Знайсці
24.02.2021 / 14:41РусŁacБел

У Гомелі зноў асудзілі кіроўцу, які п'яным насмерць збіў дзяцей, адседзеў, выпіў — і зноў збіў насмерць

У Гомелі вынеслі прысуд 46-гадоваму Уладзіміру Ганчарову, які летам збіў дваіх непаўналетніх веласіпедыстаў — дзяўчына ад атрыманых траўмаў памерла на месцы. І гэта не першае смяротнае ДТЗ мужчыны: некалькі гадоў таму пры такіх жа абставінах ён збіў пяцярых дзяцей у Ветцы, піша Tut.by.

Фота Алены Бычковай, Tut.by

Ганчарову далі сем гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму з прымусовым лячэннем ад алкагалізму.

Акрамя гэтага, пацярпелым бакам — 17-гадоваму Арцёму і маці загінулай Крысціны — выплацяць у якасці кампенсацыі маральнай шкоды 75 і 50 тысяч рублёў адпаведна.

Але плаціць гэтыя грошы павінна будзе жонка Ганчарова: яна ў судзе была грамадзянскім адказчыкам, бо з'яўляецца ўладальніцай машыны, на якой абвінавачаны здзейсніў смяротнае ДТЗ.

Жанчына пазоў не прызнала: паведаміла суду, што ў яе такіх грошай няма, прынесла даведкі з працы аб памеры заробку — ён не перавышае 300 рублёў.

Ганчароў прасіў суд не патрабаваць з жонкі грошай. «Ва ўсім вінаваты толькі я. Хай усё вешаюць на мяне і з мяне ўсё вылічваюць, буду выплачваць да канца свайго жыцця».

Трагедыя адбылася 18 ліпеня мінулага года недалёка ад аэрапорта Гомель. Ганчароў на сваіх «Жыгулях» з'ехаў на правую абочыну і там збіў 16-гадовых веласіпедыстаў Крысціну і Арцёма. Дзяўчыну адкінула на праезную частку дарогі, дзе на яе наехаў іншы аўтамабіль — Alfa Romeo. Ад атрыманых траўмаў яна памерла на месцы. Хлопца з траўмамі даставілі ў бальніцу. Пазней экспертыза ўстанавіла: Ганчароў быў п'яны, у яго крыві выявілі больш за два праміле алкаголю.

А потым аказалася, што некалькі гадоў таму Ганчароў ужо адседзеў за аналагічнае ДТЗ. У кастрычніку 2008 года ён, п'яны і без правоў, пратараніў у Ветцы кампанію дзяцей — тады загінулі два хлопчыкі, 10 і 13 гадоў. Пры гэтым кіроўца нават не спыніўся: пакінуў дзяцей паміраць на асфальце, прыехаў дадому і лёг спаць.

Ганчарова тады прысудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі (гэта было максімальнае пакаранне).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930