Памёр муж каралевы Вялікабрытаніі прынц Філіп. Ён пражыў амаль 100 гадоў
Памёр муж каралевы Лізаветы II прынц Філіп, герцаг Эдынбургскі. Пра гэта паведамляе Букінгемскі палац.
PA Media
«З глыбокім смуткам Яе Вялікасць Каралева абвясціла пра смерць свайго любімага мужа, прынца Філіпа, герцага Эдынбургскага. Яго каралеўская высокасць мірна памёр гэтым ранкам у Віндзарскім замку», — гаворыцца ў твітэры Букінгемскага палаца.
10 чэрвеня яму б споўнілася 100 гадоў. Апошнія месяцы Філіп часта хварэў і быў у шпіталі.
Прынц Філіп быў унукам караля Грэцыі Георга I і малодшым братам караля Канстанціна I. З нараджэння насіў тытул прынца грэчаскага і дацкага. Бацька належаў да дацкага дома Глюксбургаў, а маці прыходзілася пляменніцай апошняй расійскай імператрыцы Аляксандры Фёдараўны і траюраднай сястрой Мікалаю ІІ.
Быў удзельнікам ІІ Сусветнай вайны, быў марскім афіцэрам у складзе брытанскай арміі.
З будучай каралевай Брытаніі Лізаветай ІІ Філіп ажаніўся ў 1947 годзе, яны пражылі ў шлюбе 73 гады. Менавіта перад заключэннем шлюбу Філіп і ўзяў англізаваную версію прозвішча маці — Маўнтбэтэн — і перайшоў з праваслаўя ў англіканства, адмовіўшыся ад тытулаў «прынц грэчаскі» і «прынц дацкі». У яго быў тытул герцаг Эдынбургскі, граф Мерыянецкі і барон Грынвіцкі.
У Лізаветы ІІ і Філіпа — чацвёра дзяцей: прынцы Чарлз, Ганна, Эдвард і Эндру.