Знайсці
25.02.2021 / 19:39РусŁacБел

«Тое, што інспектар застаўся жывы, — гэта выпадковасць». Судзяць кіроўцу, які ўцякаў на разбітай машыне ад сотні сілавікоў у ноч інаўгурацыі

36-гадоваму мінчуку Аляксею Сцерлікаву пагражае да 5 гадоў зняволення за падзеі, якія разыграліся на праспекце Дзяржынскага і прылеглых вуліцах у ноч пасля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.
Сцерлікаў пакуль не мае статуса палітвязня.

Каля сотні сілавікоў абступілі аўтамабіль са Сцерлікавым і разбіваюць яго.

Працэс над ім пачаўся ў Заводскім судзе Мінска. Суддзя — Генадзь Янкоўскі. Пракурор — Вольга Дзіліндзевіч. На паседжанне пускаюць максімум шэсць чалавек, таму ў залу трапляюць не ўсе ахвотныя.

Позна ўвечары 23 верасня 2020 года Аляксей Сцерлікаў разам з 28-гадовай жонкай Таццянай ехалі на «Фальксвагене» (належыць кампаніі, дзе Сцерлікаў працуе намеснікам дырэктара) з кафэ каля станцыі «Міхалова». Там Таццяна выпіла піва, трохі пакаштаваў яго і Аляксей. Але насуперак інфармацыі з першасных міліцэйскіх прэс-рэлізаў п’яным ён не быў — з ягонымі 0,25 праміле можна кіраваць аўтамабілем.

Апроч іх, у машыне былі два хлопцы, якія папрасілі падкінуць іх у цэнтр. Калі яны ўцяклі з машыны, ніхто так і не зразумеў.

Аляксей з Таццянай ехалі па праспекце Дзяржынскага ў бок цэнтра, пакуль у раёне будынка гарадскога ДАІ не ўперліся ў сілавікоў. Рэч у тым, што за некаторы час да гэтага замарудзіўся рух па праспекце. На разгон патэнцыйных пратэстоўцаў кінулі спецтэхніку і як мінімум 100 сілавікоў. Як відаць на відэа, знятым з бліжэйшых дамоў, людзей выцягвалі з машын і збівалі.

Сцерлікавы на сваім «Фальксвагене» апынуліся ў цэнтры ўвагі. На машыну абрынуліся ўдары дубінкамі, лабавое шкло было разбітае ўшчэнт. Аляксей зрабіў эфектны разварот, пасля на пару імгненняў спыніўся. Да яго пабеглі ўсе сілавікі, што былі на праспекце, і кінуўся на ўцёкі па сустрэчцы. Ледзь не сутыкнуўся з аўтамабілем ДАІ, аднак выруліў, нягледзячы на тое, што праз лабавое шкло мала што было відаць. Некалькі аўтамабіляў ДАІ з мігалкамі адправіліся ў пагоню.

«Супрацоўнікі ДАІ яму ж нічога не зрабілі, каб іх баяцца і ўцякаць. Ён ехаў у лабавую, мы ўжо падрыхтаваліся да ўдара», — казаў на судзе адзін з інспектараў-сведак.

Калі паслухаць пракурора, то гісторыя пачалася менавіта ў гэты момант — калі разбіты «Фальксваген» праехаў міма аўтамабіляў ДАІ. Што было раней, абвінавачваннем не вывучаецца і не прагаворваецца.

Аляксей Сцерлікаў павярнуў з праспекта Дзяржынскага на Шчорса, адтуль на Чыгуначную, пасля развярнуўся, зноў апынуўся на Шчорса і ўрэшце збочыў на вузкую вуліцу Разінскай. Тут яго заціснулі два аўтамабілі ДАІ, «Шкода» і «Джылі».

Пасажыр першага з патрулёў, інспектар Каспяровіч, выскачыў са сваёй «Шкоды», кінуўся да «Фальксвагена», адчыніў дзверы кіроўцы і хацеў дастаць ключы запальвання. Але не паспеў — Сцерлікаў уключыў заднюю перадачу і рушыў заднім ходам.

«Я адскочыў, разумеючы, што мяне зацягне [пад машыну], — патлумачыў у судзе Каспяровіч.

Цікавая акалічнасць — працоўны дзень Каспяровіча пачаўся а 5-й раніцы, задоўга да пачатку інаўгурацыі. І працягваўся мінімум 19 гадзін з перапынкам на абед! Гэта адна з прычын таго, што яго нагрудная камера не працавала — акумулятара настолькі не можа хапіць. Дый самі інспектары казалі, што запіс працуе не ўвесь час, а толькі калі яны выйдуць з машыны і ўключаць камеру самі.

Дык вось, у момант, калі «Фальксваген паехаў назад, з задняга «Джылі» выбег іншы інспектар, Міхаіл Завадскі. Як можна ўбачыць на відэа — спачатку ён ударыўся аб заднюю частку «Фальксвагена», пасля чаго яго ўдарылі дзверы «Фальксвагена», адчыненыя Каспяровічам. Ад гэтага Завадскага адкінула на яго «Джылі».

Пасля гэтага інцыдэнту Завадскі правёў адзін дзень у бальніцы і яшчэ месяц на бальнічным. Як пазначана ў дакументах, інспектар ДАІ атрымаў атрымаў «сінякі і ранкі, якія не пацягнулі кароткачасовага расстройства здароўя». За гэта ён хоча 20 тысяч рублёў кампенсацыі. Чаму менавіта такая вялізная сума?

«Маё жыццё бясцэннае. Ацаніць яго я не магу», — заявіў інспектар ДАІ у судзе.

Праз некалькі метраў «Фальксваген» канчаткова спыніўся. Даішнікі выцягнулі Сцерлікава з машыны, хоць атрымалася не адразу — ён быў прышпілены.

Ён сцвярджае, што казаў: «Я не супраціўляюся. Што адбываецца?». Даішнікі ж пераконваюць, што чулі толькі словы «што адбываецца».

Сцерлікаў пакуль не даваў паказанняў у судзе, таму яго версія развіцця падзей да канца невядомая.

Яго жонка Таццяна патлумачыла, што яе паклалі на зямлю, пакуль мужа білі. Працэс затрымання адбываўся пад вокнамі жылых дамоў. Калі жыхары сталі крычаць з вокнаў і называць даішнікаў фашыстамі, збіццё спынілася.

Сцерлікава павезлі правяраць на алкаголь (аказаліся тыя самыя 0,25 праміле), пасля склалі некалькі пратаколаў па лініі ДАІ. Урэшце ён апынуўся на Акрэсціна, а праз некалькі дзён быў пераведзены ў СІЗА на Валадарскага, дзе знаходзіцца да гэтага часу.

Яму інкрымінуюць частку 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэкса — супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні, спалучаны з прымяненнем гвалту. Магчымае пакаранне — хімія да 5 гадоў ці калонія да 5 гадоў.

Але каб прызнаць чалавека вінаватым па гэтым артыкуле, трэба даказаць, што ён дзейнічаў знарок.

Пазіцыя Аляксея Сцерлікава і яго адваката Андрэя Бірукова ў тым, што наўмыснасці ў наездзе на даішніка не было — калі кіроўца ад’язджаў заднім ходам, ён не мог убачыць, хто падскоквае да машыны ззаду. Калі «наўмыснасць» усё ж прыбраць, то справа можа быць перакваліфікаваная на частку 1 артыкула 363. Пакаранне па ёй — ад папраўчых прац і арышту (яго максімальны тэрмін — 3 месяцы, што ўжо больш за адседжанае Сцерлікавым) да двух гадоў калоніі.

Праўда, пакуль непадобна да таго, каб 57-гадовы суддзя Генадзь Янкоўскі збіраўся трактаваць заканадаўства так, як і абарона.

У паслявыбарчы час Янкоўскі правёў каля 20 судоў па артыкуле 23.34, абсалютная большасць працэсаў скончвалася працяглымі суткамі для затрыманых дэманстрантаў.

Падчас першага дня суда ён адчытваў адваката, які задаваў пытанні сведкам-даішнікам — «Неяк так акцэнтуеце ўвагу… Вы паасцярожней з гэтым», — і, як выглядала, расстроіўся, калі аказалася, што ў канцы працоўнага дня давядзецца разглядаць яшчэ адно хадайніцтва абароны — аб змене меры стрымання на падпіску аб нявыездзе. Натуральна, Сцерлікава пакінулі за кратамі.

«Тое, што інспектар застаўся жывы, — гэта выпадковасць. Можна так сказаць?» — адно з выказванняў суддзі ў адрас сведкі-даішніка. 

Ягор Марціновіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031