Знайсці
18.04.2021 / 11:37

«Калі і далей будзеце хадзіць на маршы, адбяром дзяцей». Як ціснуць на бацькоў, каб тыя замаўчалі — некалькі гісторый пра слёзы маці і татаў

У заканадаўстве пазначана, што прыцягненне бацькоў да адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах не з'яўляецца падставай для пастаноўкі на СНС (сацыяльна небяспечнае становішча), але прадстаўнікі навучальных устаноў пагражаюць бацькам направа і налева.

Пагутарылі з некалькімі бацькамі пра тое, як на іх ціснулі праз дзяцей, каб адбіць любое жаданне выказвацца і праяўляць грамадскую пазіцыю.

«Чаму мая сям'я павінна перажываць суды і сацыяльнае расследаванне праз колер жалюзі?»

Бацька сямі дзяцей, паэт, музыка, менеджар Сяргей Мельянец выклікаў занепакоенасць у дзяржаўных органаў, калі павесіў у сваім прыватным доме пад Мінскам бел-чырвона-белыя жалюзі. Тыя распачалі сацыяльнае расследаванне ўмоў гадавання дзяцей, фіналам якога стаў савет прафілактыкі.

Павялічыць

Сям'я Мельянцоў.

Жалюзі ў доме Сяргея з’явіліся яшчэ ў жніўні 2020 года, але цікаўнасць участковага выклікалі толькі ў снежні. За пікетаванне пры іх дапамозе (прытым што вокны дома выходзяць на лес) над Сяргеем прайшоў суд, вынікам якога стаў штраф 30 базавых у межах артыкула 23.34 КаАП (на той момант 870 рублёў). Адразу ж пасля суда з РУУС Мінскага раёна ў навучальныя ўстановы дзяцей пайшлі паперы з патрабаваннем правесці ў адносінах Мельянцоў прафілактычныя мерапрыемствы.

Павялічыць

«Здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў негатыўна ўплывае на гадаванне дзяцей».

У лютым гэтага года ў дом завітала прадстаўнічая камісія з намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце школ, дзе вучацца дзеці. Паралельна сыноў Сяргея пачалі выклікаць на размовы з псіхолагамі і ідэолагамі ў школе.

«Я выходзіў у цэнтр Мінска і ў 2006 годзе, і ў 2010, і ў 2015, і ў 2017-м — кожны раз, калі мог падтрымаць свой народ малітвай як хрысціянін. І гэта ніколі не мела нейкіх наступстваў для дзяцей. Не было да нас ніякіх пытанняў ні ад школы, ні ад органаў. У пачатку навучальнага года, здаралася, планава завітвалі са школы, каб паглядзець на абстаноўку ў сям’і. А вось у 2021-м нам ужо пачалі пагражаць «сацыльна-небяспечным становішчам» за нейкія жалюзі».

У каледжы паліграфіі старэйшага сына Сяргея ідэолагі і псіхолагі спрабавалі пераканаць у тым, што бел-чырвона-белы сцяг — фашысцкі, падрабязна распытвалі пра перакананні сям’і, пагражалі выключэннем. Другога сына пачалі выклікаць на тэсты да псіхолагаў.

Што тычыцца праверкі ўмоў жыцця дзяцей, то для «Акта абследаванняў умоў жыцця і выхавання непаўналетніх» у доме не знайшлі ніводнай хібы. Кульмінацыяй стала прызначэнне ў Прывольненскай сярэдняй школе пасяджэння савета прафілактыкі.

«Усё гэта праходзіла нягледзячы на тое, што ў мяне яшчэ быў час абскардзіць прысуд у вышэйшай інстанцыі — Мінскім абласным судзе», — абураецца Сяргей.

На савеце педагогі падзяліліся вынікамі свайго сацыяльнага расследавання: не толькі пра побытавыя ўмовы, але і вынікамі запытаў у паліклінікі, псіхалагічныя і наркалагічныя, іншымі кейсамі прыцягнення да адказнасці па адміністрацыйных артыкулах. Пра ўсё гэта прагучалі выключна пазітыўныя водгукі. Такімі ж добрымі былі характарыстыкі дзяцей па месцы навучання. У выніку ўсе прысутныя прагаласавалі за тое, што прычын для пастаноўкі Мельянцоў на ўлік па «сацыяльна небяспечным становішчы» няма.

«Пры ўсім пры гэтым пасля савета мяне адвяла ўбок намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце і ідэалогіі і папярэдзіла, што ў любы момант сацыяльнае расследаванне па нашай сям’і можа быць зноў адноўлена. Гэта шантаж, брудны метад гульні: яны пачынаюць ціснуць на мяне пры дапамозе дзяцей. А апошнія, між іншым, сапраўды цяжка гэтую сітуацыю перанеслі. Старэйшы сын пасля прымусовай размовы ў каледжы стаў больш замкнёным, прыйшлося з’ездзіць пару разоў да псіхолага.

Спецыялістка сказала, што ў сына трывожны стан, які можа выліцца ў дэпрэсію. Цяжэй за ўсё было жонцы: сем дзяцей — гэта і так стрэс, а калі над табой вісіць пастаноўка на ўлік і татальны кантроль, гэта вельмі выбівае з каляіны», — кажа Сяргей.

Жалюзі на вокнах дома Мельянцоў працягваюць вісець. Праўда, цяпер звонку ўпрыгожаныя малюнкамі дзяцей з хрысціянскай сімволікай. Сяргей кажа, што нават з такім ціскам яны ніякім чынам не адмаўляюцца ад сваіх перакананняў і поглядаў:

Павялічыць

«Чырвоны і белы колеры маюць вельмі глыбокі сэнс для хрысціян. Яны сімвалізуюць кроў, пралітую Хрыстом (чырвоны колер) і белы — прабачэнне, калі чалавек раскайваецца перад Богам. У Бібліі шмат разоў згадваюцца гэтыя моманты. Часта ў Сярэднявеччы жывапісцы малявалі Ісуса з бел-чырвона-белым сцягам. Ёсць фрэскі, абразы, пано. Урачыстае адзенне праваслаўных святароў таксама ўтрымлівае ўстаўкі гэтых жа колераў. Чаму тады мае жалюзі не могуць быць выкананыя ў гэтых колерах, калі яны адлюстроўваюць мой светапогляд?

Чаму я павінен перажыць суд, сацыяльнае расследаванне, прафілактычныя нарады, апеляцыі, павінен сплочваць штрафы праз колер маіх жалюзі? Чаму мой малодшы брат, таксама шматдзетны бацька і хрысціянін, адседзеў 15 сутак у турме за падобныя жалюзі ў сябе на кватэры?» — гэтыя пытанні для мужчыны пакуль так і застаюцца без адказаў.

«Прадстаўнікі школы і ўчастковы нібыта хацелі ўбачыць у нашай кватэры прытон»

Старшыня пінскіх сацыял-дэмакратаў Вераніка Іванова кажа, што мясцовай уладзе і міліцыі вельмі б хацелася, каб яе ў іх горадзе не было зусім, каб яна не займалася інфармацыйнай і праваабарончай дзейнасцю і мясцовыя былі не абароненыя: «Я для іх як костка ў горле». Але гэтага яна дазволіць сабе не можа: «Калі я замаўчу, то такім чынам падстаўлю пад удар астатнія сем’і. Міліцыя, адміністрацыя будзе ведаць: калі пракаціла са мной, то і з іншымі тым больш пракоціць».

У жанчыны трое дзяцей — ім 13, 15 і 24 гады.

Са жніўня 2020 года ў Веранікі «набегла» чатыры адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у маршах, штрафы агулам на 120 базавых, адно затрыманне на 72 гадзіны і амаль дванаццаць — на тры гадзіны, 10 прафілактычных гутарак.

Павялічыць

Вераніка разам са старэйшымі дзецьмі.

«Часам мне дастаткова было выйсці ў нядзелю з дома з жаданнем пайсці ў касцёл, як мяне адразу ізалявалі», — расказвае суразмоўца.

Самым страшным момантам для яе стаў перыяд грукання ў дзверы па начах.

«Акрамя таго, мне выключалі святло на шчытку. Так было некалькі разоў. Я, вядома, не падыходзіла і дзверы не адчыняла. Сама для сябе была ўпэўненая, што гэта з міліцыі. Мне было страшна, таму на некаторы час я вырашыла вывезці малодшых дзяцей з краіны і схаваць у сваякоў».

Пасля ў кватэру Веранікі пачалі прыходзіць праверка за праверкай: прадстаўнікі школы, аддзела адукацыі, інспектар па справе непаўналетніх, участковы.

«Яны заўсёды спецыяльна ўрываліся нечакана. Складвалася ўражанне, што яны хацелі ўбачыць у мяне прытон».

Вераніка папярэдзіла дырэктара 15-й мясцовай школы, што дзеці часова жывуць у сваякоў, таму не адразу прыступяць да заняткаў у верасні. Ëй падалося, што ў яе становішча ўвайшлі, але дырэктар адразу напісаў на жанчыну заяву ў пракуратуру: «перашкаджае непаўналетнім дзецям атрымліваць адукацыю» (хаця тыя прапусцілі агулам 10 навучальных дзён).

«Праз тыдзень мяне выклікалі ў выканкам на разбіральніцтва. Дзеці на той момант якраз вярнуліся ў Пінск. Камісія настойвала, каб паставіць нашу сям’ю на ўлік. Намеснік дырэктара СШ №15, напрыклад, у якасці аргумента прыводзіла дрэнны стан нашага жытла — нібыта ў нас яно ў антысанітарным стане. Добра, што я раней здагадалася сфатаграфаваць акт агляду жыллёвых умоў — там было ясна зафіксавана, што прэтэнзій у камісіі з трох чалавек да нашага жытла не было. Дык адкуль жа яны з’явіліся на словах? Палеміка ў зале са старшынёй камісіі па справах непаўналетніх, старшынёй інспекцыі па справах непаўналетніх, намеснікам старшыні выканкама па ідэалогіі і прадстаўнікамі школы заняла хвілін пяцьдзясят. Па выніку мяне паставілі на прафілактычны ўнутрышкольны ўлік, але сям’ю не прызналі ў СНС».

Уся гэтыя падзеі, па словах жанчыны, адбілася на сярэдняй дачцэ, якая зараз п’е заспакаяльныя сродкі. У дзяўчыны пачаліся панічныя атакі, ёй пастаянна сняцца кашмары, яна перажывае, што маці сыдзе і аднойчы зусім не вернецца.

Перажывае за сваіх дзяцей, вядома, і Вераніка. Старэйшы сын жанчыны сам правёў у пінскім ізалятары 25 сутак.

«Я неаднаразова выказвала супрацоўнікам міліцыі ў твар, калі яны мяне затрымлівалі: ваюйце з дарослымі, але не чапайце дзяцей. Гэта ганебна. Сама хоць і баюся за дзяцей, маўчаць не буду. Трэба расказваць пра ўсё гэта, каб людзі ведалі, што яны не самотныя. Бо, калі ты адзін, прасцей апусціць рукі і здацца», — кажа са слязьмі на вачах Вераніка.

«Мы ўдзельнічалі ў конкурсе найлепшых шматдзетных сямей, а нас захацелі паставіць на ўлік за бел-чырвона-белы сцяг на акне»

У маркетолага Кацярыны Бычко трое дзетак: трынаццаці, сямі і трох год.

У снежні 2020-га яна была затрыманая за сцяг, які вісеў на акне кватэры. Тады жанчыне далі штраф (30 базавых), да суда яна правяла на Акрэсціна двое сутак.

Павялічыць

Кацярына з дзецьмі.

«На момант затрымання са мной у кватэры быў малодшы сын, і інфармацыя пра яго была адразу перададзеная з ІСН у садок. Тамтэйшая адміністрацыя далей кіравала сацыяльным расследаваннем у дачыненні да нашай сям’і. Гэта ўсё прытым, што мы ўдзельнічалі ў конкурсе найлепшых шматдзетных сем’яў раёна ў 2019 годзе, нашы дзеці дагледжаныя, добра вучацца, актыўна ўдзельнічаюць у канферэнцыях і творчых мерапрыемствах, наведваюць пазашкольныя заняткі і гурткі».

Што было далей?

Кватэру жанчыны наведалі прадстаўнікі школы і садка, таксама да іх прыходзілі прадстаўнікі МНС — параілі набыць дадатковы пажарны апавяшчальнік. Пасля збору інфармацыі пра бацькоў з месцаў працы, пра догляд дзяцей — з паліклінікі адбылося пасяджэнне камісіі, на якім прымалася рашэнне, ставіць сям’ю на ўлік ці не.

«Жанчына з раённага аддзела адукацыі запытвалася, з чаго наша пазіцыя супраць афіцыйнай улады, «дзе быў для нас бчб-сцяг да жніўня», скардзілася, што ёй у сацсетках (яна бярэ ўдзел у аўтапрабегах «За бацьку») некаторыя дарослыя пішуць брыдоты ці называюць фашыстамі і гэтак далей. Але я адказвала, што за гэты рэжым не галасавала ніколі і заўсёды была супраць, што бчб-сцяг не стаў сімвалам пратэсту ў жніўні 2020-га, а заўсёды быў для мяне нацыянальным гістарычным сцягам (тут мы крыху паднялі пытанні гісторыі, але не сталі спрачацца), што ні я, ні мае дзеці не маем звычкі паводзіць сабе бескультурна, нават калі нам хтосьці не падабаецца, што з афіцыйных крыніц якраз мы чуем, што мы — фашысты… Агулам мы размаўлялі спакойна, нягледзячы на розныя погляды. Напрыканцы прадстаўніца аддзела адукацыі сказала, што прыемна здзіўленая бачыць «на нашым баку адукаваных і культурных людзей». Але добра яна не ў тэме, астатнія ж даўно добра ведалі нашу сям’ю і так».

Павялічыць

На гэты раз Бычко вырашылі на ўлік не ставіць — не было да чаго прычапіцца, але папярэдзілі, што расследаванне могуць аднавіць у любы момант, калі ў бацькоў будуць новыя адміністрацыйныя артыкулы.

«Усё, што адбываецца з намі, — гэта прыкмета слабасці сістэмы, спроба прымусіць любіць. Зразумела, што такія інструменты працуюць на задушэнне праяў пратэсту, але ў свядомасці яны нічога не змяняюць, наадварот. І як бы там ні было, павага да ўдзельнікаў гэтага ціску толькі памяншаецца», — кажа Кацярына.

«Маніпуляваць любоўю да дзяцей — самае нізкае, што можна прыдумаць»

У архітэктара-дызайнера Ульяны Шышковай таксама трое дзяцей.

Павялічыць

Пасля выбараў на яе было складзена пяць адміністрацыйных пратаколаў, яшчэ адзін — на маці. Усе суды скончваліся прысуджэннем штрафаў — агулам іх у сям’і «накапала» амаль на пяць тысяч рублёў. Пакуль сям’я іх не выплаціла, у іх быў апісаны ўчастак, дзе будуецца дом.

А ў кастрычніку да Ульяны ўвогуле прыйшлі з ператрусам.

«Усё, што я ведаю, што пастанова на ператрус была ў сувязі з нейкай крымінальнай справай. Якой менавіта, мне не паведамілі. У нас забралі тэхніку, тэлефоны і ў той жа дзень мяне адвезлі ў РУУС Заводскага раёна. Там мне адмовілі ў адвакаце, дапытвалі на тэму таго, якая мая роля ў пратэстах. Мне неаднаразова паўтарылі: калі і далей буду хадзіць на маршы і праяўляць сваю нязгоду з дзейнай уладай, то ў мяне пачнуцца праблемы з дзецьмі. Прагучаў выразны ўльтыматум: ці спыняйся, ці мы ў цябе іх адбіраем, заводзім на цябе крымінальную справу». 

Ульяна кажа, што сапраўды спужалася, бо ў нейкі момант ёй патэлефанавалі з Сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Заводскага раёна, прасілі прыйсці на размову, але жанчына гэтую прапанову праігнаравала.

Дзеці Ульяны вучацца дыстанцыйна ў расійскай навучальнай установе, таму прафілактычныя размовы з ідэолагамі і камісіі яе мінулі, але яна не ўпэўненая, што пра яе забыліся зусім.

«Сама імавернасць таго, што дзяцей могуць адабраць, уводзіць у жах. Як і жахліва тое, што ты павінен выбіраць паміж патрыятычнымі пачуццямі, працай на дабрабыт краіны і бяздзейнасцю, бо не можаш рызыкаваць шчасцем сваёй сям’і. Маніпуляцыя любоўю да дзяцей — самае нізкае, што можна прыдумаць, каб ціснуць на людзей. Спадзяюся, наша грамадства гэта перажыве».

 

Гутарыла Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31