Знайсці
23.02.2021 / 20:06РусŁacБел

У цэнтры Мінска проста ў траншэі знайшлі скарб з залатымі манетамі часоў Мікалая ІІ ФОТАФАКТ

24 залатыя манеты часоў Мікалая ІІ, упрыгажэнні і зубная каронка — такі скарб у цэнтры Мінска адшукаў гісторык і супрацоўнік Купалаўскага музея Павел Каралёў.

Фота Паўла Каралёва

Адбылося гэта ў парку Марата Казея, дзе цяпер ідзе рэканструкцыя інжынерных камунікацый. Паколькі Павел працуе непадалёк, то часта бывае там. Праглядае зямлю — раптам будаўнікі прапусцілі штосьці каштоўнае. І ўжо не раз знаходзіў цікавінкі: напрыклад, дарэвалюцыйны посуд канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

«Шкада мне, што прадметы старажытнасці часта патрапляюць у кузавы машыны і вывозяцца на будаўнічыя пляцоўкі або на смецце, — кажа ён. — Налазіўшыся, нахадзіўшыся, звярнуў увагу на нешта жоўтае ў зямлі. Падумаў, што савецкі пятак. Прыгледзеўся, аказалася залатая манета з профілем Мікалая ІІ. Затым яшчэ адна, яшчэ…»

Гісторык патэлефанаў археолагу Сяргею Дзярновічу, адказнаму за нагляд на гэтай тэрыторыі, і спыніў будаўнічыя працы.

«Гэта проста было. Мяне там ужо людзі ведаюць. Бывае, яны самі некаторыя рэчы нам перадаюць», — заўважае Павел.

У зямлі ён знайшоў 16 манет, пярсцёнак, ланцуг і зубную каронку на чатыры зубы. Калі прыбыла дапамога з металашукальнікам, дадалася яшчэ 8 манет. Побач быў кавалак тканіны ці скуры. Верагодна, у яго быў загорнуты скарб. Калі экскаватар рабіў траншэю, вузельчык і расхінуўся.

Знаходку перадалі ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук. Аказалася, усе манеты — залатыя, часоў Мікалая IІ і выдатнай захаванасці. 

«Я не звыклы да скарбаў — больш звыклы ратаваць падмуркі. Напрыклад, год таму ўдалося захаваць падмуркі дамоў Луцкевічаў. Іх заўважылі падчас будаўнічых прац у парку Янкі Купалы. На гэтым месцы мусіла прайсці некалькі траншэй. Я пісаў лісты, каб падмуркі не чапалі, і ў выніку іх удалося адстаяць», — згадвае супрацоўнік музея.

За аддадзены дзяржаве скарб Паўлу мусяць выплаціць узнагароду — 25% ад кошту знаходкі. Ацэнка, па яго словах, займае некалькі тыдняў. Гэтыя грошы Павел хацеў бы накіраваць на гістарычныя выставы.

У які музей патрапяць манеты, пакуль невядома. Гісторык спадзяецца, што яны змогуць упрыгожыць экспазіцыю Купалаўскага музея, дзе ён працуе, — у музея ёсць ліцэнзія на захаванне каштоўных матэрыялаў. 

Археолаг Сяргей Дзярновіч тлумачыць, што з пункту гледжання навукоўцаў гэта звычайная знаходка. Сем’і тады нярэдка назапашвалі золата на чорны дзень. На гэтым жа месцы трапляюцца і фрагменты керамікі XVII стагоддзя, што для спецыялістаў уяўляе большую каштоўнасць. Пасля Другой сусветнай вайны, калі ў парку праводзілі рэканструкцыю, грунт падвозіўся з іншых месцаў і атрымаўся перамяшаным. Таму ў зямлі сустракаюцца абсалютна розныя артэфакты.

НЛ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031