Знайсці
08.04.2021 / 00:34РусŁacБел

«Ад раніцы камеру залілі хлоркай. Цяпер там робяць так кожную раніцу». Прадпрымальнік расказаў, як яго 15 сутак ламалі

Прадпрымальнік Аляксей Мельянец на 15 сутак апынуўся за кратамі за тое, што ў яго на балконе віселі бел-чырвона-белыя жалюзі. Прычым віселі яны там, на 14-м паверсе, ужо некалькі гадоў і толькі цяпер прыцягнулі ўвагу міліцыянераў. Адметна, што не так даўно за такія самыя жалюзі, толькі ў прыватным доме, вокны якога выходзяць на лес, судзілі брата Аляксея — шматдзетнага тату Сяргея. Апошняму, праўда, прысудзілі штраф на 30 базавых, а вось Аляксея адразу пазбавілі волі.

Аляксей Мельянец. Фота з сацыяльных сетак

З фотаздымкамі жалюзі па мужчыну прыйшлі 21 сакавіка. Пры гэтым міліцыянеры супакоілі, што забяруць яго ад жонкі і непаўнагадовых дзяцей на прафілактычную размову ў Ленінскі РУУС. Нават паабяцалі, што самі прывязуць назад. Але ў выніку дахаты Аляксей не вярнуўся. Ён правёў дзве ночы на Акрэсціна, а пасля быў этапаваны ў Жодзіна.

«Першую ноч правёў на драўляных ложках без пасцелі і ацяплення. Другую — у двухмясцовай камеры 2,5-3 метры, дзе нас было сямёра. Пасцеля, матрацы адсутнічалі. Мы проста клалі галаву пад ложак на падлогу, каб неяк змясціцца там і спаць. Зранку нас вывелі ў калідор, і камеру залілі хлоркай, адразу ж нас вярнуўшы. Прыйшлося ўсё гэта прыбіраць неяк і дыхаць гэтым. Як сказаў больш бывалы — цяпер так там робяць кожную раніцу», — расказвае Аляксей.

Суд над Аляксеем цягнуўся хвілін 20. Дзесяць з іх нібыта разважалі над тым, якое рашэнне прыняць. Мужчына стараўся дагрукацца: тлумачыў, што балкон у падобных адценнях у яго аформлены не першы год, што жалюзі даўно віселі ў гарызантальным становішчы, і немагчыма было ўбачыць на 14-м паверсе, што там увогуле за колеры.

«Ад суддзі проста чуў: «Вы ж разумееце, якая цяпер сітуацыя». А я не разумею. Калі гэтыя колеры сталі забароненымі?»

На трэці дзень Аляксея транспартавалі ў Жодзіна. Спачатку ўсё там яму падалося ледзь не ідэальным — у параўнанні з тым, канечне, як там абыходзіліся з затрыманымі ў жніўні.

«Пасля 10 жніўня я быў у Жодзіне пару дзён. Суд тады так і не адбыўся. Нас пачалі збіваць яшчэ ў Савецкім РУУСе, пакуль мы амаль суткі стаялі на вуліцы. Пасля ўсю дарогу з Мінска штурхаў АМАП. Ну і прынялі адпаведна: людзі прайшлі праз калідор удараў. У гэты раз нічога такога не было. Нас нават адразу звадзілі ў душ. Назвалі мінскай элітай. Канечне, камера была перапоўненая: 13 чалавек на 10 месцаў, але ў нас былі і падушкі, і пасцеля, і кніжкі, і гульні. Адзінае, што не дазвалялі днём сядзець на ложках. Усё змянілася пасля Дня Волі. Ад нас адсялілі «бывалых» — нехта за крадзяжы сядзеў, нехта за бойку — і засталіся адны палітычныя», — згадвае суразмоўца.

У камеры ўжо стала 15 чалавек, у іх забралі ўсё — ад матрацаў да рэштак перадач. Калі раней на вячэру разам з кашчавай рыбай (сукамернікі Аляксея называлі гэтую страву «могілкамі») давалі бульбу, то цяпер пакінулі адну рыбу. Прычым лыжак не прыносілі — трэба было есці ўсё рукамі. Акрамя таго, у супрацоўнікаў ізалятара з’явілася новае «хобі» — па некалькі разоў прыходзіць у «хату» па начах і рабіць бессэнсоўныя пераклічкі, не даючы спаць.

«Мы падумалі: раз камера перапоўненая — і метра квадратнага не было на чалавека, — то можам патрабаваць права хаця б сядзець на ложках днём. Паспрабавалі. І вось зранку яшчэ да праверкі да нас у камеру залятаюць з крыкамі: «Каму там месца не хапае»? Ну і вывелі спачатку сукамерніка Сашу ў душ. Збілі там. А пасля забралі маладафронтаўца Дзяніса Урбановіча як «самага галоўнага змагара» і таксама збілі. Потым нас усіх вывелі на калідор, ледзь не на шпагат паставілі. Мне таксама дасталася палкай па азадку. Але ў параўнанні з тым, што зрабілі з Дзянісам — гэта, канечне, нішто. Пасля ўсёй гэтай сітуацыі і калі Дзяніс выйшаў на волю ды распавёў пра ўмовы на Жодзіна ў СМІ, нас называлі самай «пеўневай камерай».

Чытайце. «У Жодзіне адвялі ў душавую і сталі дубасіць. А пры вызваленні міліцыянер сказаў: «Давайце яму дубінку ў сраку засунем»

Даставалася не толькі сукамернікам Аляксея. З яго словаў, з іншых камер таксама перыядычна чуліся стогны і крыкі. Так, у адной з суседніх «хат» асуджаным удалося схаваць адну падушку. Пасля таго, як супрацоўнікі выявілі гэта, пачалі збіваць мужчыну, што «правініўся».

Сукамернікамі Аляксея былі ў асноўным студэнты, затрыманыя пасля Дня Волі. А таксама інжынер, менеджар, вернік, юрыст. Былі і выпадковыя людзі, што трапілі пад хапун. Так, аднаго з мужчын забралі на Пушкінскай, калі той ішоў па піва.

«Ëн расказваў, што зусім не цікавіўся палітыкай, апалітычны, але пасля сутак выйшаў амаль змагаром», — смяецца Аляксей.

«Нас, канечне, спрабавалі зламаць маральна, прынізіць як мага мацней, але абстаноўка ў камеры была неверагоднай. Праз 10 дзён мы з хлопцамі так зрадніліся, што, калі развітваліся, — ледзь не плакалі».

КК

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031