Знайсці
24.02.2021 / 12:59РусŁacБел

Першыя выпускнікі Акадэміі інклюзіўных барыста атрымалі працу ў брэсцкай кавярні

Тыдзень у кавярні на Інтэрнацыянальнай 36, у флагманскай краме А1, вучыліся варыць каву студэнты Акадэміі «Інклюзіўны барыста». Новую прафесію атрымалі людзі з інваліднасцю з розных куткоў Беларусі. Трое з іх ужо гатовыя ехаць на працу ў Брэст — ім зрабілі афіцыйную прапанову. Кавярня адкрыецца ў сакавіку ў цэнтры продажаў А1 на Машэрава 17.

У лютым кіраўнік праекта, актывіст-вазочнік з Ліды Саша Аўдзевіч пры падтрымцы А1 арганізаваў курсы барыста з далейшым працаўладкаваннем для людзей з інваліднасцю. Паступіла больш за 70 заявак з усёй краіны. Патрабаванні былі простыя: жаданне і магчымасць прайсці навучанне ў Мінску і гатоўнасць пераехаць у Брэст.

Усе навучэнцы Акадэміі інклюзіўных барыста

Пасля анлайн-сумоўя былі адабраныя пяць чалавек. Чацвёра — вазочнікі з Бярозы, Бабруйска, Мінска, Полацка і чалавек невялікага росту з Гродна. Кожны атрымаў сертыфікат, а трое — прапанову аб працы. Цяпер іх чакае самы складаны перыяд — замацавацца на новым месцы: выпрабавальны тэрмін пачнецца з сакавіка. 

Дзмітрый Снітко

Дзмітрый Снітко з Бярозы — самы малады з усіх. Яму 23. Яго называюць «крыштальны чалавек» з-за рэдкай генетычнай паталогіі.

«Я даўно хацеў знайсці працу. У Бярозе гэта вельмі цяжка, таму што і варыянтаў мала, і на вазку наогул не хочуць браць. Усім патрэбны досвед працы, а яго няма. Праз гэта і адмаўляюць у працы. Па плане цэнтра занятасці ў якасці адаптацыі я працаваў аператарам ЭВМ год, але на гэтым усё і скончылася. Таму, вядома, на курсы ехаў з вялікім энтузіязмам. Як будзе далей — час пакажа. Бацькі вельмі рады пераменам у маім жыцці. Будучы працадаўца абяцаў дапамагчы з жыллём. Для мяне гэта вельмі важна».

Максім Яроцкі

Яшчэ адзін будучы супрацоўнік кавярні — 31-гадовы Максім Яроцкі. Чатыры гады таму ён зваліўся з дрэва, з вышыні шэсць метраў, і зламаў хрыбетнік. Няшчасце пасадзіла яго ў вазок, але не зламала. Навучыўся весці актыўны лад жыцця і ў новых умовах. Калі ўбачыў аб'яву, тут жа адправіў анкету і замовіў спецвагон з роднага Бабруйска ў Мінск. З моманту падзення гэта яго першая праца. Да трагедыі працаваў афіцыянтам, таму сфера грамадскага харчавання знаёмая.

«Хочацца развівацца, зрабіць кавярню найлепшай установай у Брэсце, пазнаёміцца з гэтым бізнэсам знутры і, магчыма, нешта сваё адкрыць у будучыні. Я люблю размаўляць з людзьмі, атрымліваю ад гэтага шмат пазітыўных эмоцый. Я вельмі натхнёны, таму што для вазочнікаў, калі і знаходзіцца нейкая праца, то як правіла, камунікацый з людзьмі ў ёй амаль няма».

Аляксей Сінкевіч

Трэці барыста — 33-гадовы Аляксей Сінкевіч з Полацку. Ён таксама лёгкі на ўздым. Да пераездаў яму не прывыкаць. На вазку перасоўваецца ўжо больш за 10 гадоў. «У 22 гады паехаў у Маскву на заробкі, каб аплачваць навучанне ў ВНУ. Тры тыдні папрацаваў, і мяне збіла машына на пешаходным пераходзе. Першы час сядзеў дома, не рухаўся зусім, быў замкнёны. Штуршком стала паралімпійскае фехтаванне». Каб займацца, пераехаў з Віцебску ў Полацк. Быў прызёрам чэмпіянатаў Еўропы, свету, этапаў кубка свету. Аб'ездзіў паўсвету.

Сёння ўсе яго пачынанні падтрымлівае жонка з маленькай дачкой, гатовая ісці за ім усюды. З Сашам Аўдзевічам Аляксей пазнаёміўся яшчэ ў Віцебску. «Заахвоцілі мяне добрай кавай. І мне гэта падабаецца, ляжыць душа. Планаваў адкрыць сваю кавярню ў Полацку, нават частку абсталявання купіў, але не знайшоў даступнай арэнды. Кавярня ў Брэсце для мяне — шанец ажыццявіць сваю мару. Адчуваю толькі адну перашкоду: бацькі ў Віцебску, а гэта амаль 700 км ад Брэста, унучку будуць рэдка бачыць. Але спадзяюся, што кавярні будуць і ў іншых гарадах адчыняцца. Таму пачну ў Брэсце, а там паглядзім».

У планах «Інклюзіўнага барыста» і А1 і далей адкрываць новыя кавярні. Таму з часам будзе магчымасць працаўладкавацца і ў іншых вучняў інклюзіўнай Акадэміі.

Чытайце таксама: Паглядзіце, якая неверагодная інклюзіўная кавярня адкрылася на Інтэрнацыянальнай у Мінску ФОТЫ

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930