Знайсці
06.03.2021 / 20:26

Знаёмыя вітаюцца: «Прывітанне, тэрарыст!» Раман Пратасевіч узначаліў «Беларусь галаўнога мозгу»

У свае няпоўныя 26 гадоў Раман Пратасевіч паспеў папрацаваць на шэраг беларускіх СМІ, пабыць галоўным рэдактарам самага папулярнага рускамоўнага тэлеграм-канала ў свеце, стаць падазраваным па некалькіх крымінальных артыкулах у роднай Беларусі і нават трапіць у спіс асоб, якіх КДБ лічыць датычнымі да тэрарызму. Дзе ён жыве сёння, чым займаецца і што плануе — пра гэта Раман распавёў «Нашай Ніве».

Павялічыць

Раман Пратасевіч, фота «Вясны»

«Наша Ніва»: Давай адразу на гарачую тэму: што адбываецца з «экстрэмісцкім» тэлеграм-каналам Н***? Спачатку нейкі канфлікт з экс-супрацоўнікам Крысціянам Шынкевічам, затым трохдзённае маўчанне, цяпер незразумелы скрыншот у канале…

Раман Пратасевіч: Шынкевіч прыйшоў на працу, калі я ўжо сыходзіў, таму сутнасці яго прэтэнзій не ведаю. 

Адзінае ведаю дакладна — зараз з хлопцамі ўсё добра, яны на волі, ніхто канал не захапіў. 

«НН»: Як ацэніш працу новай каманды, якую набраў Пуціла? 

РП: Бачу, што хлопцы больш сканцэнтраваліся на Ютубе, робяць нашмат больш, чым было пры мне. Цяпер рыхтуецца нейкі фільм пра Лукашэнку. 

«НН»: Вы разышліся спакойна, без скандалаў?

РП: Так, больш за тое — гэта было не спантаннае рашэнне ці праз нейкі канфлікт. Я сам вырашыў сысці, бо былі на гэты конт свае думкі і свае далейшыя планы. І яшчэ да звальнення з Н*** я планаваў пераезд у Вільню, дзе я і знаходжуся сёння. 

«НН»: Чаму ты менавіта ў Вільні?

РП: Усё, што магу сказаць: вельмі шчыльна займаюся тэлеграм-каналам «Беларусь галаўнога мозгу», які заснаваў палітзняволены Ігар Лосік. Ну і часткова займаюся палітычнай працай. 

«НН»: Але што за палітычная праца? Далучыўся да штаба Ціханоўскай?

РП: Не, я не працую на штаб, хоць і шмат кантактую з імі. 

Я працягваю займацца менавіта вулічным пратэстамі — гэта ўсё, што я магу агучыць. У прынцыпе, гэта тое, чым я займаўся і раней. 

«НН»: Каардынуеш няшчасных беларусаў, пакуль сам сядзіш у Вільні? 

РП: Гэта нельга назваць каардынацыяй, бо немагчыма каардынаваць штосьці, калі няма інтэрнэту, калі дзеянні сілавікоў цалкам непрадказальныя.

«НН»: І як ацэніш тое, што адбываецца сёння — што актыўныя дзеянні на вуліцах скончыліся?

РП: Гэта было прадказальна, чакана, што на нейкі момант будзе спад вулічнай актыўнасці. Тут можа быць некалькі прычын. Варта прызнаць, што маштабы тэрору, які адбываецца на вуліцах Беларусі, проста завоблачныя. Нават сёння была навіна, што хлопец сарваў сцяг, а яго за тое затрымліваў спецыяльны атрад хуткага рэагавання. Пра што тут можна казаць — прадказальна, што тэрор у такіх памерах на нейкім этапе будзе перамагаць. 

І калі першапачаткова нейкія акцыі адбываліся на эмацыйных трыгерах, якія выводзілі людзей на вуліцы, то за апошнія месяцы людзі проста прызвычаіліся шмат да чаго. Гэта варта памятаць і пра гэта таксама варта сказаць. 

Але — калі адбудзецца наступная хваля (а я думаю, што яна адбудзецца), яна будзе пабудаваная зусім па-іншаму. Хаця б таму, што людзі, якія будуць выходзіць, будуць разумець, што можа адбыцца, усведамляць, на што яны ідуць. Будуць ведаць, як жорстка могуць працаваць сілавікі. Таму структурна гэта будзе зусім іншы пратэст і на зусім іншым узроўні. 

Можна сказаць, што ў першым раўндзе тэрор перамог. Але людзі разумеюць узровень тэрору і тыя, хто будзе выходзіць вясной — гэта будуць сапраўдныя героі. 

«НН»: Але, магчыма, людзей будзе менш? Бо няспынна ідуць рэпрэсіі, а яшчэ ж і чакаецца новы Крымінальны кодэкс з больш жорсткімі пакараннямі за «несанкцыянаваныя мерапрыемствы». Не думаеш, што пратэст будзе ўсё ж задушаны?

РП: А што, не было тэрору 9-11 жніўня? Ці пазней, калі разганялі шматлікія акцыі? Проста шмат хто стаміўся і людзі баяцца, не хочуць выходзіць, проста каб сесці ў турму. Зноў жа: раней у кожнага быў свой эмацыйны трыгер, праз які чалавек выходзіў і выказваў свой пратэст. Зараз гэта будуць ужо не трыгеры, а больш цвёрдае і якаснае разуменне таго, дзеля чаго ўсё робіцца. 

Але ж і вулічны пратэст не магчымы без падтрымкі: санкцый, заяў, нейкага ўнутранага варушняка. Усё гэта ўзаемазвязана. 

І самае галоўнае: людзі разумеюць, што менавіта пратэсты ціснуць на рэжым і праз гэта рэжым пачынае рабіць памылкі і трашчаць.

«НН»: Пра «Беларусь головного мозга» — ты кіруеш усімі сацсеткамі?

РП: Не, я займаюся менавіта тэлеграм-каналам (больш за 300 тысяч падпісчыкаў — «НН»). Там працуе вялікая каманда. 

Колькасць я не магу агучваць, але ж, акрамя асноўнага, існуе вялікая колькасць каналаў: «Эканоміка», «Пятая калонка», зараз з’явіўся фактычна новы праект «Беларусь за МКАДам». Працуе шмат людзей і яны працуюць самааддана.

«НН»: Цябе паклікалі туды ці ты папрасіўся сам?

РП: Усё проста — я ведаў хлопцаў, якія працягнулі справу Ігара Лосіка, калі яго пасадзілі. І ў нейкі момант я спытаўся ў іх: можа, патрэбная дапамога? Усё ж я былы журналіст і экс-рэдактар найбуйнейшага тэлеграм-канала, адпаведна магу нечым дапамагчы. Усе пагадзіліся, і недзе з месяц я працую як галоўны рэдактар канала. За гэты час была праведзеная велізарная праца: выпрацоўваецца ўласны стыль, структура пастоў, новыя фарматы працы з навінамі і гэтак далей. 

«НН»: Калі ты сыходзіў з рэдактарства каналам Н***, то казаў, што маеш планы, якія пазней агучыш. Гэта і былі твае планы? Ці збіраўся займацца чымсьці іншым?

РП: Відавочна, што ўсё трохі змянілася, першапачаткова я збіраўся крыху адпачыць. Адпачыў, новым позіркам паглядзеў на сваё жыццё і фактычна яго перазапусціў. Пераехаў вось у Вільню, заняўся «БГМ». А літаральна некалькі дзён таму ў мяне з’явілася ідэя ўласнага праекта ў нішы, якая пакуль не асабліва занятая. 

«НН»: Няўжо ў цік-току?

РП: Не (смяецца). Але я думаў пра гэта, калі шчыра. Нават некалькі дзён бязвылазна прасядзеў у цік-току і зразумеў, што распавядаць навіны пра беларускі тэрор пад вясёлую музыку будзе неяк… не вельмі добра. 

Так што гэта не цік-ток, падрабязнасці агучу пазней. Але не тэлеграм таксама.

«НН»: Але будзе нейкі палітычны праект? Прысвечаны Беларусі? 

РП: Гэта будзе пра палітыку дакладна. Я кожны дзень размаўляю з дзясяткамі разумнейшых людзей, штосьці чую, нечаму вучуся. І думаю, што маю, што сказаць, умею казаць пра падзеі і тлумачыць простымі словамі.

Але гэта не будзе праект, накіраваны на падтрымку нейкай палітычнай групы. Проста мае думкі і погляды на тое, што адбываецца і чаму часам так і мусіць быць — бо часам людзі не разумеюць, чаму тыя ці іншыя падзеі адбываюцца ў палітыцы. 

«НН»: Дзяржаўныя зліўныя каналы пісалі, што ты перацягнуў бацькоў у Польшчу. Гэта праўда? І дзе бацькі сёння, з табою перабраліся ў Вільню?

РП: Так, мама з бацькам жывуць у Варшаве, гэта не вялікі сакрэт. Прычынай стаў ціск. Падрабязнасцяў казаць не буду, але ён быў. І я палічыў, што бацькам будзе больш бяспечна ў Польшчы.

Яны не паехалі са мною ў Літву, засталіся ў Варшаве.

«НН»: А ты пасля змены Варшавы на Вільню, аднаго тэлеграм-канала на іншы як сябе адчуваеш у фінансавым плане? Стала лепш ці горш?

РП: Відавочна, што праект «Н***» і больш вядомы, і бюджэт там большы. Так што можна сказаць, што ў грошах я страціў. Але не надта шмат, і не магу сказаць, што неяк кепска жыву. Я ў прынцыпе чалавек, які не гоніцца за грашыма. Я зарабляю дастаткова, каб даволі проста жыць, здымаць аднапакаёўку. На ежу, на сувязь, на піва з сябрамі мне хапае — і мне досыць гэтага. 

«НН»: Тое, што ты «тэрарыст» і «экстрэміст» неяк уплывае на тваё жыццё?

РП: Амаль ніяк, хіба стала больш прычын для жартаў. І дагэтуль знаёмыя часам вітаюцца: «Прывітанне, тэрарыст!» Так што для мяне гэта пазітыўны піяр, нічога больш. Калі беларускія ўлады мяне прызналі тэрарыстам, то я атрымаў віншаванняў больш, чым за ўсё жыццё мяне віншавалі з днямі нараджэння. 

Ну і часам людзі пазнаюць на вуліцы, падыходзяць, ціснуць руку, таксама жартуюць. Ніякіх негатыўных наступстваў.

«НН»: Ці падтрымліваеш перапіску з Чудзянцовым? 

РП: З ім цяжка перапісвацца, бо лісты часткова не даходзяць. Я дакладна ведаю, што з ім усё добра. Маральны настрой у яго так сабе, бо сядзіць ні за што, але агулам ён трымаецца.

Ніякіх пытанняў у калоніі да яго не ўзнікала, наколькі мне вядома, бо ўсім зразумела, што яго справа палітычная.

«НН»: Ну і напрыканцы — які твой прагноз на будучыню? Чаго чакаць?

РП: Лічу, што 25 сакавіка будзе адным з самых ключавых момантаў. Калі людзі выйдуць і пачнуць новую хвалю пратэстаў, то магчыма, што ўсё сапраўды скончыцца сёлета.

Таму ўсё будзе залежыць ад людзей. І спадзяюся, што як бы ні было страшна, яны таксама разумеюць: або зараз будзе новая хваля, або можна пакаваць чамаданы. На маю думку, усё вырашыцца менавіта 25 сакавіка.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
сакавік красавік май
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30