Знайсці
10.04.2021 / 12:27РусŁacБел

13-гадовая школьніца напісала на асфальце «жыве» і трапіла ў міліцыю за пікет

Дачку мінчанкі Ірыны Варачковай клічуць Яўгенія, ёй 13 гадоў. Звычайна, калі Жэня ідзе гуляць, у 21.00 яна ўжо дома, але 29 сакавіка ў гэты час дзіцяці ўсё яшчэ не было. Прыкладна праз гадзіну мама пачала хвалявацца і ёй тэлефанаваць. Пасля таго як дзяўчынка зняла трубку, тэлефон узяў следчы і паведаміў, што Яўгенія знаходзіцца ў міліцыі. Ірына паехала туды і там ужо даведалася: яе дачка напісала на асфальце «жыве», чым здзейсніла пікетаванне, якое не было дазволена Мінгарвыканкамам, піша Tut.by.

Жэня. Фота даслала Ірына Варачкова

— Жэня чалавек творчы, таму тое, што ў яе з сабой быў балончык з фарбай, для мяне не дзіўна. Увечары 29 сакавіка яна гуляла з двума сябрамі. Калі яны ішлі па вуліцы Пуліхава, дачка дастала балончык, намалявала на траве сэрцайкі і напісала на пешаходнай дарожцы «жыве», — апісвае сітуацыю Ірына. — Побач, як аказалася, стаяў бус з міліцыяй. Супрацоўнікі заўважылі, што яна зрабіла, і падлеткаў забралі.

Іх прывезлі ў Партызанскі РУУС Мінска. Пра затрыманне дачкі, працягвае Ірына, адразу ёй ніхто не паведаміў. Бліжэй да 22.00 мама пачала хвалявацца, што на вуліцы позна, а дзіцяці няма, і пачала сама тэлефанаваць Жэні. У 22.10 дзяўчынка зняла трубку.

— У гэты момант тэлефон у Жэні ўзяў следчы. Ён паведаміў, што дачка затрыманая, яе апытваюць, і папрасіў прыехаць. «Што здарылася?» — спытала я, ён адказаў, маўляў, растлумачыць на месцы, — распавядае Ірына.

Па словах жанчыны, калі яна прыехала ў РУУС, ёй сказалі: «Чакайце». Яна стала ўдакладняць у дзяжурнага звесткі супрацоўніка, які затрымаў яе дачку, і таго, хто з ёй камунікуе, але, кажа, адказу не атрымала. У выніку жанчына пакінула скаргу.

— Калі я была ў міліцыі, прыехалі бацькі двух іншых дзяцей. Я так разумею, следчы патэлефанаваў ім пасля размовы са мной, — кажа Ірына і зноў вяртаецца да сітуацыі з Жэняй. — Дачку апытвалі ў прысутнасці педагога, мяне да яе не пусцілі. Калі іх зносіны скончыліся і дзяцей вывелі, следчы распавёў, што Жэня напісала на асфальце «жыве». Правапарушэнне здзейсніла яна, а яе сябры — сведкі. Я пацікавілася, а ці даўно ў нас лічыцца злачынствам тое, што дзеці малююць на асфальце. На што мне растлумачылі: яна ж напісала слова «жыве». Я засмяялася, абняла дачку і сказала: «Ты малайчына, я табой ганаруся».

У той дзень, працягвае Ірына, ніякіх папер ім на рукі ніхто не даваў. У сувязі з гэтым жанчына пакінула другую скаргу. У ёй, кажа, напісала, што Жэню дапытвалі без яе і ёй, як маці, не далі азнаёміцца з пратаколам апытання дзіцяці.

— Пазней Жэня мне распавяла, што іх затрымалі дзесьці а 19.30 (у пратаколе напісана, што правапарушэнне дзяўчына здзейсніла блізу 20.30. — заўвага Tut.by). Выходзіць, прыкладна дзве з паловай гадзіны мне ніхто не паведамляў, што дзіця ў міліцыі, — кажа суразмоўніца. — Раней мы з дачкой абмяркоўвалі, калі так здарыцца, што яе раптам затрымаюць, яна адразу ж павінна сказаць: «Мне 13 гадоў» — і папрасіць патэлефанаваць бацькам. Жэня распавядае, што патэлефанаваць мне ёй не давалі. 

«Сказалі, вы ж разумееце, слова «жыве» ў спалучэнні з яшчэ адным словам вельмі шмат чаго азначае»

Па словах Ірыны, так на другі дзень выглядаў надпіс, які зрабіла яе дачка. Фота даслала Ірына Варачкова

8 красавіка Ірыне патэлефанавалі з Партызанскага РУУС. Жанчыну паклікалі ў міліцыю на размову.

— Я патлумачыла, чаму мая дачка напісала «жыве» па-беларуску. Жэня з трох гадоў танчыць народныя танцы. Беларуская культура ў яе ў крыві ледзь не з нараджэння, — успамінае тую размову мама. — На гэта мне адказалі, што ў моладзі не прынята гаварыць на беларускай. Да таго ж, сказалі, вы ж разумееце, слова «жыве» ў спалучэнні з яшчэ адным словам вельмі шмат чаго азначае. Я адказала: не разумею. У выніку мне раздрукавалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння.

У дакуменце напісана: Ірына не выканала абавязкі па выхаванні сваёй непаўналетняй дачкі, якая 29 сакавіка каля 20.30 паблізу дома №51 па вуліцы Пуліхава нанесла на асфальце надпіс «жыве» фарбай фіялетавага колеру з балончыка, чым парушыла парадак правядзення масавага мерапрыемства. Гэта выявілася ў прыняцці ёй актыўнага ўдзелу ў пікетаванні, якое не было ўзгоднена з Мінгарвыканкамам. Зрабіла яна гэта, пазначана ў пратаколе, «з мэтай публічнага выказвання свайго пратэсту па факце правядзення сумленных выбараў». У выніку парушыла ч. 1 арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Аднак, паколькі ў момант правапарушэння школьніцы было ўсяго 13 гадоў, то пратакол склалі на маму — ч. 1 арт. 10.3 КаАП (Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей). Пакаранне па гэтым артыкуле — штраф да дзесяці базавых (290 рублёў).

Аператыўна атрымаць каментар у прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Tut.by не атрымалася. Як толькі мы яго атрымаем, ён будзе апублікаваны.

Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031