Фестываль BelarusDocs пераносіцца на нявызначаны тэрмін з прычыны масавых затрыманняў
Нягледзячы на анлайн-фармат падзеі, арганізатары кінафестывалю беларускага дакументальнага кіно прынялі рашэнне аб яго пераносе.
Пра гэта Reform.by паведаміў кіраўнік BelarusDocs, рэжысёр Алесь Лапо.
Алесь Лапо не адмаўляе, што на такі крок яго падштурхнулі апошнія навіны ў краіне і клопат пра каманду. Толькі ўчора беларускі рэжысёр вярнуўся з расійскага фестывалю «Артдокфэст», дзе дэманстравалася яго карціна «Усе мерапрыемствы згодна з планам».
— Вярнуўся ў даволі добрым настроі, а тут такое, — дзеліцца рэжысёр. — Прачытаў пра спыненне ўжо і анлайн-версіі праекта «Машина дышит, а я — нет», пра затрыманне арганізатараў выставы пра медыкаў. Цяжка гэта ўсё. Тым больш, у мяне ёсць перасцярогі па адной кінастужцы ў нашай праграме, — зазначае дакументаліст. — Калі б рабіў фестываль адзін, я б не спыніўся. Але паколькі BelarusDocs — справа калектыўная, давялося прыняць даволі няпростае рашэнне.
BelarusDocs-2021 мусіў быў адбыцца на сайце кінападзеі з 13 па 19 красавіка. Акцэнт у праграме чацвёртага анлайн-фестывалю дакументальнага кіно тэматычна быў зроблены на пытаннях правоў чалавека. У яго конкурсе заяўлены стужкі беларускіх дакументалістаў: Галіны Адамовіч, Любові Зямцовай, Максіма Шведа, Веранікі Ніканавай, Дар’і Юркевіч і Юліі Шатун. Новую дату фестывалю арганізатары паведамяць на афіцыйным сайце і на старонках фестывалю ў сацыяльных сетках.