Знайсці
24.02.2021 / 13:15РусŁacБел

«Супрацоўнік ДАІ дастаў баявую зброю і накіраваў у мой бок». За замах на забойства супрацоўніка судзяць мінчука

Мінскі гарадскі суд 24 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 14 арт. 362) супраць 45-гадовага мінчука Аляксандра Троцкага. Паводле абвінавачвання, ён правёз 12 жніўня на капоце сваёй машыне супрацоўніка ДАІ Юрава, у выніку чаго той атрымаў цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя, паведамляе spring96.org.

Па словах Троцкага, яго машыну беспадстаўна спынілі людзі ў цёмным і балаклавах, а калі ён, баючыся за сваё жыццё, адмовіўся выйсці з машыны, супрацоўнік ДАІ «дастаў баявую зброю і накіраваў у яго бок, прыцэліўся проста ў галаву і падрыхтаваўся страляць».

Пасля затрымання Троцкага моцна збілі. З чэрапна-мазгавой траўмай пад канвоем і ў кайданках ён правёў у шпіталі тры тыдні. Затым Аляксандра Троцкага перавялі ў СІЗА-1 па крымінальнай справе за гвалт у дачыненні да міліцыянта (арт. 364 КК). Але перад перадачай справы ў пракуратуру следчыя перакваліфікавалі абвінавачанне на больш жорсткае — замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў. Справа разглядаецца пад старшынствам суддзі Сяргея Хрыпача. Пацярпелы супрацоўнік ДАІ Юраў на першае пасяджэнне не з'явіўся, бо хварэе на COVID-19.

У чым абвінавачваюць мужчыну?

Паводле абвінавачвання, кіроўца Аляксандр Троцкі ў перыяд часу з 19:50 да 19:55 12 жніўня на праезнай частцы на праспекце Пераможцаў па кірунку вуліцы Мельнікайтэ і праспекта Машэрава спыніў свой аўтамабіль «Шкода-кадзіак» па законным патрабаванні супрацоўніка ДАІ маёра міліцыі Юрава. На неаднаразовыя патрабаванні супрацоўніка АМАПа заглушыць рухавік, выйсці з аўтамабіля, адчыніць багажнае аддзяленне для агляду Троцкі катэгарычна адмовіўся ў грубай форме. Пры гэтым «рухавік наўмысна не заглушыў, з аўтамабіля не выйшаў, багажнае аддзяленне для надгляду не паказаў». Затым Троцкі, працягваючы знаходзіцца ў аўтамабілі, «маючы на мэце здзяйсненне забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў Юрава, жадаючы перашкодзіць яго законнай дзейнасці, з помсты Юраву за выкананне ім абавязкаў па забеспячэнні аховы грамадскага парадку, выкарыстоўваючы ў якасці прылады забойства крыніцу падвышанай грамадскай небяспекі — аўтамабіль «Шкода-кадзіак», наўмысна пачаў рух на Юрава, які стаяў каля капота».

Паводле абвінавачвання, калі супрацоўнік ДАІ ўпаў на капот і стукнуўся целам аб аўтамабіль, з мэтай рэалізацыі забойства Юрава Троцкі наўмысна працягнуў рух на аўтамабілі, калі той быў на капоце, «тым самым маючы намер на яго забойства». Давесці да канца забойства Юрава Троцкі не змог па незалежных ад яго абставінах, паколькі пацярпелы ў момант наезду знаходзіўся ў бронекамізэльцы. Юраў перакаціўся па капоце аўтамабіля, які рухаўся, і ўпаў на праезную частку. Пасля наезду Троцкі знік з месца здарэння. Такім чынам, на думку дзяржабвінаваўцы, Троцкі здзейсніў замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў у сувязі з выкананнем ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку — ч. 1 арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса.

Якія траўмы былі нанесеныя пацярпеламу?

Згодна з матэрыяламі справы, супрацоўніку ДАІ Юраву ў выніку дзеянняў Троцкага нанесеныя кровападцёкі правага перадплечча, левай бакавой паверхні тулава, драпіна на правай ступні, што адносіцца да цялесных пашкоджанняў, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя.

Мужчына цалкам віну не прызнае.

Што кажа на судзе сам Троцкі?

Аляксандр Троцкі ў судзе адмовіўся адказваць на пытанні дзяржабвінаваўцы, а зачытаў сваю пазіцыю з раней падрыхтаванага ім ліста. Ён адразу заявіў, што віну не прызнае.

Троцкі распавядае, што 12 жніўня ён вяртаўся дадому з працы. Ён хацеў выехаць на МКАД, але дарогі ў горадзе былі перакрытыя.

«Адзіным аптымальным маршрутам было выехаць на МКАД — праспект Пераможцаў. Калі я рухаўся па праспекце, я звярнуў увагу на групу людзей у цёмным адзенні і балаклавах, якія знаходзіліся на краі праезнай часткі. У некаторых з іх у руках была зброя. Адзін з іх выйшаў на праезную частку насустрач майму аўтамабілю. Ён перагарадзіў шлях і жэстам рукі падаў каманду спыніцца. Я падпарадкаваўся гэтаму патрабаванню. Як далей высветлілася, гэтыя людзі ў цёмным адзенні і са схаванымі балаклавамі асобамі былі супрацоўнікамі міліцыі. Да дзвярэй кіроўцы падышоў супрацоўнік, які мне перагарадзіў рух і падаў сігнал аб спыненні. Як далей высветлілася, гэта быў супрацоўнік АМАПа Карота. Ён у агрэсіўнай форме, не прадставіўшыся, без тлумачэння прычын запатрабаваў выйсці з аўтамабіля. У гэты момант да майго аўтамабіля падышлі іншыя супрацоўнікі, твары якіх былі схаваныя балаклавамі. Пры гэтым, устанавіць, што гэта супрацоўнікі АМАПа, а адзін з іх быў супрацоўнік ДАІ — было немагчыма. Прычыну спынення мне не абвясцілі. Юраў да мяне наогул не падыходзіў і да мяне не звяртаўся.

«Прыцэліўся мне проста ў галаву і падрыхтаваўся страляць»

Баючыся за сваю бяспеку з прычыны агрэсіўнасці гэтых асоб, я спытаў у Кароты, ці магу я заставацца ў аўтамабілі. Ніякай неабходнасці выходзіць з аўтамабіля не было. Ніякага правапарушэння я не здзяйсняў, ніхто не абвясціў мне, што я затрыманы і павінен выйсці з аўтамабіля. У гэты момант Карота паспрабаваў адчыніць дзверы кіроўцы звонку, але яны аказаліся заблакаваная. Тады Карота яшчэ ў больш агрэсіўнай форме запатрабаваў выйсці з аўтамабіля і адкрыць багажнік. Адначасова адзін супрацоўнік, які знаходзіўся з правага боку ад мяне, паспрабаваў адчыніць правыя пасажырскія дзверы, але яны таксама былі заблакаваныя. Я адказаў Кароце, што мне страшна і я баюся выходзіць з аўтамабіля, а адчыніць багажнік можна не выходзячы з аўтамабіля. Пры гэтым ні аднаго грубага або мацернага слова я не сказаў. Далей Карота рэзка зрабіў спробу адчыніць дзверы кіроўцы. Ён засунуў руку ў прыадчыненае акно і паспрабаваў выбіць акно локцем. Пры гэтым мне ніхто не паведаміў, што ў дачыненні да мяне можа быць ужытая фізічная сіла або спецсродкі.

Адразу ж пасля няўдалай спробы выбіць шкло Карота падаў сігнал і супрацоўнікі, якія стаялі вакол аўтамабіля, накіравалі зброю ў мой бок. Адначасова супрацоўнік ДАІ Юраў стаў наперадзе машыны за 1,5 метра, дастаў баявую зброю і накіраваў у мой бок, прыцэліўся мне прама ў галаву і падрыхтаваўся страляць». 

Скрыншот з відэа СК. Як мяркуецца, на ім пацярпелы супрацоўнік ДАІ. У руках ён трымае зброю

«Супрацоўнік ДАІ, спрабуючы спыніць аўтамабіль, скокнуў целам на капот»

Па словах Аляксандра, іншы супрацоўнік з прадметам у руках, падобным на малаток, накіраваўся да пасажырскіх дзвярэй.

«Моцна спалохаўшыся за сваё жыццё, я проста паспрабаваў з'ехаць з месца прыпынку. Для чаго вывернуў руль максімальна налева, крануўся з месца, спрабуючы нікога не закрануць. Пры гэтым Юраў, напэўна, спрабуючы спыніць аўтамабіль, скокнуў целам на капот, пасля чаго скаціўся ў бок, а я выехаў на паласу руху і паспрабаваў з'ехаць. Па аўтамабілі адкрылі агонь, пачалі страляць. Было зразумела, што па аўтамабілі было зроблена значна больш за тры стрэлы».

«Мяне жорстка і беспадстаўна збілі»

Як распавядае Аляксандр, на бліжэйшым скрыжаванні ён спыніў аўтамабіль і хацеў звярнуцца ў міліцыю, але ў гэты час яго спыніў іншы экіпаж ДАІ.

«Я выйшаў з аўтамабіля, мяне жорстка і беспадстаўна збілі, а аўтамабіль пашкодзілі. Пасля гэтага мяне неаднаразова збівалі з ужываннем дубінак, пісталета і з ужываннем газавага балончыка, распыліўшы мне яго ў твар. Практычна з самага пачатку збіцця самастойна перасоўвацца я ўжо не мог».

«Я проста хацеў з'ехаць, бо спалохаўся за сваё жыццё»

Троцкі яшчэ раз звярнуў увагу суда, што намеру на забойства ў яго не было, а ўсе яго дзеянні звязаныя толькі з тым, што ён «рэальна баяўся за сваё жыццё, бо абсалютна беспадстаўна на яго была накіраваная баявая зброя і супрацоўнікі міліцыі падрыхтаваліся страляць».

«Пры гэтым з двух бакоў без тлумачэння прычын асобы ў чорнай вопратцы, са схаванымі тварамі і без апазнавальных знакаў сталі выломліваць дзверы аўтамабіля. Я дапускаю, што ў выніку маіх дзеянняў былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні Юраву, аднак намеру ў мяне на гэта не было. Я проста хацеў з'ехаць, бо спалохаўся за сваё жыццё».

Таксама Аляксандр Троцкі адзначыў, што ён раней не ведаў Юрава, таму не мог яму помсціць за што-небудзь ці адчуваць да яго непрыязныя адносіны.

«Прашу суд вынесці апраўдальны прысуд. На пытанні адмаўляюся адказваць, карыстаючыся сваім правам», — сказаў напрыканцы Аляксандр.

Што адбылося пасля інцыдэнту?

12 жніўня прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава ў Telegram-канале паведаміла, што супрацоўніку міліцыі аказана медыцынская дапамога і ён дастаўлены ў медустанову. Аднак пра тое, што і кіроўца «Шкоды» Аляксандр Троцкі быў дастаўлены ў бальніцу пасля збіцця, Чамаданава змаўчала.

У 5-й клінічнай бальніцы мужчына знаходзіўся тры тыдні. За гэты час у палату да Аляксандра нікога з родных не пусцілі. Ён быў прыкуты кайданкамі да ложка, яго ахоўваў канвой. Трэцяга верасня Аляксандра з лякарні перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, дзе ён знаходзіцца і цяпер. Ірына распавядае, што яе муж у лістах піша, што цяпер «здароўе нядрэннае». 

У дачыненні да Аляксандра адразу распачалі крымінальную справу паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса — гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Аднак у снежні — перад перадачай справы ў пракуратуру — абвінавачванне перакваліфікавалі. Цяпер Аляксандра Троцкага абвінавачваюць па ч. 1 арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса — замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў у сувязі з выкананнем ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку.

Санкцыя артыкула 362 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў, пажыццёвае зняволенне, смяротнае пакаранне. Згодна з ч. 2 арт. 14 КК адказнасць за замах на злачынства наступае па тым жа артыкуле Кодэкса, што і за закончанае злачынства.

Што адбываецца на судзе?

Пацярпелы супрацоўнік ДАІ Юраў на першае пасяджэнне не з'явіўся, бо хварэе на COVID-19. З матэрыялаў справы стала вядома, што Аляксандр Троцкі пісаў заявы на ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да Юрава па наступных артыкулах:

  • Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання (арт. 147);
  • Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (арт. 426 КК).

Але па ўсіх артыкулах следчыя не нашлі падстаў для завядзення крымінальнай справы ў адносінах да супрацоўніка ДАІ.

«Збівалі і засоўвалі пісталет у рот»

На судзе агучылі паказанні Троцкага, дадзеныя ім падчас папярэдняга следства ў 5-ай бальніцы. Ён заяўляў, што яму пагражалі забойствам, збівалі і засоўвалі пісталет у рот, прыводзілі ў пачуццё нашатырам і працягвалі збіваць, ледзь не трапіў у кому.

«Мне былі нанесеныя цяжкія цялесныя пашкоджанні групай асоб», — зафіксавана ў пратаколах допыту.

Суддзя задаў пытанне, чаму ў паказаннях падчас следства Троцкі не ўказаў аб наездзе і супраціве. Троцкі адмовіўся ад адказу.

Падчас следства, калі стан здароўя Аляксандра стаў лепшым, Троцкі пагадзіўся даць паказанні, але адразу заявіў аб тым, што намеру ў яго не было, а ўсё тое, што адбылося — чыстая выпадковасць.

Следчыя запытваліся ў яго, чым ён займаўся 9, 10, 11 жніўня, але Троцкі адказваў, што не памятае, але ўдзелу ў мітынгах і беспарадках ён не прымаў. 

spring96.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031