Знайсці
26.02.2021 / 08:00РусŁacБел

Бацька медсястры з Віцебска, якой далі паўтара года: Мой сын служыць у АМАПе, перажывае за сястру 

Калі Юля папалася, брату не далі павышэння па службе.

22-гадовая Юлія Кашаверава ў мінулым годзе скончыла Віцебскі мэдычны каледж па спэцыяльнасьці «лячэбная справа» і 29 ліпеня паступіла на працу мэдычнай сястрой у 103-ю дэсантную брыгаду. Дзяўчыну звольнілі з працы 9 кастрычніка, пасьля таго як 4 кастрычніка яе затрымалі і завялі справу за ўдзел у акцыі па артыкуле 23.34.

Суд над ёю пачаўся 7 кастрычніка, справу накіравалі на дапрацоўку, а саму Юлію адпусьцілі. Але 20 кастрычніка на кватэру прыехалі чацьвёра супрацоўнікаў міліцыі, якія правялі вобшук і зноў затрымалі Юлію. З вобшукам прыяжджалі яшчэ і 22 кастрычніка. Справу завялі па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу («злоснае хуліганства»). Потым новы сьледчы перакваліфікаваў справу на частку 2 артыкула 339.

«Пасьля выпуску Юлія адпрацавала крыху больш за два месяцы, — кажа Свабодзе бацька Юліі Сяргей Кашавераў. — Дагэтуль яна вучылася ў іншай навучальнай установе, але там не спадабалася, вырашыла паступіць у мэдычны каледж. Гэта было яе рашэньне».

Сяргей Кашавераў — былы вайсковец, падпалкоўнік запасу, звольніўся ў 2013 годзе. За тры месяцы да затрыманьня Юліі ў яе памерла маці, якая хварэла на рак.

«Нам давалі пражыць пару месяцаў, мы пражылі год і тры, скажам так, крыху паваявалі, як маглі, — кажа Сяргей Кашавераў. — Гэта якраз быў Дзень настаўніка, я тады ёй напісаў, што якраз тры месяцы, як памерла маці. Яна сказала, што пойдзе ў краму, потым зьбіралася ў царкву. Паехала зь сяброўкай, узяла ўдзел у шэсьці. А да царквы вечарам не дайшла, яе забралі».

Сяргей Кашавераў нарадзіўся ва Ўкраіне, ажаніўся і застаўся ў Беларусі.

«Самы вялікі парадокс, што ў мяне яшчэ ёсьць сын, які служыць у Менскім абласным АМАПе, — кажа бацька Юліі Кашаверавай. — Калі Юля папалася, яму не далі прасоўваньня па службе. Здаваў нарматывы, павінен быў перайсьці ў іншую групу. Але з той прычыны, што на сястру распачалі крымінальную справу, ён не паехаў. Брат, вядома, перажывае за сястру».

Паводле Сяргея Кашаверава, Юлія паддалася эмоцыям, і справу трэба было разглядаць па адміністрацыйным, а не па крымінальным артыкуле.

«Гэта маё меркаваньне, і я яго трымаюся, — кажа ён. — Ёсьць відэа, выразна ўсё бачна, яна зрабіла тры ўдары, умяціна ў машыне 2 мілімэтры. Яе, па-руску кажучы, можна было кулаком выраўняць. А ёй палічылі яшчэ і бакавыя дзьверы, да якіх яна не дакраналася, зрабілі зь яе спачатку арганізатара, што маску нейкую здымала, а яна яе не здымала».

Бацька Юліі праглядаў запіс здарэньня на вялікім экране, бо на судзе яго глядзелі на ноўтбуку, а гэты памер не дазваляе ўсё заўважыць.

«Таго, што Юлія ў некага сарвала гэтую маску, няма нідзе. Яна падымала яе каля машыны, потым яна яе выпусьціла, калі пырснулі газ, і потым другі раз падняла. Усе відэа мы прадставілі суду, аднак суд палічыў, што яна нібыта сарвала. Хоць ніводзін з амапаўцаў ня бачыў і ня мог пацьвердзіць, што яна нешта здымала».

Сяргей кажа, што дачка ўдарыла па міліцэйскай машыне праз эмоцыі.

«Яшчэ калі вучылася ў каледжы, ехала ў аўтобусе, у пасажыра здарыўся прыступ эпілепсіі. Усе ўцяклі, а яна засталася, аказала першую мэдычную дапамогу, дастала язык. Патэлефанавала ў «хуткую» і адправіла, — кажа бацька. — Яна эмацыйна ўсё ўспрымае і імкнецца дапамагчы. І ў гэтым выпадку яна ўбачыла, што чалавек упаў, і ёй хацелася дапамагчы».

Сяргею Кашавераву ўжо дазволілі першае спатканьне з дачкой, яно адбудзецца ў бліжэйшыя дні. Ён кажа, што дачка памянялася і па лістах бачна, што «стала больш сурʼёзнай і дарослай».

«Я меркаваў, што дадуць нават больш, улічваючы сытуацыю і тое, якія ўсім даюць тэрміны. Але я чакаў умоўнага тэрміну. Далі 1,6 рэальнага. Але я лічу, што яна ўсё ўсьвядоміла і можна было вырашаць пытаньне ўмоўнага тэрміну».

Юлія прасіла перадаць ёй мэдычныя кнігі, аднак у СІЗА не дазволілі. Яна марыць на волі займацца сваёй любімай справай — мэдыцынай.

За сарваную з амапаўца кепку і ўвагнутасць на міліцэйскім аўто: у Віцебску судзяць 22-гадовую медсястру дэсантнікаў

У Віцебску пракурор папрасіў для медсястры 6 гадоў калоніі за тры ўдары па машыне

22-гадовай жыхарцы Віцебска, якая ўдарыла па міліцэйскім аўто, павінны былі вынесці прысуд. Але суд вырашыў разбірацца далей

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031