Знайсці
17.06.2009 / 14:441РусŁacБел

Радасць, гразь і сяброўства на «Пустых узгорках»

Рэпартаж з фестывалю альтэрнатыўнай музыкі і жыцця.

Хтось афарбаваў свой чэрвень фестывалем Be2gether, ну, а хтось — сёмымі «Пустымі ўзгоркамі», што адбываліся ў тыя ж дзянькі ля вёскі Булгакава, на мяжы Смаленскай і Калужскай вобласцяў Расіі.

«Узгоркі» — гэта музыка, кіно, тэатр і эзатэрыка. А яшчэ — фестываль радасці і сяброўства. Багна, з якой ледзь кракадзілы не вылазяць Неба — такое навальнічнае, сіняяе-сіняе, псіхадэлічнае, трава — зялёная-зялёная пад небам тым, а кветкі — жоўтыя-жоўтыя. Дождж, цемра і бруд слізкі, у які — ой! — і зваліўся. Так адкрываліся «Узгоркі».

Сонца-дождж-сонца — фармат сёмага фестывалю. А гэта значыць, гразь. Брудныя дарогі паўсюдныя і ногі босыя, па калена запэцканыя. Захраслы трактар «Беларусь», электрычнасць раз за разам знікае. Частка праграмы адменена. Нервуюцца арганізатары. Ды, здаецца, што без брудных ног было б не так нешта, няправільна і нецікава нейк…

48-гадовы ўкраінскі хіпі Ян прыязжае на кожны фэст. Ён робіць «растачкі» і мілых вышытых мятлушак прадае. «Тут мора пазітыву і мінімум негатыву! Праўда, надвор’е сёлета не вельмі, але ўсе, як дзеці, радуюцца ў гэтай багне, з якой ледзь крадзілы не вылазяць!» «Не заганяйся, а проста прысутнічай!» — раіць мне дзядзька-арганізатар.

«Гразь — гэта ілюзія», — размяшчае хтось шыльдачку на ўзбочыне лясной дарогі.

«Пустыя ўзгоркі» — некамерцыйны open-air свабоднай творчасці. Шаснаццаць сцэн і пляцовак: Зямля, Сонца, Поўня, Сатурн, Сірыюс…

Ганарараў музыкі не атрымліваюць, а гасцям фестывалю набываць квіткі не патрэбна. Ахвяраванні, валанцёрская праца, партнёрская дапамога — вось так і жывуць «Узгоркі».

Хто прыязжае пафестываліць? Ды хто заўгодна. Напрыклад, шмат беларусаў. Напрыклад, хіпоўскія дзяўчынкі, якім не сорамна — а нават натуральна і прыгожа — хадзіць без станіка. Шмат-шмат дрэдлатых людзей і людзей з фенькамі. Панкі, што смокчуць гарэлку, ды тыя, хто на тэрыторыю летніка намёты палільшчыкаў не прымае. Аўтастопшчыкі — дзяўчынка з Мінска, а хлопчык з Кішанёва ці Піцера. І нястрашна ім развітацца-раз’ехацца пасля «Узгоркаў», цалкам верагодна, назаўжды. Сустракаю каманду з роднага Брэсту, што здымае кіно пра фестываль.

Рок, фолк, джаз, электроншчына, рэгі… «Птицы Тылобурдо», «ВПР и Фестиваль всего насвете», беларускія «Маланка orchestra» на чале з Лёнем Паўлёнкам, што з’ехалі, гэтак і не выступіўшы з-за праблемаў з электрычнасцю. Украінская «Atmasfera», маскоўскі гурт «Eleфant», «опа Новый год»… І шмат хто яшчэ.

Дзёрзкая рок-жанчына Умка трапляе, праз дождж і гразь, сюды з прыгодамі. «Але гэта адзінае месца, на якое я згодна прарывацца з такой сілаю! «Узгоркі» — свабода і шчасце!» — кажа спявачка. Мокра, дождж і адсутнасць электрычнасці на сцэне. Аточаная натоўпам, яна гарланіць спевы пад павеццю. А потым, з акустычнай гітарай і без мікрафона, перамесціцца на сцэну. Але ж вось і электрычнасць, сонца вось! Крычаў, спяваў і жартаваў тут наш зямляк Сяргей Пукст, якога слухалі ўважліва. «Сітуацыя на фестывалі была нават эктрэмальная, — кажа ён. — Я задаволены выступам, хаця і ёсць адчуванне недачутасці мяне слухачом. Чакалі ж нейкай расслабленай музыкі» А пагалоскі «Сёння «Адыс Абеба!» пачуць было можна задоўга да іх вячэрняга выступу. Гэтых растаманскіх беларусаў тут чакалі, радасна фанацкімі крыкамі віталі.

А апроч музыкі быў там авангардны тэатр (у тым ліку брэсцкі «Свабодны тэатр»), дакументальнае, анімацыйнае і арт-кіно, заняткі ёгай, майстар-класы па фота. Была нават афрыканская вёска з сваёй экзатычнай культурай. Таксама лепка з гліны, шаманскія практыкі і медытацыі. А яшчэ заварожвалі танцы-кружэнні дэрвішаў у прыгожых шматколерных спадніцах.

«Можа, ты забыўся, што ўсё гэта свята для цябе?»
— гучыць са сцэны. А над галовой такое вялікае і неабдымнае неба, захад, і людзі танчаць, карагоды водзяць. Але, усё гэтае свята, жыццё гэтае — для мяне! «Узгоркі» прыгадваюць таму, хто забыўся, што ў жыцці ёсць радасць. Вось намётавы гарадок з агароджай-балонікавай гірляндай. Вось прыбіральня, расфарбаваная сонейкамі і чабурашкамі. А ўсмешлівая дзяўчынка, стоячы пасярод люднай дарогі, арэхі раздае.

«Узгоркі» прыгадваюць, што ёсць дабрачыннасць, ўзаемадапамога і ўважлівае стаўленне да прыроды.

Грошы ад прададзеных цішотак з лагатыпам «Узгоркаў» аддадуць хворым. А пасля фестывальных дзён каманда добраахвотнікаў застаецца прыбіраць тэрыторыю.
І многа-многа валанцёраў тут, на якіх і трымаецца фестваль. Беларускі студэнт Паша ўладкаваўся ў вегетарыянскае кафэ. «Я атрымаў не толькі адпачынак, але і іншым людзям дапамог. Здорава, што аб’ядналіся людзі, у якіх ёсць сунастроенасць — вегетарынства, напрыклад, ці ёга». Можа быць, «Узгоркі» — гэта і не фестываль зусім. А казачная краіна, што пяць дзён выбухала колерамі, радасцю і сяброўствам.

Кацярына Безмацярных

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930