Знайсці
24.02.2021 / 13:10РусŁacБел

Біскуп Віцебскі забараніў апладзіраваць у храмах. Гэта выклікала палеміку

Вернікі ў Мінску апладысментамі вітаюць біскупа Тадэвуша Кандрусевіча пасля яго вяртання ў Беларусі. Фота Надзеі Бужан. 

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч выдаў пастанову аб забароне апладысментаў у касцёлах сваёй дыяцэзіі. Адначасова ён загадаў, каб Святую Камунію прымалі на каленях.

Гэтыя навацыі ў такой традыцыйнай структуры, як Касцёл, выклікалі дыскусіі. 

«Фсё сур'ёзна», — іранізуе ў каталіцкай групе ў фэйсбуку манах-капуцын Сяргей Мацюшонак з намёкам на тое, што гэта не справы першараднай важнасці, якімі сёння павінен займацца біскуп.

«Цудоўна, ніколі не пляскаю ў касцёле, вельмі гэта напамінала партыйныя сходы», — ухваляе пастанову біскупа Лілія Ігнатовіч.

«Навошта прымушаць усіх рабіць аднолькава? Няўжо для Хрыста настолькі важна, што мы, падыходзячы да Яго, павінны ўкленчыць? Чытаючы Святое Пісанне, можна сустрэцца з рознымі сітуацыямі дзе да Езуса падыходзяць розныя людзі і не ўсе яны адразу кідаюцца кленчыць, ды і Езус гэтага ім не загадвае, — піша ў лісце ў «Нашу Ніву» наш чытач Дзяніс Сухавараў. — І хіба Езус аздараўляў і выслухоўваў толькі тых, хто ўкленчыў перад Ім?» — дадае ён.

Крытыкуе ён і забарону апладысментаў.

«Апладысменты — гэта праява свецкая, бо людзі звычайна апладзіруюць у тэатры, таму не прыстойна рабіць гэта ў святым месцы. Але, з другога боку, плясканне ў далоні — гэта выраз радасці, задавальнення і падтрымкі. Няўжо гэта нешта благое і непрыстойнае? Калі вернікі — жывое Цела Хрыста — выражаюць гэтак, нават адно да аднаго, радасць і падтрымку, то можна сказаць, што сам Хрыстус апладзіруе. Дарэчы, апладысменты ў беларускім касцёле пераважна з’яўляюцца падчас «душпастырскіх аб’яў», якія натуральна могуць паслужаць падставай для такіх эмоцый як радасць, задавальненне і падтрымка, — піша Дзяніс Сухавараў і дадае. — Згадваюцца і іншыя каталіцкія касцёлы свету (напрыклад, у Афрыцы) дзе плясканне ў далоні, танцы ды іншыя «шумныя» практыкі падчас літургіі з’яўляюцца нормай».

Загад біскупа Віцебскага не распаўсюджваецца на іншыя дыяцэзіі краіны, у Мінску, Магілёве, Пінску і Тракелях апладзіраваць па-ранейшаму можна. Варта адзначыць, што дапаможны біскуп Аляксандр Яшэўскі, вікарый Магілёўскі пазітыўна адгукнуўся на віцебскую навацыю ў інстаграме: «Мужна, адважна і правільна!»

48-гадовы Алег Буткевіч быў прызначаны біскупам Віцебскім сем гадоў таму. Разам з 51-гадовымі Юрыем Касабуцкім (Мінск) і Юзафам Станеўскім (Гродна) ды 46-гадовым Аляксандрам Яшэўскім (Магілёў) ён належыць да маладога пакалення беларускіх прэлатаў, якія кіруюць Касцёлам ва ўсё больш свецкім грамадстве. Пастанова біскупа Буткевіча — спроба ахаваць «сакральнасць» храмавай прасторы, абараніць яе ад пранікнення свецкіх звычак і ўзмацніць урачыстасць абраду прычасця.

Сяргей Гезгала

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930