Знайсці
07.04.2021 / 10:16РусŁacБел

Прысутным на судзе над Бабарыкам удалося запісаць яго прамову

Першы раз за 10 месяцаў можна пачуць голас чалавека, з вылучэння якога ў кандыдаты ў прэзідэнты пачаліся падзеі 2020 года.

Віктар Бабарыка заявіў, што катэгарычна адмаўляе выстаўленыя абвінавачанні.

Крымінальны пераслед яго самога, а таксама яго сына і сяброў, калег і партнёраў Віктар Бабарыка назваў «абсалютна беспадстаўным» і «палітычна матываваным».

«Яны не пераследуюць мэты ўстанаўлення віны, доказу віны, а пераследуюць адпачатку толькі адну мэту — мой няўдзел у палітычным працэсе, а менавіта ў выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пра гэта я гаварыў адпачатку», — сказаў Бабарыка.

«Я прапаноўваў іншыя варыянты развіцця»

Ён сказаў, што ў 1995 годзе быў прыняты на пасаду галоўнага эксперта ў банку і за пяць гадоў стаў старшынёй яго праўлення. За 20 гадоў кіраўніцтва банк ператварыўся з невялікага фінансавага інстытута ў адзін з найбуйнейшых у Беларусі, які паказваў прыбытак каля 50 мільёнаў даляраў.

Бабарыка сказаў, што 12 мая 2020 году заявіў пра намер вылучацца кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, бо лічыў, што досвед і вынікі, дасягнутыя на пасадзе менеджара банка, могуць быць запатрабаваныя ў краіне.

«Я прапаноўваў іншыя варыянты развіцця, адрозныя ад дзейнай на той момант сістэмы, якая захоўваецца дагэтуль, састарэлай, квазісацыялістычнай і квазісавецкай сістэмы», — сказаў Бабарыка.

На гэтых словах суддзя перарваў Бабарыку і сказаў, каб ён даваў тлумачэнні па выстаўленым абвінавачанні. Бабарыка папрасіў яго не перабіваць.

Далей ён сказаў, што яго пазіцыя не засталася незаўважаная як большай часткай грамадзянскай супольнасці, так і адным з кандыдатаў Аляксандрам Лукашэнкам, і тады «быў запушчаны механізм нашага крымінальнага пераследу і пераследу людзей, якія са мной працавалі».

За 9 месяцаў стаў, «напэўна, менш пузатым буржуем»

Бабарыка выклаў храналогію падзей, якія маюць дачыненне да развіцця яго крымінальнага пераследу. Ён сказаў, што ўсё пачалося з 12 мая, калі ён зрабіў заяву пра рашэнне балатавацца. Праз тыдзень яго штаб зарэгістраваў адну з найбуйнейшых ініцыятыўных групаў — больш за 10 тысяч чалавек. У сваю чаргу, 29 мая Лукашэнка заявіў, што ў фінансаванні кампаніі Бабарыкі ёсць «рука Крамля», згадвалася фірма «ПрыватЛізінг», і Бабарыку пачалі вінаваціць у жульніцтве.

«Я публічна кажу пра недапушчальнасць такіх дзеянняў і недапушчальнасць запужвання беларускага народа. Пачынаюцца мае паездкі па рэгіёнах Беларусі», — сказаў Бабарыка.

За чатыры дні штаб сабраў больш за 150 тысяч подпісаў, а 10 чэрвеня было ўжо каля трохсот тысяч. Менавіта ў гэты дзень гучыць «практычна даручэнне спадара Лукашэнкі прашарсціць пузатых буржуяў».

Бабарыка пажартаваў, што за 9 месяцаў стаў, «напэўна, менш пузатым буржуем», і гэта выклікала смех у зале. Суддзя на гэта прыгразіў, што «для падтрымання парадку, калі неабходна, усе прысутныя будуць выдаленыя з залы».

Далей Бабарыка сказаў, што 11 чэрвеня арыштоўваюць 15 супрацоўнікаў Белгазпрамбанка і ягоных сяброў, а ДФР заяўляе пра пачатак крымінальнай справы, але яму ніякіх абвінавачанняў не выстаўляецца.

«З гледзішча звычайнай логікі гэта тое самае «кітайскае» папярэджанне адносна таго, што мне альбо з'язджаць з краіны, альбо нейкім чынам спыняць удзел у палітычным жыцці», — сказаў ён.

У гэты час знаёмыя папярэджвалі Бабарыку, што яго хутка арыштуюць і трэба нешта рабіць. Бабарыка тады заявіў, што арышт яго сяброў «абсалютна незаконны», і выказаў гатоўнасць прыехаць у любое месца, каб даць паказанні. Потым была заява тагачаснага кіраўніка Камітэта дзяржаўнага кантролю Івана Тэртэля аб датычнасці Бабарыкі да крымінальных спраў.

«Нягледзячы на тое, што гучыць прамое абвінавачанне, я нічога не раблю, каб схавацца з краіны, каб неяк паўплываць на сведак і зрабіць яшчэ нейкія проціпраўныя дзеянні, якія перашкаджаюць нармальнаму, сумленнаму судоваму разбору», — сказаў Бабарыка.

«Да 18 чэрвеня ніякіх прэтэнзій да мяне не было»

Віктар Бабарыка заявіў, што яго затрыманне было «абсалютна беспадстаўным». Ён згадаў тагачасны інфармацыйны фон, калі дзяржаўныя СМІ заяўлялі пра яго і супрацоўнікаў банка вінаватасць, хоць следчыя дзеянні тады толькі пачаліся.

Паводле Бабарыкі, банкаўская сфера ў Беларусі даволі жорстка рэгулюецца і пастаянна кантралюецца, сярод іншага, звонку. Цягам 20 гадоў у Белгазпрамбанку не было знойдзена ніводнага парушэння, якое магло мець хоць намёк на крымінальны пераслед.

Бабарыка таксама заявіў, што катэгарычна адмаўляе выстаўленыя абвінавачанні. Ён заявіў, што ўвесь крымінальны пераслед накіраваны на адхіленне і дыскрэдытацыю яго як рэальнага канкурэнта дзейнага на той час прэзідэнта.

«Да майго выхаду на палітычнае поле Рэспублікі Беларусь, да 18 чэрвеня, ніякіх прэтэнзій да мяне не было. Ніякіх крымінальных спраў адносна людзей, якія сядзяць у гэтай клетцы, не было заведзена, — сказаў ён. — Гэты крымінальны пераслед заснаваны выключна на добраахвотных паказаннях, якія людзі давалі ў СІЗА КДБ. Я разумею, што СІЗА КДБ спрыяе прасвятленню памяці, але ніколі не думаў, што часы 30-х гадоў могуць быць тут».

Былыя калегі «агаварылі сябе і спрабавалі агаварыць яго»

Паводле Бабарыкі, ніякай злачыннай групы не было, і ўсе дзейнічалі ў інтарэсах банка і з уласнай ініцыятывы.

«Я не быў ініцыятарам стварэння ніякіх замежных кампаній і не даваў ніякім замежным кампаніям нейкіх камандаў і кіравання, якое супярэчыць заканадаўству. Я не быў уласнікам грашовых сродкаў, якія прысутнічаюць у абвінавачанні. Я ніколі не навязваў ніякіх незаконных умоваў супрацоўніцтва ніводнаму з субʼектаў гаспадарання ці персанальна нейкім людзям, — сказаў Бабарыка. — Я ніколі не атрымліваў хабару».

Бабарыка сказаў, што яго моцна здзівіла, што ягоныя былыя калегі «агаварылі сябе і спрабавалі агаварыць яго». Ён патлумачыў гэта ціскам, які аказваецца ў СІЗА КДБ, а таксама ціскам на блізкіх і сваякоў.

Бабарыка таксама сказаў, што сумняваецца ў аб’ектыўнасці судовага разбору. Ён казаў аб прэсінгу ў прыняцці рашэнняў.

«У далейшым я не буду пакуль, на гэтым этапе, адказваць ні на якія пытанні, даваць дадаткова нейкія тлумачэнні і паказанні», — сказаў Бабарыка.

Паводле Бабарыкі, яго калегі не вінаватыя.

«Я насамрэч не мог для сябе доўга адказаць на пытанне, ці правільна я зрабіў 12 мая. Бо наступствы для справы дваццаці пяці гадоў майго жыцця, наступствы для людзей, — кажа Бабарыка. — Матыў 12 мая ў мяне быў толькі адзін: я хачу жыць у краіне, дзе пануе закон».

Пасля прамовы Віктара Бабарыкі ў зале прагучалі воплескі.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930