Знайсці
09.04.2021 / 16:44РусŁacБел

Смаргонцы атрымалі суткі і штрафы за вокліч «Жыве Беларусь» у калідоры суда

У Астраўцы разглядалі адміністрацыйную справу па факце пікетавання ў будынку смаргонскага суда. Астравецкі суд прызнаў смаргонцаў вінаватымі і прызначыў суткі і штрафы, піша «Рэгіянальная газета».

«Рэгіянальная газета» пагутарыла з Яўгенам Новікавым, які расказаў пра першыя два пасяджэнні ў судзе Астравецкага раёна. Усяго па справе прайшлі тры пасяджэнні.

Новікаў расказаў, што па справе праходзілі шасцёра чалавек, у тым ліку і ён сам. Падтрымаць смаргонцаў у судзе прыехала каля 10 чалавек. Першае пасяджэнне адбылося 31 сакавіка. Тых, хто прыехаў падтрымаць, у суд не пусцілі.

— Каля суда хадзілі патрулі. Чацвёра стаялі на пункце аховы — поўны агляд металадэтэктарам. Ля залы стаялі людзі ў цывільным. Мы ўнутр заходзім — сядзяць малойчыкі. Усе на адзін твар.

Сведка Пятрова, якая пачула вокліч «Жыве Беларусь!», адсутнічала на пасяджэнні. Яна даслала ў суд афіцыйную заяву, што сышла ў адпачынак і знаходзіцца за межамі Гродзенскай вобласці. Пятрова прасіла разглядаць справу ў яе адсутнасць, спасылацца на яе папярэднія паказанні.

— Яна напісала афіцыйную заяву, што яе не будзе падчас пасяджэнняў. У гэтай заяве Пятрова напісала наступнае: «Ад старшыні суда Смаргонскага раёна старшыні суда Астравецкага раёна». Значыць, у афіцыйным дакуменце яна звяртаецца не як сведка, удзельнік працэсу, а як суд да суда. Гэта дзіўна.

Новікаў лічыць, што ў паказаннях Пятровай ёсць разыходжанні, а іншыя сведкі абапіраюцца толькі на іх — супрацоўнікі міліцыі, што затрымлівалі і складалі рапарты, ахоўнік, які выклікаў нарад. Па словах Новікава, адзіным доказам, што вокліч сапраўды быў, — гэта аўдыязапіс з пасяджэння Пятровай. Аднак у ім не чуваць, хто дакладна крыкнуў «Жыве Беларусь».

— У адміністрацыйнай справе два тамы. Нават не вельмі важна, што мы атрымаем, калі нас прызнаюць вінаватымі: сядзем на суткі ці будзем плаціць штрафы. На нас жа ўзбудзілі крымінальную справу — асабліва злоснае хуліганства ў складзе групы асоб. Па ёй няма падазраваных.

Новікаў упэўнены, што ў выпадку, калі людзей прызнаюць вінаватымі ў адміністрацыйным правапарушэнні, то ў крымінальнай справе аўтаматычна і з’явяцца падазраваныя.

— Гэта і ёсць мэта адміністрацыйнай справы, разумееце? 18 красавіка выходзяць тэрміны, але ніхто не будзе чакаць і справу не закрыюць.

8 красавіка прайшло апошняе пасяджэнне па справе. Трох чалавек — Яўгена Новікава, Сяргея Трая і Людмілу Сульжыцкую — пакаралі адміністрацыйным арыштам. Аднак яны адразу не паехалі яго адбываць. Яны дагэтуль знаходзяцца на волі і лічаць, што іх адпусцілі, каб пасля забраць у любы момант. Астатнія атрымалі штрафы у 20 і 30 базавых велічынь.

«Жыве Беларусь» у судзе і масавыя затрыманні

18 лютага ў Смаргоні агучылі прысуд Інесе Маркавай і Руслану Валюку па крымінальнай справе за паклёп у дачыненні да міліцыянераў. Пасля абвяшчэння ў калідоры суда нехта з тых, хто падтрымліваў Маркаву і Валюка, крыкнуў «Жыве Беларусь!». Вокліч пачула старшыня смаргонскага суда Людміла Пятрова, якая знаходзілася ў суседняй зале. Па яе просьбе выклікалі нарад міліцыі, які пасля затрымаў некалькі смаргонцаў.

Пасля інцыдэнту ў судзе ў Смаргоні пачалі масава затрымліваць людзей, якія прысутнічалі на працэсе Маркавай і Валюка. Суткі адседзелі Людміла Сульжыцкая, Яўген Новікаў, Сяргей Трай, Ілля Петуноў, Рамуальд Улан, Яўген Мацкевіч. Пасля трох сутак у ізалятары іх адпусцілі на волю, а смаргонскі суд накіраваў справы на дапрацоўку.

За гэты час з Беларусі дэпартавалі Іллю Петунова — ён грамадзянін Расіі. Рамуальд Улан знаходзіцца на «хіміі» ў Гомелі — адбывае пакаранне па крымінальнай справе за распаўсюджванне лжывых звестак у дачыненні да смаргонскіх міліцыянераў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031