Знайсці
27.02.2021 / 16:23РусŁacБел

«Будучыню бачу ў Крэве». Гутарка з першакурсніцай, якая пераехала з Украіны ў беларускую вёску і пачала размаўляць па-беларуску

«Аднагодкі кажуць, што я не сучасная», — усміхаецца Кацярына Янголь. У той час, калі моладзь імкнецца ў сталіцу, яна з нецярпеннем чакае выходных, каб паехаць у Крэва. Цудоўна размаўляе па-беларуску, хоць нарадзілася ў іншай краіне. Пагутарылі з дзяўчынай пра любоў да вёскі, знаёмства з паэтам Уладзімірам Някляевым і маладое пакаленне.

Пра пераезд з Данецкай вобласці і беларускамоўную школу

Кацярыне 17 год. Апошнія пяць яна жыве ў Беларусі — шасцікласніцай пераехала разам з бацькамі і малодшым братам з Украіны. У яе родны Чырвонаармейск (цяпер называецца Пакроўск) Данецкай вобласці прыйшла вайна.

«Мая маці чула гукі выстралаў. У нашым горадзе тэхніка стаяла, напружаная атмасфера была. У школе расказвалі, дзе хавацца, калі нешта адбудзецца. Мама хвалявалася за будучыню маю і брата, і таму мы вырашылі пераехаць. Гэта быў 2015 год, — расказвае дзяўчына. — 

Мы прыехалі ў Смаргонь да знаёмых бацькі, а потым ужо нас адправілі па раёне шукаць, дзе можна жыць і працаваць. Былі цяжкасці з тым, каб уладкавацца. Мы з’ездзілі ў адно мястэчка, у іншае — і нарэшце трапілі ў Крэва».

Бацькам знайшлося месца ў гаспадарцы — тата, які раней працаваў на чыгунцы, пайшоў кіроўцам, мама — на склад. А Кацярыну ўзялі ў беларускамоўную школу. Яна цяпер, дарэчы, цудоўна размаўляе па-беларуску.

«Мяне адразу заўважылі настаўнікі, пачалі ў мерапрыемствах запрашаць удзельнічаць. Я і экскурсаводам у школьным музеі была. Мабыць, гэта дало штуршок таму, што я стала размаўляць на беларускай мове.

Але напачатку было так. Пасля месяца вучобы ў Крэве мы пісалі сачыненне. Мне сказалі: рабі, як зможаш. Я пісала больш па-ўкраінску. І мяне потым пытала настаўніца: «А што такое гарны? Што значыць гэтае слова?» — успамінае Кацярына.

Дзяўчына кажа, цяпер у яе дзве радзімы. Яна не ўяўляе сябе без Крэва, але і па Украіне сумуе. У Чырвонаармейск, дзе стала больш-менш спакойна, яна пасля прыязджала — там засталіся бабуля з дзядулем.

Пра падлеткавыя тусоўкі ў Крэве і суседства з вядомым фатографам

Маленькае Крэва Кацярына палюбіла за цішыню і прыроду.

«Там нават дыхаецца лепей, — заўважае яна. — У Мінску вельмі шмат людзей, усе некуды спяшаюцца — а туды прыязджаеш, і так спакойна».

Падлеткі ў мястэчку ходзяць у музычную школу. Улетку выпраўляюцца ў паходы, а па вечарах гуляюць разам і спяваюць пад гітару.

«Сябруем усе — няма такога, што калі табе 10, а мне 16, цябе з сабой не возьмем. На танцы ходзім — у нас там ёсць мясцовы клуб: самі сабе ўключаем музыку і танчым».

Моладзь з Крэва часта пераязджае ў Смаргонь — раённы горад як-ніяк. Для Кацярыны там нічога цікавага. Сваю будучыню яна бачыць у Крэве. І не яна адна абірае ціхае мястэчка для сталага жыхарства.

«Калі я была ў 11 класе, да нас у першы клас прыйшлі з горада дзеці — пераехалі з бацькамі сюды», — дзеліцца дзяўчына.

Вядомы фатограф Сяргей Гапон, які таксама жыве ў Крэве, — сусед Кацярыны. Дом яго бацькоў стаіць насупраць ейнага. Сяргей нават здымаў яе выпускны. Калі бацькі старшакласнікаў вырашылі ў апошні момант замовіць фатографа, то не маглі знайсці вольнага, а Гапон пагадзіўся выручыць.

Летась, калі мястэчка рыхтавалася да фэсту, Кацярына пазнаёмілася з паэтам Уладзімірам Някляевым.

«Мы чысцілі яўрэйскія могілкі, і ён таксама прымаў удзел. Пасля сядзелі ля вогнішча — Уладзімір Някляеў і верш прачытаў, і самым актыўным кнігі падарыў. Я атрымала зборнік «Знічы кахання». Уладзімір Някляеў падпісаў яго «для крэўскай украінкі».

Пра тое, як удала выступіць на TEDx

З прапановай, як можна зрабіць любімае Крэва лепшым, Кацярына падалася на конкурс ідэй «Першыя» ад А1. Яна прапанавала ачысціць бераг мястэчка, пакласці там драўляны насціл і ладзіць танцы. Так можна прыцягнуць увагу і да традыцый, і да экалогіі — воды крэўскай рачулкі пераносяцца Бярозай, Нёманам і ўпадаюць у Балтыйскае мора. З гэтай ідэяй дзяўчына выйшла ў фінал і выступіла на канферэнцыі для моладзі TEDxYouth@Minsk. 

«Гэта месца, дзе можна адпачыць, атрымаць асалоду ад спеваў птушак, а калі мы будзем яго забруджваць, то прыгажосць знікне», — адзначае Кацярына.

Акурат цяпер ідзе набор у новы сезон адукацыйнага праекта ад А1 «Першыя». Гэта конкурс ідэй, як зрабіць свет вакол сябе лепшым. Вучні 9, 10 і 11-х класаў могуць падаць заяўку праз сайт www.generation.a1.by і займець магчымасць пракачаць сябе і як выступоўцаў, і як лідараў, а таксама пашырыць веды пра экалогію, тэхналогіі, інклюзію, культуру і ўрбаністыку. Гэта выдатная магчымасць апынуцца ў крэатыўным асяроддзі сярод таленавітых равеснікаў. Прыемны бонус: дзесяць пераможцаў атрымаюць новыя iPhone 12. 

Як удала выступіць на публіцы?

Кацярына дзеліцца некалькімі парадамі, пачутымі на варкшопах. Першае: адна думка — адзін сказ. Калі хочаце, каб вашу ідэю зразумелі, прамова мусіць быць лаканічнай і паслядоўнай. Другое — выходзіць без паперкі. Лепш пераказаць тэкст, гледзячы на аўдыторыю, чым зачытаць яго, няхай і з інтанацыяй. Трэцяе — не спяшацца.

«Хвалявацца можна было — я і хвалявалася, — смяецца Кацярына. — Нам дапамагалі рыхтавацца да выступу, але не ставілі межы, таму ў кожнага з нас атрымаліся тэксты, не падобныя адзін да аднаго».

Удзел у TEDx, дарэчы, плюс для тых, хто хоча павучыцца па абмене. Кацярына даведалася пра гэта летась, калі спрабавала падаць дакументы ў Стамбульскі ўніверсітэт. Праўда, планы давялося адкласці — для паездкі па абмену трэба было мець сярэдні бал за сесію вышэйшы за 8, а дзяўчына не мела рэйтынгу, бо толькі паступіла.

Пра падпрацоўку чатыры гадзіны на дзень і «лянівую» моладзь

Кацярына вучыцца ў МІТСО на лагіста. У вольны час спявае і падцягвае англійскую мову — глядзіць замежных блогераў.

Вольнага часу ў яе мала: першую палову дня дзяўчына праводзіць на парах, пасля па тры-чатыры гадзіны працуе на складзе.

«Клею стыкеры на тавары на прадпрыемстве, — тлумачыць яна. — На такую працу нескладана ўладкавацца, але цяжка з вучобай сумяшчаць».

Кацярына не марыць быць знакамітай. Хоча стаць добрым спецыялістам і прыносіць карысць Крэву. Пра сваё пакаленне дзяўчына кажа так: яны адкрытыя і ўсе вельмі розныя.

«Ведаю людзей, якія кажуць: ён так дзіўна апранаецца — мне не падабаецца. А мне, наадварот, падаецца цікавым, калі людзі робяць нешта, што мне не прыйшло б у галаву. Я часам думаю, што я не такая сучасная. Усе мае аднагодкі заўважаюць: ты такая правільная. Але, мабыць, гэта мая разынка.

Я б не сказала, што моладзь лянівая. Яна проста хоча рабіць тое, што ёй падабаецца».

Чытайце таксама: «Блогера А4 я не гляджу». Гутарка з 18-гадовым беларускім студэнтам, які марыць стаць прагрэсіўным чыноўнікам

Наталля Лубнеўская, фоты Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031