Знайсці
09.04.2021 / 15:14РусŁacБел

«Шахцёр» сыходзіць у адрыў, а «Рух» — без зрухаў. На што паглядзець у чацвёртым туры вышэйшай лігі

Па вынікам трох тураў вызначыўся аднаасобны лідар турніру — «Шахцёр» нечакана лёгка разабраўся з «Іслаччу» (4:0) і застаўся адзінай камандай, якая яшчэ не губляла балаў.

Пра знікненне інтрыгі ў чэмпіянаце казаць зарана, бо салігорцы яшчэ не гулялі супраць прамых канкурэнтаў, але з кожным матчам каманда Рамана Грыгарчука выглядае ўсё больш упэўнена.

Фота ФК «Шахцёр».

На іншым полюсе ў адзіноце з нулём застаўся «Спадарожнік», чые браты па няшчасці, «Славія» і «Смаргонь», згулялі ўнічыю і набралі нарэшце першыя балы.

З іншых матчаў мінулага тура варта адзначыць трэцюю запар нічыю «Руха», а таксама зарубу ў Барысаве, дзе «Гомель» ледзь не стварыў сенсацыю ў гульні з БАТЭ. Каманду Івана Біёнчыка можна ўпэўнена назваць адкрыццём чэмпіянату, як і брэсцкае «Дынама», якое мінімальна выйграла ў заходнім дэрбі.

Вось усе вынікі:

  • «Нёман» — «Дынама-Брэст» 0:1 (80, Шасцюк)
  • БАТЭ — «Гомель» 3:2 (40, Я. Філіпавіч; 52, 54, Умараў — 31, Васькоў; 89, Ан. Салавей)
  • «Спадарожнік» — «Мінск» 0:1 (50, Алісейка)
  • «Шахцёр» — «Іслач» 4:0 (37, 70, Дарбо; 41, Сзоке; 54, Ахмедзі)
  • «Тарпеда-БелАЗ» — «Віцебск» 1:0 (30 (аг), Скітоў)
  • «Дынама-Мінск» — «Слуцк» 1:0 (30, По) 
  • «Славія» — «Смаргонь» 1:1 (37, Тлупаў — 82 (аг), Бараноўскі)
  • «Рух» — «Энергетык-БДУ» — 0:0

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

На якія матчы варта звярнуць увагу ў чацвёртым туры?

«Энергетык-БДУ» — «Спадарожнік»

  • 09.04, 17:30. Мінск, РЦАР-БДУ

У першым туры «студэнты» паспяхова разабраліся з навічкамі са Смаргоні, цяпер на вуліцу Сямашкі едуць госці з Рэчыцы, маральнаму стану якіх не пазайздросціш.

«Іслач» — «Рух»

  • 10.04, 14:00. Стадыён ФК «Мінск»

Берасцейцы ўжо гулялі на «Камвольшчыку» ў гэтым сезоне, і ўражанні засталіся не самыя прыемныя — у другім туры «Рух» упусціў перамогу ў гульні з «Мінскам».

У «Іслачы» ж другі запар іспыт камандай, якая на паперы выглядае мацнейшай. Першы ў Салігорску скончыўся няўдала.

«Слуцк» — «Тарпеда-БелАЗ»

  • 10.04, 16:00. Слуцк, стадыён СДК

Пасля фіяска ў першым туры жодзінцы здабылі дзве перамогі і вярнуліся ў пул лідараў табліцы. Вынік можа замацаваць чарговай перамогай, на гэты раз у Слуцку. 

«Цукровыя» пачалі сезон няўразліва, з відавочнымі праблемамі наперадзе, і матч з бронзавымі прызёрамі мінулага года павінен стаць тым яшчэ выпрабаваннем.

«Дынама-Брэст» — «Дынама-Мінск»

  • 10.04, 20:00. АСК «Брэсцкі»

Нягледзячы на кардынальныя перамены ў брэсцкім клубе, дынамаўскае дэрбі ўсё роўна выглядае найлепшай афішай тура. Тым больш абедзве каманды ідуць паралельна па сезоне.

Госці на паперы выглядзяць топамі, але яны ўжо мелі праблемы ў Віцебску, а берасцейцы ў той жа час ужо мелі выпрабаванне барысаўскім БАТЭ.

«Мінск» — БАТЭ

  • 11.04, 14:00. Стадыён ФК «Мінск»

«Гараджане» нарэшце здабылі першую перамогу і заскочылі ў сярэдзіну табліцы. Замацаваць поспех будзе вельмі складана, але «Мінск» ужо адбіраў балы ў фаварытаў. Чаму б і не паўтарыць?

«Гомель» — «Нёман»

  • 11.04, 16:00. Гомель, СДзЮШАР-8 (штучнае поле)

Гарадзенцы, якія восенню ледзь не заваявалі медалі чэмпіянату, у новы сезон увайшлі з вялікімі цяжкасцямі. Каманда ў лізе яшчэ не перамагала і за тры туры адзначылася ўсяго аднойчы.

У «Гомеля» пасля трох тураў у актыве пяць мячоў, тры з якіх на рахунку Андрэя Салаўя. Але ў той жа час «рысі» прапусцілі чатыры мячы, у два разы больш за «Нёман». Таму ў абароне «бела-зялёным» варта быць больш пільнымі.

«Славія» — «Віцебск»

  • 11.04, 18:00. Мазыр, стадыён «Юнацтва»

Няўдалы старт «Славіі» стаў даволі нечаканым, тым больш каляндар мазырчукоў не быў звышскладаным. Але «чорна-чырвоныя» не змаглі выйграць нават у «Смаргоні», таму маем што маем.

«Віцебск» адышоў недалёка ад «Славіі» і на дадзены момант з'яўляецца самай панылай камандай у лізе — ніводнага забітага і толькі адзін прапушчаны мяч. Ёсць шанец крыху палепшыць статыстыку, але для гэтага трэба хаця б забіць.

«Шахцёр» — «Смаргонь»

  • 11.04, 20:00. Салігорск, стадыён «Шахцёр»

На гэтым тыдні «Шахцёр» аформіў выхад у паўфінал кубка Беларусі. Але ў другім матчы супраць «Нёмана» салігорцы прайгралі і выйшлі па суме галоў, таму чэмпіёны не выглядаюць непрыступнымі.

Але ў «Смаргоні» шанцаў няшмат — адзіны забіты камандай мяч і той з'яўляецца аўтаголам. Таму хутчэй гледачы пабачаць яшчэ адзін разгром, чым суперсенсацыю.

Піліп Каваленка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031