Знайсці
26.02.2021 / 16:17РусŁacБел

«Мяне называлі дзядулем-каратыстам». Сустрэліся з 72-гадовым мужчынам, які ўдарыў амапаўца і атрымаў пяць год хіміі

Валеру — 72 гады, і летась яго першы раз у жыцці судзілі. За тое, што ён тры разы ударыў амапаўца. Прысуд — пяць год хатняй хіміі. «Мяне пасля назвалі дзядулем-каратыстам, — пасміхаецца Валер і следам уздыхае. — Дурная сітуацыя, насамрэч, атрымалася». Сустрэліся з мужчынам пасля апеляцыі, якая пакінула прысуд у сіле, і распыталі пра абставіны таго самага дня, калі «пенсіянер наўмысна ўжыў гвалт у дачыненні да амапаўца», а заадно даведаліся пра цікавосткі з яго біяграфіі.

Валер Руднёў.

«Перабраўся з Кыргызстана ў Беларусь, бо тут лепшы клімат»

Валер — не карэнны беларус. Ëн нарадзіўся ў Фрунзе (сённяшні Бішкек) і пераехаў адтуль у Мінск толькі ў 1980-я гады.

«Я працаваў у Мінлегпраме, і ў беларускі наргас мяне накіравалі павучыцца на факультэце арганізатараў прамысловай вытворчасці. Мне вельмі спадабаўся мясцовы клімат, падабалася хадзіць летам у пінжаку, а не пакутаваць ад саракаградуснай спёкі. Так што я ўсё кінуў у Фрунзе і перабраўся ў Мінск», — згадвае суразмоўца.

У Мінску Валерый працаваў галоўным энергетыкам Мінскага райвыканкама. Пасля перайшоў на працу ў «Белкаапсаюз» на пасаду галоўнага механіка, ажаніўся.

«А потым мне прапанавалі заняцца атамнай энергетыкай, я і пагадзіўся. Працаваў на крайняй поўначы ў горадзе Палярныя Зоры: займаўся пускам новых блокаў атамных станцый. Там у нас з жонкай нарадзілася дачка. У Беларусь вярнуліся ў 2000-м. Пабудавалі дом ва Уздзе, бліжэй да прыроды, там і жылі. Праз чатыры гады жонка, на жаль, памерла пасля хваробы.

Валер у маладосці.

Ужо калі дачка падрасла, Валер вырашыў, што няма сэнсу аднаму жыць у вялікім доме і зноў вярнуўся ў Мінск, дзе сустрэў сваё другое каханне. Неўзабаве пара пабралася шлюбам.

«Бабарыка — той фундаментальны лідар, які мог бы падняць краіну»

Валер расказвае, што хоць у 1994 годзе, калі праходзілі першыя прэзідэнцкія выбары, працаваў на поўначы, усё ж сачыў за палітычнымі падзеямі.

«Лукашэнка, на мой погляд, не падыходзіў на пасаду кіраўніка краіны. Хоць, калі шчыра, і іншых лідараў я таксама не асабліва пасля бачыў…»

Выключэннем стаў 2020-ты год, у якім на пасаду кандыдата ў прэзідэнты вылучыўся экс-банкір Віктар Бабарыка. Валер прызнаецца: менавіта ў ім ён убачыў фундаментальнага лідара, чалавека, які здолеў бы аб’яднаць краіну і вывесці яе з эканамічнага крызісу.

«На жаль, Бабарыку не зарэгістравалі, таму ў выніку я галасаваў за Ціханоўскую», — кажа мужчына. Да выбараў Валер не збіраўся выходзіць на вуліцу, але намаляваныя, на яго погляд, 80% і той гвалт, што адбыўся, вымусілі ўдзельнічаць у першых жнівеньскіх акцыях.

«Мне ніколі не падабаўся стыль кіраўніцтва краінай, у выніку чаго ў нас стварылася адзінаўладдзе, якое замяніла сабою тыя тры галіны ўлады, што ўласцівыя дэмакратычнай дзяржаве. Некаторыя знаёмыя расіяне казалі мне: «У вас ён малайчына, захаваў прамысловасць». Але ці можна гаварыць пра эфектыўнасць прамысловай вытворчасці і эканомікі, калі перад краінай штогод паўстае праблема, дзе ўзяць крэдыты? Шматлікія пенсіянеры атрымліваюць па 300 рублёў пенсіі, менавіта таму ўсе яны і выйшлі на маршы. Ну, і за сваіх дзяцей, унукаў».

«Нехта зачапіў мяне і разбіў вусны, пашкодзіў зубны мосцік»

Як расказвае суразмоўца, у дзень свайго фатальнага затрымання ён проста выйшаў на традыцыйны вечаровы шпацыр: пенсіянер штодзень праходзіць 10 тысяч крокаў і адціскаецца мінімум 60 разоў. Хто ведаў, што акцыя ў падтрымку Марыі Калеснікавай, якая ў той дзень парвала свой пашпарт, каб не даць сілай вывезці сябе за мяжу, пройдзе амаль пад вокнамі дома Валера, на скрыжаванні Машэрава і Куйбышава.

Затрыманні людзей пасля акцый 8 верасня 2020 года.

Валер апісвае, як усё адбывалася ў той вечар:

«Я калі выйшаў на вуліцу, адразу пачуў крыкі «Ганьба». Відаць, кагосьці папярэдне ўжо затрымалі. У мяне дрэнны зрок, таму я вырашыў падысці бліжэй да натоўпу. Распытаць, што адбываецца. На вуліцы, акрамя звычайных грамадзян, стаялі людзі, апранутыя як у ваенную форму без апазнавальных знакаў, так і ў цывільную. І вось у нейкі момант хлопец з натоўпу пачаў крычаць людзям у ачапленні: «Хто вы такія?». Тыя на яго паляцелі. І ў гэтым хаосе нехта, прабягаючы міма, зачапіў мяне, ударыў з боку па твары (потым я высветліў, што мне разбілі вусны і пашкодзілі зубны мосцік). Калі я падняў вочы пасля ўдару, то ўбачыў, што ад мяне адбягае хлопец у зялёнай куртцы. Я вырашыў, што гэта ён мяне ўдарыў, дагнаў яго, развярнуў. Спытаў: «Што ж ты робіш?» А далей ён ці адштурхнуў мяне, ці паслаў. Ну і адбыўся канфлікт. Можа, уз'юрылася руская кроў: усё ж вы бачыце па Расіі, Кыргызстане, што людзі там больш гарачыя. Можа, таму хлопцу выпадкова трапілі мае ўдары, і гэта самае крыўднае для мяне… На вочнай стаўцы ён пасля ўсё адмаўляў».

Пасля канфлікту з амапаўцам на Валерыя наляцела ўжо агулам чацвёра мужчын. Ударылі па назе, павалілі пенсіянера і панеслі ў бусік.

Двое сутак пенсіянер правёў у адзіночнай бетоннай камеры Савецкага РУУС без ежы і абутку: боты згубілі, пакуль цягнулі мужчыну ў бус. Пасля допыту следчага Валерыя перавялі на Акрэсціна, адкуль адпусцілі праз яшчэ адны суткі пад паруку дачкі і жонкі.

«Жонка даведалася, дзе я, толькі на другія суткі: следчая дазволіла мне патэлефанаваць. Акрамя жорсткага моманту затрымання, мяне не чапалі фізічна — думаю, паўплываў мой узрост. Тое самае можна сказаць і пра далейшы прысуд: калі б не гады і другая група інваліднасці, можа б, мяне пакінулі за кратамі, ізалявалі».

«У хуткім часе ўбачым перамены ў краіне»

Судовы працэс па справе Валерыя цягнуўся два дні. Суд прызнаў мужчыну вінаватым «у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці» і вынес пакаранне, запатрабаванае пракурорам: абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову на пяць гадоў.

«Гэты амапавец, з якім атрымаўся канфлікт, аказаўся прыстойным хлопцам: нават не падаў на маральную шкоду і ў судзе прасіў мяне строга не караць. Прэтэнзій у яго да мяне не было. Тое, што са мной адбылося, сумна, але, думаю, мы гэта вытрымаем і ў хуткім часе ўбачым перамены ў краіне», — гаворыць Валерый.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031