Знайсці
22.02.2021 / 18:34РусŁacБел

Беларускі бізнэсмен захаваў кантроль над трубаправодам ва Украіне, але спыніў транзіт дызпаліва

Мікалай Варабей, які валодае 51 адсоткам акцый украінскай кампаніі «Прикарпатзахідтранс», захоўвае кантроль над прадуктаправодам, нягледзячы на санкцыі, ухваленыя Радай нацыянальнай бяспекі і абароны Ўкраіны 19 лютага супраць Віктара Медведчука, які валодаў іншай часткай акцый гэтай кампаніі, піша Свабода.

«Прикарпатзахідтранс» эксплуатуе ўчастак нафтапрадуктаправода «Самара — Заходні кірунак» працягласцю каля 800 км. Ён прызначаны для прапампоўкі дызельнага паліва з Расіі і Беларусі для Украіны і транзіту ў Еўропу.

Згодна з украінскім заканадаўствам, падсанкцыйныя і арыштаваныя кампаніі і іхная маёмасьць перадаюцца ў кіраваньне АРМА — Нацыянальнаму агенцтву Ўкраіны ў пытаньнях знаходжаньня, вышуку і кіраваньня актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў. Але датычна кампаніі «Прикарпатзахідтранс» ёсьць нюансы.

Як паведаміў Свабодзе намесьнік старшыні АРМА Ўладзімір Паўленка, агенцтва пакуль не атрымала ніводных дакумэнтаў аб перадачы ў кіраваньне маёмасьці кампаніі «Прикарпатзахідтранс».

«Мае быць судовае рашэньне. Пакуль што такія дакумэнты не перадаваліся, але нам могуць перадаць усё што заўгодна. У суд па гэтым пытаньні мае зьвярнуцца пракуратура», — сказаў Уладзімір Паўленка.

Апроч таго, паводле прадстаўніка АРМА, Мікалай Варабей можа захаваць за сабой права кіраваньня кампаніяй:

«Гэта датычыць любых асобаў, чые актывы былі ці будуць перададзеныя АРМА. Любы чалавек можа прыйсьці і ўзяць удзел у нашым конкурсе, які абвяшчаецца на пошук асобы, якая будзе кіраваць арыштаванымі актывамі. Гэта азначае, што нават уласьнік можа часова зайсьці ў кіраваньне. Хіба толькі калі суд ў сваім рашэньні прадугледзіць забарону ўласьніку кіраваць і карыстацца актывамі», — удакладніў Уладзімір Паўленка.

Аднак, нават у выпадку судовай забароны Мікалай Варабей зможа аспрэчыць яе ў судовым парадку. У рашэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, зацьверджаным указам прэзыдэнта Ўкраіны, у сьпісе асобаў, супраць якіх уводзяцца санкцыі, прозьвішча беларускага бізнэсоўца адсутнічае.

«АРМА — гэта не праваахоўны орган, мы не адвакаты і ня судзьдзі. Мы проста выконваем тое, што нам перадаюць. Таму якім чынам гэты грамадзянін зьвязаны ці не зьвязаны (з санкцыямі — РС), і якім чынам абараняць ягоныя правы як інвэстара — гэта ня тыя пытаньні, за якія мы адказваем», — падкрэсьліў Уладзімір Паўленка.

У той жа час намесьнік кіраўніка АРМА дадаў, што існуе і такая практыка, калі актывы арыштоўваюць, але не перадаюць у кіраваньне агенцтву.

Што кажуць у самой кампаніі

У кампаніі «Прикарпатзахідтранс» лічаць беспадстаўным рашэньне Рады нацбясьпекі і абароны Ўкраіны.

«Лёзунг 1917 года «забяры і падзялі» зноў набірае папулярнасьць. Насьцярожваюць заявы высокапастаўленых чыноўнікаў пра «дзіўныя судовыя рашэньні», якія можна не выконваць. Пазасудовае пазбаўленьне права прыватнай уласнасьці становіцца штодзённай практыкай у нашай дзяржаве», — адзначаецца ў заяве кампаніі.

У дакумэнце падкрэсьлілі, што кампанія зьяўляецца «сацыяльна арыентаваным прадпрыемствам з празрыстай дзейнасьцю і структурай уласнасьці», у якім працуе 600 супрацоўнікаў.

Кампанія заявіла, што яе «законныя ўласьнікі будуць выкарыстоўваць усе даступныя сродкі для абароны прадпрыемства ад рэйдэрскага захопу пад лёзунгам нацыяналізацыі».

Паводле інфармацыі Свабоды, транспартаваньне нафтапрадуктаў па трубаправодзе спыненае з 15 лютага.

Чытайце таксама:
Украіна адбірае нафтапрадуктаправод у беларускага мультымільянера

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера