Знайсці
09.04.2021 / 13:38РусŁacБел

Спісы экстрэмістаў, забарона на сімволіку і атрыбутыку. Што зменіцца ў законе аб супрацьдзеянні экстрэмізму

Законапраект аб папраўках у Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Самыя галоўныя змены — коратка прааналізаваў Tut.by.

Фота Вольгі Шукайла

Паняцце, што такое «экстрэмізм», пашыраецца. Зараз у экстрэмісцкіх дзеяннях могуць абвінаваціць не толькі беларусаў, замежнікаў, асоб без грамадзянства, палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні, рэлігійныя і іншыя арганізацыі, але і прафесійныя саюзы, замежныя або міжнародныя грамадскія аб'яднанні, рэлігійныя і іншыя арганізацыі або іх прадстаўніцтвы, фарміраванні і індывідуальных прадпрымальнікаў. Пад экстрэмізмам маюцца на ўвазе планаванне, арганізацыя, падрыхтоўка і здзяйсненне дзеянняў, якія пасягаюць на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу, грамадскую бяспеку.

Калі раней экстрэмізмам магло стаць стварэнне арганізацыі, групы для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці, то зараз ім будзе з'яўляцца і ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні. А таксама і садзейнічанне ажыццяўленню экстрэмісцкай дзейнасці, праходжання навучання або падрыхтоўкі для ўдзелу ў такой дзейнасці.

Экстрэмізмам могуць палічыць распаўсюд заведама ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным ці міжнародным становішчы Беларусі, прававым становішчы грамадзян Беларусі, звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь.

Экстрэмізмам можа стаць і абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады і кіравання.

Законапраект прадугледжвае, што экстрэмізмам могуць палічыць «арганізацыю і ажыццяўленне масавых беспарадкаў, актаў вандалізму, спалучаных з пашкоджаннем або знішчэннем маёмасці, захопу будынкаў і збудаванняў, іншых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўнага ўдзелу ў іх па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці, палітычнай ці ідэалагічнай варожасці».

Экстрэмізмам можа быць здзяйсненне незаконных дзеянняў у дачыненні да зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў.

Законапраект прадугледжвае, што як экстрэмізм могуць расцаніць публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі або пікетавання з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі або правядзення, альбо ўключэння асоб ва ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах шляхам гвалту, пагрозы прымянення гвалту, падману або выплаты ўзнагароджання, альбо іншай арганізацыі або правядзення такіх масавых мерапрыемстваў, калі іх правядзенне пацягнула па неасцярожнасці гібель людзей, прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання аднаму або некалькім асобам або прычыненне шкоды ў буйным памеры.

Экстрэмісцкім матэрыялам можа стаць нават партрэт экстрэміста. Пад экстрэмісцкія матэрыялы можа трапіць сімволіка і атрыбутыка, а не толькі інфармацыйная прадукцыя. Пад сімволікай і атрыбутыкай маюцца на ўвазе «выкарыстоўваемыя ў мэтах ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці або яе прапаганды, у тым ліку шляхам публічнай дэманстрацыі, і пры закліках да экстрэмісцкай дзейнасці і дзеянняў сцягі, гімны і іншыя музычныя творы, атрыбуты уніформы, свастыкі, эмблемы, сімвалы, графіці, лагатыпы, вымпелы, значкі і іншыя адметныя знакі або іх копіі, іншыя падобныя аб'екты, у тым ліку аб'екты, якія з'яўляюцца або могуць з'яўляцца аб'ектамі аўтарскага права, сумежных правоў, правы прамысловай уласнасці, у тым ліку нацысцкая сімволіка і атрыбутыка, а таксама любыя выявы асоб, у дачыненні да якіх маецца які ўступіў у законную сілу прысуд у сувязі з учыненнем экстрэмісцкіх дзеянняў».

Пад экстрэмісцкай арганізацыяй у тым ліку маецца на ўвазе арганізацыя, якая «аказвае іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

З'явілася паняцце экстрэмісцкага фарміравання. Гэта група грамадзян «якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, альбо якая аказвае іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, альбо якая прызнае магчымасць яе ажыццяўлення ў сваёй дзейнасці, альбо фінансуе экстрэмісцкую дзейнасць, у дачыненні да якой прынята рашэнне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэта дзяржаўнай бяспекі аб прызнанні яе экстрэмісцкай».

Законапраект прадугледжвае, што акрамя іншага процідзеянне экстрэмізму будзе ажыццяўляцца з дапамогай грамадзянскага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, фарміравання ў грамадзян духоўна-маральных каштоўнасцяў, грамадзянскасці і патрыятызму.

Мінадукацыі стала суб'ектам процідзеяння экстрэмізму. Суб'ектамі процідзеяння экстрэмізму ў межах іх кампетэнцыі ў законапраекце прапісалі рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы адукацыі, Рэспубліканскі орган дзяржаўнага ўпраўлення па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, органы юстыцыі, органы фінансавых расследаванняў, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.

Арганізацыі, зарэгістраванай на тэрыторыі Беларусі, прадстаўніцтву замежнай або міжнароднай арганізацыі, індывідуальнаму прадпрымальніку, дзейнасць якіх прыпыненая, у тым ліку забараняецца праводзіць з'езды, канферэнцыі, агульныя сходы, удзельнічаць у працы дзяржаўных органаў, выкарыстоўваць іх сімволіку і атрыбутыку.

Група грамадзян, якія ажыццяўляюць экстрэмісцкія дзеянні, альбо прапагандуюць такія дзеянні, прызнаецца экстрэмісцкім фарміраваннем, яго дзейнасць забараняецца на падставе рашэння Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэта дзяржаўнай бяспекі, якое можа быць абскарджана ў названыя органы альбо ў судовым парадку.

Пералікі арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, вядзе Міністэрства ўнутраных спраў. Грамадзяне, асуджаныя за злачынствы, звязаныя з экстрэмізмам, будуць уключаныя ў гэты пералік і пазбаўленыя права на занятак асобнымі відамі дзейнасці, напрыклад, спалучанай з абаротам наркатычных сродкаў, зброі і боепрыпасаў, педагагічнай, выдавецкай. Іх фінансавыя аперацыі будуць падлягаць асабліваму кантролю.

Замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія трапілі ў такі пералік, будзе забаронены ўезд на тэрыторыю краіны, а для грамадзян Беларусі гэтая акалічнасць стане падставай для страты набытага грамадзянства.

Для заснавальнікаў і ўдзельнікаў экстрэмісцкіх арганізацый прадугледжана забарона на працягу пяці гадоў засноўваць новыя арганізацыі і СМІ.

Органы дзяржбяспекі і ўнутраных спраў могуць атрымаць права пры выяўленні прыкмет экстрэмісцкіх дзеянняў выносіць прадпісанні заснавальнікам і кіраўнікам арганізацый, індывідуальным прадпрымальнікам пры адсутнасці падстаў для прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці. Невыкананне такіх патрабаванняў, а таксама паўторнае цягам года вынясенне прадпісання — падстава для ліквідацыі арганізацыі, спынення дзейнасці ІП.

Нельга выкарыстоўваць сімвалы гісторыка-культурных каштоўнасцяў для прапаганды экстрэмізму. Выкарыстанне дзяржаўных сімвалаў Беларусі, малюнкаў і сімволікі, якія з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, а таксама афіцыйных геральдычных сімвалаў у мэтах прапаганды экстрэмізму, заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці забараняецца і цягне адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

***

2 красавіка законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні. Затым, дэпутаты павінны разгледзець яго ў другім чытанні. Пазней, у выпадку адабрэння, дакумент павінен патрапіць у Савет Рэспублікі і на подпіс да Аляксандра Лукашэнкі. Пасля афіцыйнай публікацыі паправак абноўлены Закон уступіць у сілу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031