Знайсці
01.03.2021 / 15:44РусŁacБел

ЗША і Канада збіраюцца аднавіць арктычную абарончую сістэму часоў халоднай вайны

ЗША і Канада плануюць аднавіць сетку абарончых спадарожнікаў і радараў у Арктыцы, прызначаную для адсочвання ракет і іншых пагроз, каб супрацьстаяць Расіі і Кітаю на поўначы.

Фота https://en.wikipedia.org/

The Wall Street Journal паведамляе, што падчас нядаўняй сустрэчы з прэм’ер-міністрам Канады Джасцінам Трудо Байдэн прапанаваў канадскаму ўраду павялічыць выдаткі на абарону, у тым ліку на мадэрнізацыю Камандавання паўночна-касмічнай абароны Паўднёвай Амерыкі (North American Aerospace Defense Command — NORAD).

NORAD з’яўлялася цэнтральнай часткай амерыканскай і канадскай ваеннай стратэгіі стрымлівання ў часы халоднай вайны з СССР. Яна была распрацаваная яшчэ ў 1950-х. Гэта абарончая сістэма складалася з сеткі спадарожнікаў, наземнай радыёлакацыйнай станцыі і ваенна-паветраных баз, якія размяшчаліся ў асноўным на тэрыторыі Аляскі і ў канадскай Арктыцы. Гэта сістэма мусіла папярэджваць саюзнікаў пра напады з поўначы.

Аднак сістэма, якая калісьці лічылася перадавой, цяпер састарэла. Новыя ракеты, якімі валодаюць Расія і Кітай, маюць у 5 разоў большую хуткасць за хуткасць гуку, а таксама могуць пралятаць нашмат большую адлегласць, чым папярэднія мадэлі. Менавіта таму арктычная сістэма больш не можа іх адсочваць, сцвярджае Майкл Доўсан (Michael Dawson), былы канадскі палітычны дарадца пры NORAD.

Да таго ж, раставанне палярных ільдоў робіць Паўночны Ледавіты акіян больш даступным, што стварае новыя слабыя месцы ў абарончай сістэме Канады і ЗША, папярэджваюць чыноўнікі.

«Арктыка больш не з’яўляецца непераадольнай сцяной, а акіяны сталі не абаронай, а шляхамі для праходу сучасных перадавых узбраенняў», — сцвярджае былы амерыканскі генерал Тэрэнс О‘Шанэсі (Terrence O’Shaugnessy).

Байдэн заявіў, што абедзве краіны дамовіліся мадэрнізаваць сістэму NORAD, якая кантралюецца абодвума ўрадамі.

Дзярждэпартамент ЗША адзначыў, што абарончая сістэма NORAD цяпер будзе адным з ключавых прыярытэтаў у двухбаковых адносінах паміж ЗША і Канадай.

Амерыканскае кіраўніцтва ўзброеных сіл і палітычныя лідары разглядаюць NORAD як важны інструмент у адказ на ваенную прысутнасць Расіі і Кітая, якая з гадамі толькі павялічваецца, у Арктыцы. Расія будуе парты ўздоўж Паўночнага марскога шляху — судаходнага шляху, які праходзіць уздоўж паўночнага ўзбярэжжа краіны. Палітыка Расіі накіравана на ўзмацненне ваеннага патэнцыялу ў Арктычным рэгіёне, пра што сведчыць павелічэнне колькасці ваенных аэрадромаў, ваенных баз і сістэм супрацьпаветранай абароны.

Кітай разглядае Арктыку як важны маршрут марскіх перавозак. Таксама краіна інвестуе ў пабудоўлю шахт на поўначы, каб атрымаць доступ да нікелю, цынку і золата. Кітай ужо даставіў у рэгіён свае ледаколы.

Па ацэнках экспертаў, увесь працэс мадэрнізацыі NORAD можа каштаваць каля $15 мільярдаў. Для Канады гэта сур’ёзныя расходы, бо штогадовы ваенны бюджэт краіны, які дасягае $19 мільярдаў, складае менш за 3% ад ваеннага бюджэту ЗША, які ацэньваецца ў $700 мільярдаў.

Аднак канадскія чыноўнікі публічна заявілі аб неабходнасці мадэрнізацыі арктычнай сістэмы. Харджыт Саджан, міністр абароны Канады, заявіў, што краіна ўжо пачала працу ў гэтым накірунку. Летась у Арктыцы з’явіліся новыя патрульныя караблі, а таксама у рэгіёне прымянілі новую спадарожнікавую тэхналогію, якая мусіць палепшыць якасць сачэння за Арктыкай.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера