Знайсці
07.04.2021 / 18:54РусŁacБел

Айцішнік Аляксей Караткоў адмовіўся даваць паказанні: Мой дзед пад страхам смерці не стаў супрацоўнічаць з фашыстамі. Што б ён рабіў у маёй сітуацыі?

У судзе Першамайскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да аднаго з распрацоўшчыкаў стартапа MakeML і палітзняволенага Аляксея Караткова, паведамляюць праваабаронцы.

Аляксей Караткоў. Фота: TUT.BY.

Яго вінавацяць у навучанні або іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, або ў фінансаванні гэтай дзейнасці (частка 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса РБ), а таксама па артыкуле 342 КК РБ (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Справу разглядае суддзя, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Зубко.

Аляксей Караткоў быў затрыманы 27 жніўня на плошчы Незалежнасці каля Чырвонага касцёла.

Спачатку Аляксея Караткова асудзілі на 8 сутак па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 4 верасня пры вызваленні з Жодзіна мужчыну адразу затрымалі як падазраванага па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

Пазней Аляксею Караткову былі прад’яўленыя абвінавачванні. Да суда ён знаходзіўся ў СІЗА №1 Мінска.

Сваёй віны Караткоў не прызнае ні па адным з эпізодаў.

Караткоў кажа, што ўдзельнічаў у мірнай дэманстрацыі, пры сабе ў перыяд дэманстрацыі ніякіх спецыяльных сродкаў не было, узброенага супраціву не аказваў, гвалту не здзяйсняў.

Выступ у судзе Аляксея Караткова:

Высокі суд, я нарадзіўся і вырас у Рэспубліцы Беларусь. У сям'і мяне вучылі паважліва ставіцца да іншых людзей і іх думак.

Бацькі мне заўсёды казалі думаць сваёй галавой. У школе і ліцэі БДУ мяне вучылі не баяцца мець і выказваць сваё меркаванне. Я заўсёды лічыў, што ў Рэспубліцы Беларусь, якая з'яўляецца па Канстытуцыі прававой дзяржавай, кожны грамадзянін мае права выказваць сваё меркаванне. Я заўсёды быў і застаюся законапаслухмяным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, я ніколі не парушаў і не збіраўся парушаць закон Рэспублікі Беларусь, тым больш удзельнічаць у масавых беспарадках, прычыняць каму-небудзь шкоду, нападаць на супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прычыняць якія-небудзь нязручнасці іншым грамадзянам.

Дзеянняў (пра якія ідзе гаворка ў судзе) ніколі не здзяйсняў, мяне так вучылі бацькі, так навучыла мяне школа, так выхавала мяне дзяржава. Але таксама яны вучылі мяне і таму, што калі я буду бачыць несправядлівасць, беззаконне, прыцісканне маіх і нечых законных правоў, то я не павінен маўчаць, а павінен выказваць з гэтай нагоды сваё меркаванне, сваё непрыманне і проста мець грамадзянскую пазіцыю па гэтым пытанні. Так мяне навучылі, і я веру, што гэта правільна, і я не разумею, чаму мяне прыцягваюць да крымінальнай адказнасці за маю грамадзянскую пазіцыю.

У мяне ў сям'і ёсць бясспрэчны маральны аўтарытэт. Гэта прадзед Лук'янаў. У Вялікую айчынную вайну немцы прыйшлі да яго ў хату і прапанавалі стаць паліцаем. Ён узяў прапанаваную яму вінтоўку, выйшаў на двор, разбіў прыклад аб плот, сеў на ганку і запаліў, чакаючы, што яго расстраляюць. Але немцы чамусьці не зрабілі гэтага адразу, а паехалі ў горад, каб вярнуцца з падмацаваннем. У гэты час прадзед паспеў уцячы да партызанаў. Спачатку ён быў у партызанах, а потым разам з Чырвонай арміяй дайшоў да Берліна. Часта выконваў даручэнні па дастаўцы важных звестак іншым падраздзяленням. Пасля заканчэння вайны да канца жыцця дапамагаў сям'і загінулага баявога таварыша. Прабабуля нават часам бурчала на яго за тое, што ён, напрыклад, накосіць воз сена і, хоць самім не хапае, палову аддае іншай сям'і.

Зараз я часам пытаюся ў сябе: «А як бы паступіў дзед Лук'янаў у гэтай сітуацыі?» Ён пад страхам смерці і з дзецьмі на руках не захацеў супрацоўнічаць з людзьмі, якія здзекаваліся, катавалі і забівалі беларусаў.

І я зразумеў, што ні за што не стаў бы даваць паказанні ў судзе, які пераследуе журналістаў за тое, што яны кажуць праўду, і заплюшчвае вочы на шматлікія факты збіванняў, згвалтаванняў, катаванняў і забойстваў. Нягледзячы на тое, што ў суда няма і не можа быць фактаў супрацьпраўных дзеянняў з майго боку 9 і 10 жніўня, я ўпэўнены, што суд вынесе мне абвінаваўчы прысуд.

Але гэтак жа, як і дзед Лук'янаў дачакаўся перамогі над фашызмам, я ўпэўнены, што дачакаюся перамогі над беззаконнем і несправядлівасцю.

Высокі суд, у далейшым я хачу скарыстацца сваім правам не даваць паказанні.

Прашу далучыць дадзеныя паказанні да матэрыялаў крымінальнай справы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031