Знайсці
07.04.2021 / 07:49РусŁacБел

«У найбліжэйшы час столькі курсантаў не трэба будзе». Людзі абурыліся планамі Акадэміі МУС будаваць новыя карпусы ў іх двары

У Акадэміі МУС 6 красавіка прайшло абмеркаванне з прэзентацыяй праекта па будаўніцтве навучальнага корпуса і інтэрната для навучальнай установы.

На сустрэчу сабралася поўная зала, мясцовыя жыхары выказаліся рэзка супраць і нават прапаноўвалі галасаваць. Tut.by паглядзеў, што збіраецца пабудаваць акадэмія і для якіх мэт.

Фота: Мая Кахно, TUT.BY

Прэзентацыю праекта праводзілі ў лекцыйнай зале Акадэміі МУС на Машэрава, 6а. На ўваходзе каля дзясятка курсантаў надглядалі людзей, якія прыйшлі на сустрэчу, яшчэ па двое стаялі каля кожнай лесвіцы. Па словах слухачоў, многіх прасілі здаць у шафкі для захоўвання тэлефоны, пасля абурэння аднаго з мужчын гэта патрабаванне знялі.

Праект прадстаўляў намеснік начальніка Акадэміі МУС — начальнік упраўлення фінансаў і тылу Мікалай Шваб, на некаторыя пытанні таксама адказваў першы намеснік начальніка Акадэміі Аляксей Башан.

Аляксей Башан. Фота: Мая Кахно, TUT.BY

На сустрэчы прэзентавалі канцэпцыю забудовы за будынкам Акадэміі МУС — у двары паміж дамамі па чырвонай, 14 і Незалежнасці, 43. Там збіраюцца пабудаваць інтэрнат і навучальны корпус для курсантаў.

Участак пад будаўніцтва навучальнага корпуса знаходзіцца ў аператыўным кіраванні акадэміі, зямля вольная ад пабудоў і гатовая да будоўлі. Участак пад будаўніцтва інтэрната знаходзіцца на прыдамавой тэрыторыі, тут ёсць старыя гаспадарчыя пабудовы і гаражы.

Мікалай Шваб. Фота: Мая Кахно, TUT.BY

Заказчык работ — Акадэмія МУС. Тэрміны будаўніцтва яшчэ невядомыя.

Скрыншот з прэзентацыі, рэндары створаны кампаніяй «Студыя Сакалоўскіх»

Падчас прэзентацыі кіраўнікі акадэміі сказалі, што курсантам не хапае навучальных памяшканняў, яны вучацца ў вячэрні час, ды і ў цэлым у навучальнай установе лічаць, што матэрыяльную базу трэба палепшыць.

Такім чынам, за акадэміяй плануюць пабудаваць шасціпавярховы інтэрнат на 225 чалавек. На цокальным паверсе будынка будзе стралковая галерэя, на першым — спартыўныя залы.

Плануецца, што так будзе выглядаць інтэрнат. Справа —фасад Акадэміі МУС. Скрыншот з прэзентацыі, рэндары створаны кампаніяй «Студыя Сакалоўскіх»

Навучальны пяціпавярховы корпус разлічаны на 1200 чалавек, там будзе сталоўка з кухняй на 450 пасадачных месцаў. Гэта ў некалькі разоў больш за плошчу існуючай сталоўкі.

— Цяпер наша сталоўка знаходзіцца ў будынку, які з'яўляецца аб'ектам гісторыка-культурнай каштоўнасці, адпаведна, яго рэканструкцыя немагчымая, як і пашырэнне плошчы. Будаўніцтва дадзенага корпуса палепшыць побыт і рэжым харчавання нашых курсантаў, таму што ў асобных выпадках наш абед доўжыцца даўжэй за дзве гадзіны, — падзяліўся падрабязнасцямі побыту курсантаў намеснік начальніка Акадэміі МУС Мікалай Шваб.

На цокальным паверсе будуць падсобныя памяшканні, на першым — сталоўка, другі-пяты паверх зоймуць навучальныя аўдыторыі.

Рэндар навучальнага корпуса, ён будзе размяшчацца бліжэй да дому на Чырвонай, 14. Там хочуць размясціць і сталовую

Па словах Шваба, меркаваная плошча забудовы ахоплівае прыкладна 75% састарэлага будынка з аварыйнымі старымі гаражамі, у якіх няма рэгістрацыйнага нумара (яны падлягаюць зносу), астатняе — зялёная зона. Тут плануюць пабудаваць дзіцячую пляцоўку для жыхароў квартала.

— 10 гадоў таму гэта проста хацелі знесці — грошай не хапіла, — перапынілі прэзентацыю мясцовыя жыхары і ўнеслі тлумачэнні. — Не было фінансавання і адмянілі добраўпарадкаванне гэтай зялёнай зоны.

Пад інтэрнат плануюць высечы восем дрэў, пад будучы навучальны корпус на тэрыторыі акадэміі — чатыры.

— Замест аднаго (ссечанага) дрэва будзе пасаджана два саджанцы, — сказаў Шваб.

Скрыншот з прэзентацыі, рэндары створаны кампаніяй «Студыя Сакалоўскіх»

Людзей цікавіла вышыня будынкаў. Па словах Шваба, з праспекта яны бачныя не будуць, інтэрнат плануюць пабудаваць вышынёй у 19,2 метра, навучальны корпус — 20 метраў.

— Інсаляцыя ж парушаецца! — абурыліся мясцовыя жыхары.

Шваб сказаў, што праекціроўшчыкі, кампанія «Студыя Сакалоўскіх», улічвалі такія моманты пры распрацоўцы канцэпцыі.

Злева — дом на Незалежнасці, 43, справа частка невялікага сквера, дзе будзе высечка пад забудову, за імі віднеецца будынак Акадэміі. Фота: Мая Кахно, TUT.BY

Пасля прэзентацыі праекта мясцовыя жыхары задалі пытанне:

— На падставе чаго ўчастак сквера вылучаецца вам? Ёсць рашэнне Мінгарвыканкама?

— Цяпер у нас праходзіць грамадскае абмеркаванне, рашэнне аб выдзяленні зямлі адбываецца на падставе акта выбару зямельнага ўчастка. Рашэнняў на дадзены момант ніякіх няма, — сказаў Шваб.

Жыхары квартала таксама спыталі, чаму вырашылі будаваць навучальны корпус у гэтым месцы, а не ўзяліся рэканструяваць іншыя старыя будынкі ў цэнтры горада і на праспекце Машэрава, а таксама чаму не выбралі раён новабудоўляў.

— Будаўніцтва навучальных карпусоў завязана на адукацыйным працэсе. Курсанты перамяшчаюцца паміж імі, — адказаў Шваб.

Гэты сарай плануецца знесці, за ім знаходзіцца будынак Акадэміі МУС. Фота: Мая Кахно, TUT.BY

Людзей такі адказ не задаволіў, бо ў Мінску ў многіх універсітэтах корпусы і інтэрнаты знаходзяцца ў розных канцах горада, студэнты прывыклі.

Таксама на сустрэчы высветлілася, што на балансе акадэміі і так ёсць дзевяць інтэрнатаў — агульнай плошчай 5478 квадратных метраў. Шваб патлумачыў, што плошча на аднаго чалавека павінна складаць 6 «квадратаў», а цяпер ля Акадэміі МУС — 3,4 «квадраты» на чалавека, так што людзі «пражываюць у сціснутых умовах і дзеляць адну аўдыторыю на некалькі груп». Па словах прадстаўніка акадэміі, курсантаў не стане больш, а будоўля — гэта вырашэнне пытання тых, хто вучыцца на Машэрава, 6а.

— Мы не супраць паляпшэння ўмовы для курсантаў, мы супраць пагаршэння ўмоў для нас, — спачувалі мясцовыя і прапанавалі будаваць будынкі ў іншым месцы.

Фота: Мая Кахно, TUT.BY

Пры гэтым людзі ўсё роўна абурыліся, чаму акадэмія не абапіраецца на існуючую матэрыяльную базу пры наборы курсантаў. Шваб адказаў, што колькасць навучэнцаў плануе асноўны заказчык — МУС — зыходзячы з таго, колькі гарантавана будзе працаўладкавана выпускнікоў.

Аварыйны будынак, які плануюць знесці пад забудову, — на пярэднім плане, за ім — жылы дом на Чырвонай, 14. Фота: Мая Кахно, TUT.BY

Людзі былі незадаволеныя тым, што двор, дзе плануецца будоўля, зусім маленькі, тэхніка будзе ездзіць па ім, акрамя гэтага, у сталовую будуць ездзіць па раніцах грузавікі з прадуктамі. Таксама на праекце не адзначаны жылыя дамы па суседстве.

— У нас няма дваровай і прыдамавой тэрыторыі наогул! Дзе нам з дзецьмі шпацыраваць? Гэта адзіная зялёная зона ў нашым квартале! Мы жывём практычна на паркоўцы, не ўлічваюцца выхлапы машын з праспекта Незалежнасці, праспекта Машэрава і нашай Чырвонай, якая невядома як спраўляецца з такой плынню. Акрамя таго, тут будзе перанасяленне і пераўшчыльненне, а на прэзентацыі блізкасць будынкаў не адлюстравана — 20 метраў да дома! — абураліся жыхары раёна.

Менчукі заўважылі, што будаўніцтва плануюць паблізу з домам на Незалежнасці, 43, аб'ектам гісторыка-культурнай каштоўнасці. Фота: Мая Кахно, TUT.BY

Адзін жыхар звярнуў увагу, што праекта вытворчасці работ яшчэ няма, таму лічыць высечку дрэў бессэнсоўным на гэтым этапе.

— Не трэба на плане кропкі маляваць! Не чатыры дрэвы будзе знесена, а палова пасадак. Яны што, з верталёта будуць будаваць? Як гэтая тэхніка будзе перамяшчацца? — абурыўся ён.

Акрамя гэтага жыхары абвінавацілі адміністрацыю раёна ў тым, што мясцовыя ўлады ўсе гэтыя гады не займаліся добраўпарадкаваннем дваровай тэрыторыі і знеслі шлагбаумы, на якія мясцовыя скідваліся.

Справа — дом на Чырвонай, 14, злева бачныя старыя пабудовы, якія знясуць, за ім — Акадэмія МУС. Фота: Мая Кахно, TUT.BY

— Корпусы МУС, чамусьці я думаю, у найбліжэйшы час, будуць пуставаць нават гэтыя, — сарваў апладысменты залы адзін з мясцовых жыхароў. — Столькі курсантаў не трэба будзе. У такі час складана ставіць пытанне такой будоўлі, мы тут сабраліся, каб сказаць, што нам гэта не трэба.

На гэтыя і іншыя прэтэнзіі Шваб сказаў адпраўляць ліст з заўвагамі па грамадскім абмеркаванні. Пратакол сустрэчы не вёўся, па словах Шваба, па законе гэта не патрабуецца.

Грамадскае абмеркаванне праводзіцца ад 22 сакавіка да 15 красавіка. Заўвагі і прапановы па праекце можна адправіць у адміністрацыю Савецкага раёна Мінска: Мінск, 220013, вуліца Дарашэвіча, 8. Е-mail: [email protected].

А таксама — ва ўстанову адукацыі «Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь»: 220005, Мінск, праспект Машэрава, 6. Е-mail: 2 892 [email protected], тэлефон +375172892202, +375172892309, факс +375172892322.

Заўвагі перададуць у горадабудаўнічую раду.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031