Знайсці
03.03.2021 / 12:22

Знаёмцеся з трохлапай, але спрытнай коткай Ледзі — тварам А1 у TikTok ФОТЫ

Гэтая Ледзі ходзіць на трох лапах, умее ўцірацца ў давер і любіць сядзець у планшэце. Завіталі ў госці да коткі, якая рыхтуецца стаць зоркай TikTok — менавіта Ледзі будзе адным з твараў брэнда А1 у любімай сацыяльнай сетцы моладзі. 

Павялічыць

«Калі яе знайшлі, у Ледзі быў пералом лапы ў двух месцах»

На парозе сустракае Маня — старэйшая з котак. Прынюхваецца, углядаецца ў незнаёмых візіцёраў.

«Ёй гадоў 13. Гэта яшчэ не надта шмат — у нас у стрыечнай сястры кату было 22. Праўда, ён быў пародзісты, тайскі. Не ведаю, гэта асаблівасці пароды ці проста добры догляд», — кажа гаспадыня Таццяна Батура.

Павялічыць

Ледзі і Кася

Котак у кватэры тры. Маню калісьці прынесла Таццяніна сястра — узяла ў жанчыны на рынку. Сярэднюю Касю (ёй 6 год) падабралі кацянятам у двары.

«Узялі першапачаткова пралячыць, бо ў яе з вокам праблемы былі — нават цяпер бачны шрам, які застаўся. Але яна затрымалася. Кася чужых людзей баялася, не ведалі, як яе наогул камусьці аддаць. Дзіўна, што яна зараз не схавалася — напэўна, проста не паспела», — усміхаецца гаспадыня.

Павялічыць

Малодшая Ледзі — трохлапка, але самая спрытная: скача па канапе, ловіць цацачных мышэй. Гэта яна выйграла кастынг А1 і будзе весці свой блог у TikTok. Заяўку падала сястра Таццяны. Гаспадыня жартуе: не вядома, што за ролікі атрымаюцца, бо Ледзі робіць толькі тое, што ёй самой хочацца.

Павялічыць

Як гэта прыгажуня апынулася на вуліцы, невядома. Можа, праз тое, што ў заводчыкаў яна не ідэальна атрымалася (у гэтай пароды звычайна нос белы, а ў Ледзі з плямай), можа, гаспадару пасля траўмы было шкада грошай на лячэнне…

«Мы толькі прыстроілі рудага ката, як на наступны дзень я злавіла яе каля дома. Ледзі з’явілася ў кастрычніку, кульгала, адна лапка ў яе была траўмаваная. Котка не давалася нікому, была напужаная. А ў снежні я неяк выйшла ўвечары пакарміць усіх катоў і падышла да яе: Ледзі проста сядзела, відаць, надта дрэнна ёй было ўжо, спакойна пайшла на рукі. І пачалося — уся калядная прэмія сышла ветэрынару (усміхаецца).

Павялічыць

У яе быў пералом лапы ў двух месцах. Яшчэ і абсцэс утварыўся — калі я котку падняла, з дзіркі на жываце пацёк гной. У клініцы спачатку прамылі рану, потым два тыдні мы калолі антыбіётыкі. Лапу, сказалі дактары, лячыць бессэнсоўна, бо праз тое, што пералом запушчаны, будуць пастаянна запаляцца суставы — таму трэба выдаляць. Котка нармальна з гэтым справілася».

Дарэчы, пра мянушку Ледзі. Пакуль котка была на «бальнічным», насіла спецыяльны каўнер з блакітнай стужкай — вельмі падобны на дамскі капялюш старых часоў. Адсюль і пайшло.

«Першае кацяня прынесла дадому, калі мне было 15»

Павялічыць

Гаспадыня Таццяна — эканаміст з адукацыі, але жыццё занесла на тэлебачанне. Да нядаўняга часу яна працавала на АНТ рэдактаркай сайта.

Першае кацяня прынесла дадому, калі ёй было 15. Лячыць вазіла на Гурскага, бо іншых ветклінік тады яшчэ не было. Бяздомных кацянят у мікрараёне заўсёды хапала. Яны з сястрой шукалі ім гаспадароў (за ўвесь час уладкавалі каля 50), а пасля задумаліся пра тое, што варта стэрылізаваць дваровых котак, каб не павялічваць маштаб праблемы.

«Мама напачатку не вельмі добра да гэтага паставілася. Калі шмат жывёл дома збіралася, выпраўляла: пайшлі да метро пастаім, уладкуем. Але з часам звыкліся ўсе.

Раздражняе крыху, калі знаёмыя займаюцца развядзеннем і кажуць: мы ўладкуем усіх. Бо я разумею, што нават калі так, не факт, што ўсе застануцца ў доме. Да нас у двор штогод па дзве-тры коткі падкідаюць. І ім няпроста — іх жа выкідаюць дарослымі. Цяжка прызвычаіцца пасля кватэры да вуліцы».

Павялічыць

Палова Таццянінага заробку звычайна сыходзіла на ежу для бяздомных жывёл.

«Я стараюся браць якасны корм, бо бачыла, як пакутуюць каты, якім купляюць танны. Хутка ў іх мочакаменная хвароба пачынаецца — яна складана лечыцца, і пасля ледзь не на аўсянцы жывёле жыць».

Даводзілася сутыкацца дзяўчыне і з безадказнымі гаспадарамі. Неяк ёй вярнулі котку праз год пасля таго, як забралі. Скардзіліся, што то званітуе жывёлу, то шпалеры падзярэ. А ў саміх унучка, калі гулялася, вадзіла палачкай па сцяне — натуральна, котка хацела ўхапіць цацку.

Павялічыць

«Адна жанчына на Новы год з’язджала да сваёй сястры і прынесла ката ў двор. Я ўбачыла гэта, вылезла з акна спытаць, што адбываецца. Яна: «Вы тут корміце, мне сказалі, пакарміце майго пару тыдняў, я вярнуся — забяру». Не забрала. Пару разоў прыходзіла, нібыта шукала… Можа, у дарослага пакалення стаўленне да жывёл інакш выхоўвалі».

«Вам котку не трэба?» — прапануе Таццянін бацька.

«А ты кагосьці ўладкоўваеш?» — усміхаецца дачка.

«Вось там на акне сядзіць яшчэ адна», — звяртае ўвагу ён.

Павялічыць

На падаконніку з боку вуліцы (Таццяна жыве на першым паверсе) прыстроілася пухнатая котка. Водзіць лапамі па шкле, прыцягвае ўвагу, каб пакармілі. Кажуць, дама з характарам — жыве ў падвале адна, разагнала ўсіх іншых катоў.

«За ўвагу коткі не змагаюцца — калі спім, усе змяшчаюцца на мне»

Будучая зорка TikTok тым часам сядзіць у планшэце, глядзіць ютуб. Яе любімыя відэа — з мышамі і птушкамі. Ледзі спрабуе злавіць грызуна на экране, карауліць з іншага боку планшэта, але беспаспяхова — пікселевы звярок заўсёды паспявае знікнуць.

Павялічыць

З іншых любімых забаў коткі — сачыць за птушкамі ў акне, спаць у нагах гаспадыні і выпрошваць прысмакі. На заднія лапы яна стаць не можа, таму, калі нехта рэжа мяса на кухні, хапаецца за ручку шуфлядкі і вісіць, пазіраючы на ежу.

«Ледзі ведае падыход да іншых жывёл. Калі сястра са сваёй коткай прыязджае, хутка ў давер уціраецца. Паміж сабой гадаванцы не адразу паладзілі, да пахаў прывыкалі. Ледзі нейкі час асобна жыла, пакуль лячылася. Але паколькі ў нас часта каты і кацяняты бываюць, то старэйшыя звыкліся.

За ўвагу коткі не змагаюцца. У кожнай сваё месца — калі спім, усе змяшчаюцца на мне».

Павялічыць

З-за пушыстых шкодніц у кватэры часта бывае рамонт. У адным з пакояў шпалеры замянілі літаральна тыдзень таму. 

«У калідоры камяні прыклеены, бо Кася, калі хтосьці прыходзіць дадому, пацягваецца і сценку лапамі драпае. Псіхалогія кажа, што яна рада нас бачыць, але сляды застаюцца», — даруе любіміцам гаспадыня.

Ледзі на ложку ўжо без сіл — стамілася ад фотасесіі. Маня дык даўно спіць у кашолцы. Праважае сціплая Кася — напэўна, рада, што нарэшце гаспадыня будзе ў яе распараджэнні.

Павялічыць

Наталля Лубнеўская, фоты Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
сакавік красавік май
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30