароўя краіны і як гэта ўплывае на наваколле.

Апошняй у серыі стане дакументальная камедыя «Агент крот»: прыватны сышчык мусіць праверыць, у якіх умовах утрымліваецца маці кліенткі ў доме састарэлых. Ён наймае для гэтай справы 93-гадовага мужчыну, які не мае дачынення да сыску, і для таго пастаўленая задача становіцца сапраўднай авантурай.

Пасля сеансаў фільмы можна абмеркаваць з праграмным дырэктарам «Лістапада» Ірынай Дзям’янавай і даследчыцай кіно Марыяй Касцюковіч.

Арганізатар праекта кампанія «Арт Карпарэйшн», што робіць Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад», стала пастаўляе на вялікі экран інтэлектуальнае аўтарскае кіно. На мінулым тыдні завяршыліся «Уікенды з Кшыштафам Кесьлёўскім», якія ўключылі ў сябе сем карцін польскага і французскага перыядаў рэжысёра, а таксама падборку яго дакументальных работ. Пасля праграмы «Oscars.doc» абяцаныя паказы Федэрыка Феліні і Паола Сарэнціна.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера