Знайсці
23.02.2021 / 17:30

«Міс Беларусь-2008» Вольга Хіжынкова распавяла пра свой сакрэт поспеху і дала парады

Ужо ў гэты чацвер 57-гадовая беларуска Таццяна Брэдзелева пазмагаецца за тытул cамай прыгожай жанчыны ў свеце ў катэгорыі 46+. Міжнародны конкурс Ms. Top Of the World Classic будзе праходзіць у анлайн-фармаце і працягнецца тры дні.

Павялічыць

Таццяна Брэдзелева

Для Таццяны гэта зусім новы досвед. Яшчэ нядаўна яна была інжынерам па тэхнаглядзе і аб мадэльнай кар'еры нават не думала. Але цяпер, калі вольнага часу стала больш, вырашыла, што пара спрабаваць нешта новае. Напярэдадні конкурсу Таццяна сустрэлася з «Міс Беларусь-2008» і дасведчанай мадэллю Вольгай Хіжынковай, за плячыма ў якой велізарны досвед у індустрыі прыгажосці, каб даведацца аб правераных сакрэтах поспеху і падводных камянях, якія могуць чакаць яе на гэтым шляху. Аднак галоўны козыр Вольгі, які яна адкрыла, аказаўся просты: быць сабой.

Што такое «прыгожа старэць» і ці трэба старэць прыгожа? Гэтым пытаннем задаліся Вольга Хіжынкова, Таццяна Брэдзелева і Яўгенія Цюленева, нацыянальны дырэктар конкурсу. Сучаснасць патрабуе ад нас вечнай маладосці. Адны ўжо ў 20 гадоў паспяваюць перапробаваць усе магчымыя сродкі, маўляў, навошта чакаць, калі маршчыны з'явяцца. Іншыя, наадварот, абыходзяць бокам слоічкі з надпісам «антыэйдж», лічачы, што і ў 30 яшчэ рана выкарыстоўваць цяжкую артылерыю.

Павялічыць

Вольга Хіжынкова прызнаецца, што хоць і заўважае ў сябе мімічныя маршчынкі, але да ўколаў прыгажосці не звярталася:

— Усе ўжо нешта робяць, а я не спяшаюся.

Таццяна Брэдзелева падтрымлівае:

— Куды табе?! Няма нічога дрэннага ў дасягненнях ін'екцыйнай касметалогіі, але ўсяму свой час і разумны падыход.

Не хавае, што да эстэтычнай касметалогіі стала звяртацца ўжо пасля 50, але без фанатызму. Да гэтага — проста рэгулярны догляд скуры: пілінг, маскі, масаж. Бо якія жанчыны звяртаюць на сябе ўвагу? Дагледжаныя. Многія, выйшаўшы на пенсію, лічаць, што гэта лішняе: «Ды што мне? Закахацца? Замуж выходзіць? І так пойдзе».

— Дагледжанасць — гэта пра любоў да сябе, — упэўненая і Яўгенія Цюленева. — А чалавек, які не любіць сябе, не здольны палюбіць і іншых. Знешняе стаіць за ўнутраным. У гэтым і сэнс конкурсу — паказаць, што ўзрост нічога не значыць. У Італіі, Францыі ў рэстаранах адпачывае дарослае пакаленне і пенсіянеры, моладзь жа сабе рэстараны дазволіць не можа. Нашы ж жанчыны пасля 50 гадоў прысвячаюць усю сябе ўнукам ці побыту і са смуткам у вачах кажуць: «А мне нічога не трэба». Я лічу, што песціць сябе трэба ў любым узросце. Асабліва пенсіянерам, якія на добрае жыццё сабе зарабілі, годны адпачынак заслужылі.

Жанчыны ў адзін голас кажуць: з выхадам на пенсію жыццё не сканчаецца, наадварот, з'яўляецца шмат часу, каб займацца спортам і ўсім, што душы заўгодна. Таццяна гэтаму прыклад. Бачата, сальса, фітнэс, мадэлінг — што яна толькі не паспрабавала. 

Павялічыць

— Пасля конкурсу давядзецца дзяліцца сваім сакрэтам актыўнага даўгалецця з іншымі, — нацэльвае Яўгенія. — Каб і беларускія брэнды звярнулі ўвагу на жанчын ва ўзросце. Не толькі для рэкламы лекаў і танометраў, але і мабільных тэлефонаў, спа, трэнажораў, дзе да гэтага мы бачылі толькі Вольгу Хіжанкову.

Дарэчы, на конкурс адгукнулася нямала беларусак: прыйшло больш за 60 заявак, у тым ліку з Гродна, Гомеля, Магілёва, Віцебска, Глыбокага… Дасылалі свае фатаграфіі, рабілі відэавізітоўкі. Ва ўмовах не было ніякіх абмежаванняў па вазе, росце, аб'ёме таліі. Адзіная ўмова — старэйшыя за 46 гадоў. Самай узроставай удзельніцы — 73 гады. Трое дзяцей, шасцёра ўнукаў — і для яе гэта быў не першы конкурс. У выпрабаваннях бралі ўдзел прадстаўніцы самых розных прафесій: інжынеры, філолагі, маркетолагі, тэхнолагі. Усё праходзіла анлайн, праз жывыя трансляцыі. Яўгенія прызнаецца, што да апошняга не верыла ў поспех гэтага мерапрыемства, а ў выніку жанчыны ва ўзросце далі фору больш маладым.

— Дамы стварылі сапраўднае кам'юніці, — усміхаецца Яўгенія. — Яны хадзілі адна да адной у госці на старонкі ў сацыяльный сетках, каментавалі, дзяліліся рэцэптамі, абмяркоўвалі і сакрэты маладосці, і ўнукаў, і тое, як варыць баршчы. Атрымалася яшчэ больш жыва і нават больш цікава, чым на афлайн-конкурсе. 

— Мінулы год пагрузіў нас у анлайн-жыццё, — згаджаецца Таццяна. — І для мяне яно стала другім светам. Анлайн-трэніроўкі па фітнэсе, курсы кулінарнага мастацтва — гэта толькі тое нямногае, што ўвайшло ў мой штодзённы графік. Часта кажуць, што пасля 50 жыццё толькі пачынаецца. Я б сказала так: пасля 50 яно зноўку плануецца. Я запісалася на курсы мадэлінгу: дэфіле, акцёрскае майстэрства, узроставы мэйкап, фоташоп. Рассылала свае фота ў розныя агенцтвы. Але сутыкнулася з тым, што і тут ёсць свае стандарты: попыт на сівыя валасы і вострыя рысы твару.

Павялічыць

— А паўдзельнічаць у конкурсе што падштурхнула? — цікавіцца Вольга Хіжынкова.

— Сын, — прызнаецца Таццяна. — Калі б не ён, я б наўрад ці адважылася. Менавіта Мікалай убачыў аб'яву аб кастынгу, распавёў Таццяне пра конкурс і надаў упэўненасці: «Мама — ты каралева!» Сын — яе галоўны матыватар і апора ў жыцці. Выхоўвала яго адна, муж загінуў больш за 20 гадоў таму. Заўсёды ганарылася, што ён самастойна ўсяго дасягнуў у жыцці, у 33 гады стаў кіраўніком адной з вядомых беларускіх замежных кампаній. Цяпер сын маці апякуецца і рупіцца аб яе поспехах у сферы прыгажосці. У 57 хіба позна пачынаць?

— Цяпер і ў мадэляў узроставыя крытэрыі сціраюцца, — разважае Вольга Хіжынкова. — Запатрабаваныя як дзеці, так і дамы пенсійнага ўзросту. Рэкламны рынак развіваецца, змяняецца. У мадэлі цяпер няма ўзросту. І само паняцце конкурсаў прыгажосці трансфармавалася. Гэта пошук чалавека, які будзе ўвасабляць сабой тварэнне. Гэта не пра карцінку. Гэта пра напаўненне ў большай меры, чым пра знешнасць. Я адэпт натуральнасці. Лічу, што ні ў якім разе не трэба спрабаваць падагнаць сябе пад агульныя лякалы. Вы ведаеце свае моцныя бакі, тое, якая вы ёсць, і трэба імкнуцца быць сабой. Каб і ўсмешка, і слёзы — усё было ад душы. Нішто так не ўпрыгожвае чалавека, як пазітыўныя эмоцыі. 

Касцюмы на конкурс ужо пашытыя, відэавізітоўка змантаваная, фотасесіі пройдзеныя, таленты раскрытыя. Засталося толькі прывезці карону. «У нас вялікія шанцы, — упэўненыя кабеты. — Трымаем кулачкі».

Nina.nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28