Знайсці
23.02.2021 / 21:12РусŁacБел

Навукоўцы: мабільныя дадаткі па адсочванні кантактаў дапамагаюць знізіць колькасць хворых на кавід

З пачатку пандэміі кавіду дзясяткі краін распрацавалі мабільныя дадаткі, каб дапамагчы ідэнтыфікаваць хворых на кавід людзей і спыніць перадачу віруса. Навукоўцы атрымліваюць усё больш доказаў, што такія дадаткі дапамагаюць прадухіліць заражэнне і з’яўляюцца карыснымі сродкамі аховы грамадскага здароўя.

Фота Depositphotos.com

Першапачаткова было складана рабіць высновы наконт таго, наколькі гэтыя дадаткі эфектыўныя, таму што большасць з іх, згодна з правіламі канфідэнцыйнасці, абмяжоўвае колькасць звестак, якія могуць збірацца з карыстальніка. Аднак апошнія даследаванні выявілі эфектыўнасць такіх праграм.

Дадаткі ўсталёўваюцца на смартфоны, а затым Bluetooth адсочвае, калі яго карыстальнікі знаходзяцца на адлегласці менш за 2 метры на працягу больш за 15 хвілін. Потым карыстальнікі дадатку атрымліваюць паведамленне, калі нехта, з кім яны ўступалі ў кантакт, мае станоўчы тэст на кавід. Гэта спрыяе прадухіленню інфекцыі, бо карыстальнік можа ў такім выпадку пайсці на каранцін ці зрабіць тэст.

9 лютага брытанскія даследчыкі апублікавалі вынікі працы дадатку ад Нацыянальнай службы аховы здароўя (NHS), што ў Вялікабрытаніі. Згодна з публікацыяй, дадатак выяўляе ўдвая больш тых, з кім кантактаваў інфікаваны, чым гэта магчыма зрабіць праз апытанне і іншыя традыцыйныя метады, паведамляе выданне Nature.

Даследчыкі падлічылі, што ў перыяд паміж кастрычнікам і снежнем мінулага года дадатак, верагодна, дапамог прадухіліць больш за 224 тысячы заражэнняў. Падобныя праграмы паказалі добры вынік і ў іншых краінах, напрыклад у Іспаніі і Швейцарыі.

Аднак навукоўцы знайшлі перашкоды для эфектыўнай працы дадаткаў, сярод якіх недасканалае ўзаемадзеянне праграмы з мясцовай сістэмай аховы здароўя. Напрыклад, у Швейцарыі карыстальнікі праграмы SwissCovid, у якіх быў выяўлены кавід, атрымліваюць ад медработніка код, які яны павінны ўвесці ў праграму, каб папярэдзіць пра кавід сваіх блізкіх кантактаў. Падчас другой хвалі пандэміі ў канцы 2020 года дактары мелі не так шмат часу, каб займацца генерацыяй гэтых кодаў.

Джаанна Мейзэл, біолаг з Арызонскага ўніверсітэта, лічыць, што працу падобных дадаткаў можна палепшыць, калі яны будуць вылічваць рызыку магчымага заражэння. Па яе меркаванні, гэтую рызыку можна вызначаць праз тое, наколькі лёгка перадаецца той ці іншы штам кавіду, які выяўлены ў чалавека, а таксама праз тое, дзе адбылося патэнцыйнае заражэнне — на вуліцы ці ў памяшканні.

НФ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера